Выбіральны сталінізм. Чаму Караеў, кажучы пра кодэкс камуністаў, згадаў 1947 год, а не 1937-мы

Інтэрв’ю памочніка Лукашэнкі на дзяржаўным тэлеканале зрабіла фурор, але справа не толькі ў дзяжурным трызненні чарговага чыноўніка.

Курапаты, ілюстрацыйная выява

Курапаты, ілюстрацыйная выява


Памочнік Лукашэнкі, інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў даў інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу «СТБ». Сярод іншага паскардзіўся, што моладзь схіляецца да заходніх каштоўнасцей. І ў якасці антытэзы «тлятворнаму ўплыву» згадаў пра ранейшыя часы.
Вось жа, адзначыў былы міністр унутраных спраў, добра было пры Савецкім Саюзе, паспяхова супрацьстаялі «негатыўным заходнім ціскам».
«Вельмі добра атрымлівалася да 1947-га, да 1950 года. Ідэалогія савецкая, няхай яна ў чымсьці была неідэальная, недасканалая, але ж была заснавана на добрым. На добрых памкненнях людзей: роўнасці, братэрстве, свабодзе, сумленнасці. Як кажуць, кодэкс гонару камуністаў спісаны з біблейскіх запаветаў. У прынцыпе тое, што прапаведавалася, было абсалютна правільна. Там нічога кепскага не гаварылася», сказаў Юрый Караеў.
Незалежныя медыя, вядома, не абмінулі ўвагай выказванне лукашэнкаўскага генерала, хаця, здавалася б, нічога новага ён не сказаў. Хіба Караеў першы беларускі наменклатуршчык, які пасля 2020 года адкрыта настальгуе па часах таварыша Сталіна? Далёка не першы і далёка не апошні.
Стылістычна перыяд позняга лукашызму вельмі падобны да сталінізму. І рэпрэсіі ў краіне цалкам сталінскія, і турэмныя тэрміны сталінскія. І судзяць амаль тымі ж самымі «тройкамі», не зважаючы на закон, і катаванні практыкуюцца, нібыта з метадычак НКУС.
Хіба што пакуль не расстрэльваюць, але ўжо пагражаюць. Хіба што тэрмін «вораг народа» пакуль не ўжываюць, але «здрада дзяржаве» стала распаўсюджаным абвінавачаннем. Арт. 58 сталінскага крымінальнага кодэкса быў якраз пра гэта.
Аднак выказванне Караева мае і іншую адметнасць.
Кажучы пра сталінскія часы, ён чамусьці згадаў пасляваенныя 1947-1950 гады, а не самы росквіт змагання з контррэвалюцыяй і агентамі заходніх выведак — Вялікі тэрор 1937-1938-х. Як падаецца, Юрый Хаджымуратавіч зрабіў гэта невыпадкова.
Вядома, пасля вайны рэпрэсіі ў СССР трывалі. Людзей кідалі ў турмы, гнаілі ў лагерах. Былі і гучныя кейсы — тыя ж «Ленінградская справа» і «Справа ўрачоў». І ўсё ж размах быў не той, што ў 30-х. Часы былі адносна «вегетарыянскія», і наменклатура пачувалася больш-менш спакойна. Тыя гады Караеву ўспамінаць зручна і камфортна.
А вось падчас Вялікага тэрору спакой ім толькі сніўся. Жорны рэпрэсій круціліся так шпарка, што перамолвалі не толькі чужых, але і сваіх. Вялікі маштаб набылі чысткі ў самых розных, уключаючы сілавыя, ведамствах. Да сценкі пад кулю ў патыліцу масава ставілі вышэйшы камандны састаў арміі, бязлітасна распраўляліся з высокапастаўленымі супрацоўнікамі НКУС… Класіка таго крывавага жанру: расстрэл адразу двух наркамаў унутраных спраў. Спачатку за шпіянаж і здраду пакаралі смерцю Генрыха Ягоду. Потым «у расход» адправілі і ягонага пераемніка Мікалая Яжова. Дый увогуле нкуснікаў «пачысцілі» так, што лік рэпрэсаваных ішоў на тысячы.


Гэтыя гады Караеву да іншым лукашэнкаўцам успамінаць ужо не так прыемна. Бо занадта шмат спараджаецца выразных алюзій.
Ураджэнец Арджанікідзэ, Караеў дакладна не ацалеў бы ў 2020-м, каб тады панавалі парадкі 1937-га. Ён тады кіраваў МУС і не даў рады здушыць народны пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў. У нейкі момант, у жніўні, нават дапусціў злачыннае маладушша — выбачыўся перад збітымі ўдзельнікамі маніфестацый.
Гэта быў правал. І ў кастрычніку Лукашэнка адправіў міністра ў адстаўку.
Ці варта казаць, які лёс пасля такога фіяска чакаў бы генерала ў 30-х? Няварта, бо ўсё відавочна: контррэвалюцыйная дзейнасць, мяккацеласць і палітычная блізарукасць, праца на карысць заходніх лялькаводаў… У сталінскага суда проста не было б іншага выбару, акрамя як адправіць такога афіцэра на «Камунарку».
Лукашэнка, што праўда, такімі методыкамі не карыстаецца. Караева звольнілі, але нават на вуліцу не выгналі. Наадварот, знайшлі цёплае месца ў Гродзенскай вобласці, дзе ўчорашні міністр дбае пра «парадак», працягвае служыць рэжыму і дае ідэалагічна правільныя інтэрв’ю.
Але гэта не сведчыць аб тым, што такія захады ў лукашэнкаўскай Беларусі немагчымыя ў прынцыпе. Збліжэнне са сталінскімі практыкамі ў рэжыму ідзе бесперапынна. І, можа быць, беларускі 1937 год проста яшчэ не надышоў.