Ганна Севярынец: Хочацца проста нармальнага жыцця
Настаўніца і пісьменніца Ганна Севярынец зрабіла ў сваім фэйсбуку кранальны допіс пра незвычайныя абставіны, якія робяць звычайнае жыццё гераічным.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_krajavid___zbozza___neba___leta___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Тут унутры, канешне, вельмі цяжка. І не таму, што кожную раніцу прачынаешся да свету і не засынаеш болей, бо не хочацца, каб цябе выцягвалі з пасцелі, калі раптам прыйдуць. Да гэтага насамрэч прызвычайваешся і дасынаеш днём, тым больш што на працу-та хадзіць не трэба, можна і паспаць, тое на тое і выйшла.
Цяжка ад нейкага татальнага абясцэньвання нармальнай чалавечай стваральнай энергіі. Усё заменена эрзацамі. Усё навокал нейкае пластыкавае: музеі, адукацыя, гісторыя, каштоўнасці. Прычым адчуваецца, што ўсё навокал, чым заменена культура — часовае, зробленае на каленцы, хутка, не на гады, а вось на сёння. Але зроблена масава. Мне тут днямі спатрэбілася знайсці якую-небудзь карцінку на тэму «Беларусь». А там ўжо нешта парабілася з выдачай вынікаў — калі не ўключаць ВПН, выдаецца суцэльны жах. Перасталі таксама выдавацца спасылкі на фоты з заблакіраваных сайтаў, дык ілюстрацыйнага матэрыялу нармальнага зараз у сеціве знутры так проста не знойдзеш.
Цяпер асабліва разумееш, колькі ўсяго рабілася тут людзьмі, якія цяпер закатаныя пад асфальт. І раней было зразумела, а цяпер і зусім навідавоку.
![Ганна Севярынец: Не цярпенне — а трыванне Ганна Севярынец: Не цярпенне — а трыванне](/img/v1/images/hanna_sevjarynec_4.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
І калі ты жывёш проста нармальным жыццём (працягваеш чытаць, што хочаш, думаць, як хочаш, рабіць, як хочаш — памножанае на «як можаш»), то ўжо і сам памылкова ўспрымаеш гэта як нейкі подзвіг. Як пазіцыю.
А гэта проста нармальнае чалавечае жыццё.
У тэлеграм-канале адной экалагічнай ініцыятывы паглядзела ролік пра дом, які забяспечвае сябе вадой і энергіяй, перапрацоўваючы энергію дажджу і сонца. Так там усё прыгожа прадумана: фільтры, рэзервуары, трубачкі і трубы — усё такое разумна зробленае. Проста людзі проста жывуць і проста ствараюць.
Так хочацца проста дажыць не да феерверкаў і нават ужо не да шампанскага — проста да нармальнага жыцця.
![Вялікае інтэрв'ю з Ганнай Севярынец — пра цяперашні час і яго людзей Ганна Севярынец: Чалавек не можа і не мусіць мець усёдазволенасці, яму ў гэтым блага](/img/v1/images/5_416.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)