«Нямала будзе і тых, хто трымае дулю ў кішэні». Класкоўскі — пра татальную цэнзуру і ідэалагізацыю СМІ
Улады паслядоўна адсякаюць беларусам доступ да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, і цяперашняя зачыстка рэгіянальных СМІ сведчыць якраз пра гэта. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць, што рэжым стварае чарговага калоса на гліняных нагах.
У Беларусі зноў разгледзяць папраўкі ў Закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Як заявіла экс-міністарка інфармацыі, а цяпер дэпутатка і адказная за падрыхтоўку законапраекта Лілія Ананіч, прапанаваныя навацыі істотна пашыраць магчымасць рэгулятара «адэкватна і аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў СМІ і інтэрнэт-прасторы».
Паводле сцвярджэння дэпутаткі, «калі СМІ, інтэрнэт-рэсурсы — зброя, а гэта так, значыць і «боекамплекты» з усёй інфраструктурай мусяць быць адточаны па апошнім слове права».
Іншых падрабязнасцей пра законапраект пакуль няма. Аднак з улікам прыведзеных заяў і працягу «зачысткі» інфармацыйнага поля на рэгіянальным узроўні меркавана варта чакаць яшчэ больш жорсткіх рамак для дзейнасці медыя.
Нагадаем, Закон «Аб СМІ» рэдагаваўся ўсяго два гады таму. У 2021-м, у прыватнасці, з’явіліся забароны на анлайн-трансляцыі пратэстаў, на публікацыю сацапытанняў, праведзеных без акрэдытацыі (то-бок недзяржаўнымі ўстановамі), былі пашыраны магчымасці ўлад абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, таксама быў прыняты шэраг іншых законаў, якія закранаюць журналісцкую дзейнасць.
Чаму сёння спатрэбіліся новыя папраўкі і ці дойдуць у Беларусі да забароны сацсетак? Гэтыя пытанні «Филин» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам праекта @pozirkonline Аляксандрам Класкоўскім.
— Улады метадычна працягваюць закручваць гайкі ва ўсіх сферах, — зазначае эксперт, — гэта частка працэсу таталітарызацыі рэжыму, пра які гаворыць шэраг палітолагаў, у тым ліку праз «драканізацыю» заканадаўства, якое робіцца абсалютна нялюдскім.
Часткова такі маштабны заканатворчы працэс тлумачаць прыняццем новай Канстытуцыі — але насамрэч гэта патрэбы, што вынікаюць з сутнасці сістэмы: запалохаць грамадства, каб ніхто не мог узняць галавы, каб не было ніякай альтэрнатыўнай думкі, а тым болей альтэрнатыўнага дзеяння, што ў катэгорыях улад з’яўляецца «дэструктыўнай дзейнасцю».
Аналітык нагадвае: сёлета ў Беларусі змянілі заканадаўства аб партыях, фактычна прыняўшы таталітарную версію. Паводле яе, усе партыі мусяць развівацца ў рэчышчы рашэнняў так званага Усебеларускага народнага сходу, што спустошвае сам сэнс існавання партый, якія, па ідэі, мусяць мець адрозныя палітычныя платформы і канкурыраваць за ўладу. Таксама былі прыняты жорсткія рашэнні наконт грамадскіх аб’яднанняў і папраўкі ў Крымінальны кодэкс, што прадугледжваюць расстрэл за «здраду дзяржаве».
— Так і ў галіне СМІ, думаю, ставіцца задача канчаткова зачысціць інфармацыйную прастору, якая ў беларускім выпадку стала ўжо збольшага прапагандысцкай прасторай, дзе вядзе рэй прапаганда рэжыму Лукашэнкі, а таксама вольна пачуваецца прапаганда Крамля, — гаворыць Аляксандр Класкоўскі.
«Наезды» на слуцкі «Інфа-кур’ер», арышт галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты»Аляксандра Манцэвіча паказваюць, што ўлады імкнуцца дабіць рэшткі недзяржаўнай рэгіянальнай прэсы.
Рэжым заклапочаны тым, каб адсячы большасць грамадства ад альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, ад сацыяльных сетак. Тут сімптаматычна, што нават асабістыя старонкі некаторых журналістаў пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі матэрыяламі», то-бок палююць ужо прыцэльна.
Ці значыць гэта, што ў перспектыве нас чакае поўная забарона сацсетак і месенджараў — «Фэйсбука», «Тэлеграма», ці гэтыя рэсурсы ўсё ж патрэбныя самім уладам, каб прасоўваць прапагандысцкія наратывы? На думку аналітыка, прызнаваць іх цалкам «экстрэмісцкімі» ў Беларусі пакуль што наўрад ці стануць, але ў абноўленым законе могуць прадугледзець магчымасці блакіравання сацыяльных сетак, папулярных месенджараў і іншых платформаў, праз якія беларусы атрымліваюць «дэструктыўную інфармацыю».
— Гэта не азначае, што пасля прыняцця закона аўтаматычна забароняць «Фэйсбук» ці «Ютуб», але такую опцыю, мяркую, могуць прадугледзець. Тут беларускія ўлады глядзяць на Расію, дзе ў гэтым плане палітыка яшчэ больш жорсткая.
Звярніце ўвагу, калі Лілія Ананіч тлумачыла, нашто патрэбны гэтыя змены, яна згадала пра «существенные новации в плане симметричного ответа на возможные выпады недружественных стран в отношении белорусских медиа».
Думаю, тут маецца на ўвазе, што сацсеткі, той жа «Ютуб», блакіравалі каналы некаторых беларускіх прапагандыстаў, сілавікоў. І ў якасці «сіметрычнага адказу» можа быць такі крок: вы там, умоўна кажучы, Азаронка заблакіравалі ці канал ГУБАЗіКа — а мы ў адказ увесь ваш «Ютуб» закрыем, бо гэта зброя нашых ворагаў, якія хочуць зламаць і скрышыць канстытуцыйны лад Беларусі. Нейкі час таму кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант ужо анансаваў магчымасць такога кшталту захадаў.
І трэба прызнаць, звяртае ўвагу аналітык, што брутальныя захады ў інфармацыйным полі даюць рэжыму пэўны плён. Нават незалежная сацыялогія фіксуе: уплыў дзяржмедыя пашыраецца, прасочваецца тэндэнцыя росту даверу да ўлады. Хоць, канешне, гэту інфармацыю трэба ўспрымаць з вялікімі агаворкамі, бо і самі даследчыкі падкрэсліваюць вялікі ўзровень страху ў грамадстве.
Аднак і перабольшваць гэты ўплыў няварта, мяркуе Аляксандр Класкоўскі. Ён праводзіць гістарычную паралель з савецкім мінулым:
— Было 70 гадоў савецкай улады, і, здавалася, усё заціснута — няма ні апазіцыі, ні партый, акрамя КПСС, хіба той-сёй слухае праз трэск глушылак «Радыё Свабода». А потым пачалася перабудова. І мы ўбачылі (у тым ліку і я сам бачыў, калі быў рэдактарам дэмакратычнай газеты «Знамя юности»), як чэргі, быццам па гарачыя піражкі, сталі шыхтавацца да шапікаў. Людзі стаялі, каб ухапіць свежую прэсу, якая пісала праўду пра гэты лад і іх жыццё.
Савецкая сістэма вельмі хутка была разбурана, і высветлілася за час перабудовы, што гэта быў калос на гліняных нагах, што аўтарытэт КПСС споўз да нуля. Партыйныя функцыянеры, якіх пасылалі на мітынгі «давесці дзяржаўную лінію», хаваліся і баяліся выйсці на трыбуну, бо іх асвіствалі, а маглі і гнілымі памідорамі закідаць.
Уяўленне сённяшняга рэжыму пра тое, што ўдалося дамагчыся амаль што суцэльнай лаяльнасці, таксама можа быць падманлівым. І ў пэўны час, калі наспеюць умовы для перамен, я думаю, гэта канструкцыя, заснаваная на хлусні і на здушэнні альтэрнатыўнай думкі, акажацца няўстойлівай і хісткай.
Аднак цяпер за кошт драконаўскіх мер пэўныя тактычныя перамогі ўлада ўсё ж атрымлівае, і гэта вялікі выклік і для дэмакратычных сіл, і для незалежных медыя, якія апынуліся ў эміграцыі: трэба думаць і пра змест, выбар тэм, і пра формы падачы, і пра платформы, праз якія найлепей трансліраваць свой кантэнт.
Нядаўна стала вядома, што журфак БДУ значна скарачае набор, адмяняе прыём на платныя месцы і будзе рыхтаваць студэнтаў толькі на дзвюх спецыяльнасцях, закрыўшы «Міжнародную журналістыку».
— Гэта таксама паказальны трэнд для сістэмы, якая робіцца больш жорсткай, — канстатуе Аляксандр Класкоўскі. — Беларускія ўлады фактычна спалілі ўсе масты ў адносінах з Захадам, якая ўжо тут «міжнародная журналістыка».
Уладам не патрэбны аналітыкі на міжнародную тэму — патрэбны прапагандысты, якія будуць гаварыць пра «хцівы, падступны Захад» і «нашу самую паспяховую эканамічную мадэль», «астравок стабільнасці сярод ашалелага свету». Для гэтага не трэба вывучаць пяць гадоў нюансы міжнародных адносін, складнікі майстэрства журналіста-міжнародніка, дастаткова падрыхтаваць, як кажуць улады, «байцоў ідэалагічнага фронту».
Але за савецкім часам, калі я вучыўся на журфаку, на лекцыях мы таксама выслухоўвалі ідэалагічныя догмы і прапагандысцкія тэзіся, а ў курылцы потым усё адно расказвалі анекдоты пра Брэжнева, які шамкае штучнай сківіцай падчас прамоў і блытае Вілі Бранта з Віні-Пухам. То-бок стаўленне да той сістэмы і тых ідэалаў, якія ўбівалі нам у галовы, было дастаткова іранічным. І потым многія з маіх калег падчас перабудовы знайшлі сябе якраз у тых медыя, што рухалі працэс галоснасці, якая спрыяла злому савецкай сістэмы.
На думку эксперта, на журфак, мусіць, змогуць набраць пэўную колькасць «замбіраваных» ідэалогіяй маладых людзей альбо цынікаў, якія падсякаюць кан’юнктуру і прыстасоўваюцца да яе. Аднак нямала будзе і тых, хто «трымае дулю ў кішэні».