Зорны оперны спявак Ілля Сільчукоў пра пагрозы, ад'езд і ўладкаванне ў ЗША

«Сільчукоў быў іконай культуры ў роднай Беларусі, вядучым салістам Нацыянальнага тэатра оперы і балета, ён прадстаўляў сваю нацыю на афіцыйных дзяржаўных мерапрыемствах у краіне і за мяжой і выступаў у оперных тэатрах па ўсёй Еўропе. Ён жыў прывілеяваным і камфортным жыццём на радзіме, але адмовіўся ад яго пасля таго, як далучыўся да дзясяткаў тысяч беларусаў на выбарчых акцыях пратэсту, якія былі жорстка задушаны ўрадам Лукашэнкі», — піша «The Washington Post»

silczukou_1.jpg

Ілля жыў прывілеяваным і камфортным жыццём на сваёй радзіме.
І ён усё гэта кінуў.
Сільчукоў адважыўся выступіць супраць Аляксандра Лукашэнкі, які амаль тры дзесяцігоддзі жалезнай рукой кіруе былой савецкай рэспублікай.
Цяпер спявак жыве ў прыгарадзе Бостана са сваёй жонкай і трыма дзецьмі і выкладае музыку вучням сярэдняй школы, спрабуючы адрадзіць сваю кар’еру ў ЗША, дзе ён застаецца адносна невядомым. «Мяне ведаюць у Еўропе, але я ніколі не выступаў у Штатах, і гэта было для мяне як чысты ліст паперы, проста новая старонка, — сказаў ён падчас нядаўняга інтэрв’ю ў Бостане. — Тут нам прыйшлося пачынаць з нуля».
Калі Лукашэнка «выйграў» выбары ў 2020 годзе, якія яго апазіцыя і Захад палічылі сфальсіфікаванымі, Сільчукоў далучыўся да дзясяткаў тысяч беларусаў на пратэстах, што былі жорстка задушаны і прывялі да арыштаў тысяч людзей.
«Гэта было настолькі відавочна для ўсіх нас, што мы не маглі больш маўчаць», — кажа Ілля.Ён адмовіўся ад трох узнагарод, якія атрымаў асабіста ад Лукашэнкі.Сябры папярэдзілі яго пра небяспеку.
«Яны сказалі: "Што з табой не так? У цябе ёсць усё, што трэба", — успамінае ён. — У Беларусі мне добра плацілі, і я меў ад гэтага ўсе перавагі. Я адказаў: "Так, яны плацяць мне, але я ім не належу"».
Паводле слоў спевака, яго публічная нязгода з Лукашэнкам прывяла да таго, што яго звольнілі з оперы за «амаральны акт» і занеслі ў чорны спіс. У адказ ён здзейсніў яшчэ адзін акт непадпарадкавання — сваім барытонам запісаў на відэа рэлігійны беларускі гімн «Магутны Божа», які стаў своеасаблівым гімнам апазіцыі Лукашэнкі.
У сакавіку 2021 года сілавікі прыйшлі за яго жонкай Таняй і абвінавацілі яе ў махлярстве з нацыянальнай сістэмай падтрымкі дзяцей, фундаванай дзяржавай, а таксама застрашылі двума гадамі турмы. Ілля ўспрыняў гэта як дрэнна завуаляваную пагрозу разбурыць сям’ю.
«У многіх дзяцей у Беларусі абодва бацькі сядзяць у турме», — кажа спявак.
Калі яго дзеці скончылі школу ў маі таго ж года, сям’я спакавала чатыры валізкі з важнымі дакументамі і фатаграфіямі і вылецела з Беларусі ў Грузію, а затым у Сіэтл, дзе жывуць бацькі спевака.
Сям’я прыехала на Усходняе ўзбярэжжа каля года таму па прапанове Марыны Львовай, якая кіруе некамерцыйнай арганізацыяй «Беларусы» ў Бостане. Прыцягвала культурнае жыццё Бостана, блізкасць да Еўропы і актыўная беларуская дыяспара.
Львова і яе муж упершыню ўбачылі Сільчукова на адным з яго апошніх публічных выступленняў у Мінску і, паводле яе слоў, «закахаліся ў яго голас».
Але яе таксама ўразіла ягоная адвага ў супрацьстаянні Лукашэнку.
«Ілля — сапраўдны патрыёт Беларусі, — кажа Марына. — Вы не можаце дабіцца поспеху ў краіне, якая з’яўляецца турмой, і, на жаль, зараз наша краіна ёсць турмой».
Зараз Сільчукоў зарабляе на жыццё, дакладней — зводзіць канцы з канцамі, выкладаючы для вучняў 5-9 класаў у прыватнай школе «Star Academy».


«Неверагодна, што ён можа падзяліцца вопытам, атрыманым у найлепшых оперных тэатрах Еўропы», — кажа Маргарыта Друкер, судырэктар «Star Academy».
У школе шмат вучняў усходнееўрапейскага паходжання, у іх сем’ях ёсць падобныя гісторыі ўцёкаў ад прыгнёту.
«Для чалавека яго ўзроўню было вельмі мужна адмовіцца ад усяго, што ў яго было, і сысці ў такую вялікую нявызначанасць», — сказала Друкер.
Сільчукоў вярнуўся на сцэну, супрацоўнічаючы з піяністам Паўлам Нерсесянам, дацэнтам Бостанскага ўніверсітэта, на двух нядаўніх канцэртах у Бостане і Нью-Джэрсі.
Для гэтых выступленняў ён сабраў рэтраспектыву некаторых са сваіх любімых твораў, якія суправаджаюць яго кар’еру ад першых урокаў спеваў да працы ў нацыянальнай оперы, уключаючы «Папагена» з «Чароўнай флейты» і «Каваціна Фігара» з «Севільскага цырульніка». Ён завяршыў шоу тым, што ён назваў «жамчужынай канцэрта» — дуэтам са сваёй жонкай-меца-сапрана.
Нядаўна ў яго было праслухоўванне ў Бостанскай лірычнай оперы, ён спрабуе дабіцца праслухоўвання ў іншых оперных тэатрах ЗША, а таксама вядзе перамовы з амерыканскімі агентамі.
«Я чакаю са спадзяваннем», — кажа ён.
Адно з такіх спадзяванняў — вяртанне на радзіму.


Ілля застаецца на сувязі з сябрамі і калегамі ў Беларусі, якія «працуюць у страху», баючыся выступіць супраць Лукашэнкі.
«Мы спадзяёмся ўбачыць іх зноў, і абавязкова будзем спяваць нашы песні на плошчах у наш сапраўдны дзень незалежнасці», — кажа оперны спявак.