«За дапамогу Герасімені і Апейкіну» адвакат асуджаны на двухзначны тэрмін
У Мінску 10 красавіка абвясцілі прысуд вядомаму адвакату Аляксандру Данілевічу, якога абвінавачвалі ў дапамозе да заклікаў да санкцый і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Пра гэта паведамілі праваабаронцы.
Данілевіча прызналі вінаватым і прызначылі 10 гадоў пазбаўлення волі. Менавіта столькі і прасіў дзяржабвінаваўца.
Па версіі абвінавачання, адвакат
— Заклікі адрасаваліся замежнай дзяржаве, замежнай і міжнароднай арганізацыям і былі здзейсненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі Інтэрнэт, — казалі ў пракуратуры.
Нагадаем, 26 снежня 2022 года Мінскі гарадскі суд завочна прысудзіў трохразовую медалістку Алімпійскіх гульняў Аляксандру Герасіменю і спартовага функцыянера Аляксандра Апейкіна да 12 гадоў калоніі. Іх прызналі вінаватымі якраз па артыкуле аб закліках да санкцый.
Данілевіча таксама абвінавачвалі ў тым, што ён займаўся падрыхтоўкай і рэдактурай як мінімум трох зваротаў ад прадстаўнікоў стачкамаў, «у якіх выклаў загадзя ілжывыя звесткі аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, парушэнні правоў работнікаў, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дагаворныя адносіны з беларускім контрагентам».
У якасці прыкладу прыводзілася падрыхтоўка адвакатам лістоў і дакументаў у адрас нарвежскай кампаніі Yara, буйнога пакупніка прадукцыі ААТ "Беларуськалій".
Акрамя таго, заявілі ў пракуратуры, Данілевіч даў інтэрв'ю "экстрэмісцкаму" інтэрнэт-рэсурсу «Трыбун*».
Аляксандр Данілевіч — кандыдат юрыдычных навук, адвакат, былы выкладчык факультэта міжнародных адносін БДУ і дацэнт кафедры міжнароднага права.
У лютым 2022 года ён падпісаў адкрыты зварот адвакатаў і юрыстаў за спыненне вайны ва Украіне. У ВНУ яго прасілі адклікаць подпіс, а пасля адмовы гэта зрабіць не працягнулі з ім кантракт. А 21 траўня адваката затрымалі і адправілі ў СІЗА КДБ.