З Опернага сышоў яшчэ адзін знакавы артыст
З Нацыянальнага тэатра оперы і балета звольніўся па ўласным жаданні саліст і лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Павел Пятроў. А яго жонцы музыку Дар’і Шлык не працягнулі кантракт.
Як распавёў Павел Пятроў журналістам, апошнім часам ён працаваў у Оперным на чвэрць стаўкі і цяпер часцей выступае за мяжой. Таму, прыехаўшы нядаўна ў Мінск, напісаў заяву аб адпачынку за ўласны кошт, але заяву не падпісалі. Адпаведна, піша Беларускі партызан, пасля гэтага на стол дырэктара легла заява аб звальненні па ўласным жаданні.
Разам з Паўлам з калектыву сышла і яго жонка музыка Дар'я Шлык, якой не працягнулі кантракт.
Павел Пятроў, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, якія праходзілі ў Аўстрыі, Латвіі, Расіі, Польшчы і Малдове. У 2018 годзе Пятроў выйграў прэстыжны конкурс Operalia ў Лісабоне, які праходзіць пад кіраўніцтвам сусветна вядомага спевака Пласіда Дамінга. Таксама ён стаў уладальнікам прэміі Zarzuela, якая ўручаецца Дамінга.
Пасля перамогі на конкурсе кар'ера Пятрова пайшла ўверх. Апошнія гады спявак працуе ў трупе Опернага тэатра Граца (Аўстрыя). Пры гэтым да нядаўняга часу ён працягваў выступаць і ў Мінску, што было надзвычай прэстыжна для беларускага калектыву.
Варта адзначыць, што сыход Паўла Пятрова і яго жонкі — не адзіны за апошні час. За 2020 і 2021 год былі звольненыя дырыжоры Вячаслаў Воліч і Андрэй Галанаў, спявак Ілля Сільчукоў, канцэртмайстар Рэгіна Саркісава, скрыпачка Ала Джыган, альтыстка Аляксандра Пацёміна, хормайстар Іван Цітоў. ТЭАТР таксама не падоўжыў кантракты народнаму артысту Уладзіміру Пятрову, спявачкам Наталлі Акінінай і Кацярыне Галаўлёвай.
Па ўласным жаданні таксама сышлі адзін з лепшых маладых дырыжораў свету Дзмітрый Мацвіенка, а таксама рэжысёры Дар'я Пататурка і Алена Медзякова.