Марына Золатава: Моцная ўлада не змагаецца з іншадумствам

Сёння ад народнага адзінства мы знаходзімся значна далей, чым былі ў 2020 годзе. Але не за гарамі той час, калі беларусы з рознымі меркаваннямі змогуць жыць шчасліва ў сваёй краіне і з павагай ставіцца адно да аднаго. Пра гэта ў лісце на волю напісала Марына Золатава

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__1_logo.jpg

«Ці вырашыла з ліквідацыяй T*T.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему?», пытаецца ў лісце з-за кратаў Марына Золатава: Беларусам пра Беларусь.

17 сакавіка абвясцілі прысуд па «справе T*T.BY». Галоўрэду партала Марыне Золатавай і дырэктару ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людміле Чэкінай прызначылі па 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Напярэдадні прысуду Марына Золатава напісала ліст блізкім людзям. Яны, прачытаўшы, вырашылі перадаць гэта пасланне ў рэдакцыю «Люстэрка» і папрасілі яго апублікаваць, бо лічаць, што гэты тэкст — зварот не толькі да іх, але і да ўсіх беларусаў.

Марына Золатава. Фота: T*T.BY

Марына Золатава. Фота: T*T.BY


«Журналісты не ствараюць інфармацыйныя нагоды, яны іх асвятляюць»

Ні я, ні мае калегі не здзяйснялі злачынстваў, у якіх нас абвінавачваюць. Адзінае наша «злачынства» заключаецца ў тым, што мы сумленна расказвалі пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне. І менавіта дзякуючы нашай сумленнай і аб’ектыўнай пазіцыі нам удалося заваяваць давер трохмільённай аўдыторыі і стаць самым папулярным анлайн-медыя ў краіне.

Мы ніколі нікога не заклікалі да якіх-кольвек супрацьпраўных дзеянняў, не сеялі варожасці, паважалі розныя меркаванні. Чалавечае жыццё было абвешчана галоўнай каштоўнасцю рэдакцыі T*T.BY, і мы заўсёды пра гэта памяталі.

Вецер дзьме, таму што дрэвы гайдаюцца, упэўнены Пудзік, герой вядомага дзіцячага апавядання Максіма Горкага. Пратэсты, гвалт і іншыя падзеі адбываліся таму, што пра іх пісалі журналісты — такое ўражанне складваецца, калі прытрымлівацца логікі абвінавачання, бо перакласці віну на медыя значна прасцей.

Але журналісты не ствараюць інфармацыйныя нагоды, яны іх асвятляюць. А вінаваціць ва ўсіх праблемах СМІ — усё роўна што крыўдзіцца на люстэрка, калі ўбачаны ў ім адбітак табе не падабаецца.

А што далей?

Калі невінаватага чалавека пасадзіць у СІЗА, шанцы на тое, што праз 10−12 месяцаў следства атрымае прызнальныя паказанні, моцна павялічваюцца. А калі ў чалавека за гэты час рэзка пагоршыцца стан здароўя, цяжка захварэе ці нават памрэ хтосьці блізкі, то следству становіцца яшчэ прасцей. Нашы калегі прайшлі і праз такія выпрабаванні.

А яшчэ ў мяне ўзнікае пытанне: ці варта давяраць следчай групе, кіраўнік якой, што займаў на момант выстаўлення канчатковага абвінавачання пасаду начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сферы цэнтральнага апарата Следчага камітэта, паводле звестак СМІ, быў затрыманы за хабар?


«Я магла б успомніць шмат цудоўных гісторый, як T*T.BY камусьці дапамог або здзейсніў маленькі цуд»

T*T.BY не быў ні экстрэмісцкім рэсурсам, ні экстрэмісцкай арганізацыяй. Мы расказвалі пра падзеі, якія адбываліся ў краіне, тлумачылі незразумелае, дапамагалі карыстальнікам вырашыць іх праблемы. Не раз па дапамогу ў пошуку людзей, сведак і відавочцаў злачынстваў і здарэнняў да нас звярталіся праваахоўныя органы.

Мы расказвалі гісторыі, якія матывуюць — пра моцных, захопленых і таленавітых людзей, адкрывалі цікавыя месцы ў Беларусі, пісалі пра яе гісторыю. Дзякуючы нашай публікацыі праз доўгія гады расстання ўжо дарослая дачка адшукала сваіх бацькоў, а пасажырка самалёта, якая выжыла пад Мінскам, сустрэлася са сваімі выратавальнікамі. Я магла б успомніць шмат цудоўных гісторый, як T*T.BY камусьці дапамог або здзейсніў маленькі цуд. Ведаю, што многім беларусам ёсць за што сказаць T*T.BY дзякуй.

Амаль дзве траціны жыцця незалежнай Беларусі зафіксаваў T*T.BY. Але партал — гэта не толькі навіны, рэпартажы, інтэрв'ю, каментары і гісторыі людзей. Гэта яшчэ і мноства карысных сэрвісаў, якія спрашчалі людзям жыццё. Надвор’е, пошта, курсы валют, афіша. Кожны жыхар Беларусі мог знайсці тут для сябе карысную інфармацыю. Нездарма дэвізам кампаніі «Надзейныя праграмы», якую, як і сам T*T.BY, заснаваў Юрый Зісер, быў «Укараняючы інфармацыйныя тэхналогіі, зробім жыццё лепшым».

Юрый Анатольевіч здолеў аб’яднаць вакол сябе таленавітых прафесіяналаў, якія пастаянна працавалі над развіццём рэсурсу, умеў слухаць розныя меркаванні і давяраць спецыялістам. Дзякуючы гэтаму T*T.BY доўгі час быў самым папулярным і перадавым інтэрнэт-рэсурсам.


«Моцная ўлада не змагаецца з іншадумствам, не бачыць пагрозы нацыянальнай бяспецы там, дзе гучыць альтэрнатыўнае меркаванне»

Ужо амаль два гады старонка T*T.BY недаступная. Але ці вырашыла з ліквідацыяй T*T.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему? Супярэчнасці нікуды не падзеліся, сітуацыя пагаршаецца, раскол у грамадстве шырыцца. І калі пра гэта нельга даведацца на T*T.BY, гэта не значыць, што яго і няма.

 

Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Фота: T*T.BY

Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Фота: T*T.BY

Прабягаючы вачыма матэрыялы TUT.BY 2020 года, я звяртала ўвагу на тое, што многія нашы суразмоўцы — па розныя бакі барыкад — гаварылі пра неабходнасць дыялогу і недапушчальнасць гвалту. Цяпер пачытаць пра гэта няма дзе. Гвалт нараджае гвалт. На жаль, наша жыццё, падзеі ў краіне і свеце кожны дзень пацвярджаюць гэтую ісціну.

Я па-ранейшаму бачу, як у СІЗА на Валадарскага рэгулярна «заязджаюць» жанчыны ва ўзросце ад 18 да 70 гадоў па 342-м і іншых палітычных артыкулах. Да гэтага большасць з іх адбывала на Акрэсціна адміністрацыйны арышт. Добра, калі адзін. На падлозе або на голай шконцы. У перапоўненай камеры. Без перадач і зменнай бялізны. Без душа і прагулак. І калі пра гэта не піша T*T.BY, гэта не значыць, што гэтага няма.

Адны атрымліваюць свае два з паловай гады «хатняй хіміі» за адзін эпізод. Іншыя адпраўляюцца ў калоніі. І што? Пачынаюць любіць уладу? Пранікаюцца да яе павагай? За што? За тое, што праз два з паловай гады людзей працягваюць затрымліваць за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе? Ці прымушаюць запісваць «пакаяльныя» відэа? За гэтыя жудасныя ўмовы на Акрэсціна? Наўрад ці. Многія з’едуць, як толькі змогуць. Як гэта зрабілі дзясяткі, калі не сотні тысяч чалавек. Маладых, разумных і таленавітых. Многія акажуцца ва ўнутранай эміграцыі.

Моцная ўлада не змагаецца з іншадумствам, не бачыць пагрозы нацыянальнай бяспецы там, дзе гучыць альтэрнатыўнае меркаванне, не хавае галаву ў пясок, каб не бачыць і не чуць праўды. Моцная ўлада ўмее прыслухоўвацца да людзей з рознымі перакананнямі і будаваць дыялог з усімі грамадзянамі краіны.

 

«Я веру, што не за гарамі той час, калі беларусы з рознымі меркаваннямі змогуць жыць шчасліва ў сваёй краіне»

Шмат драматычных падзей адбылося ў Беларусі за той час, пакуль я знаходжуся ў СІЗА. 28 верасня 2021 года стала адным з самых трагічны дзён (падчас перастрэлкі ў кватэры на вуліцы Якубоўскага загінулі супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк і IT-спецыяліст Андрэй Зельцэр. — Заўв. рэд.). Я не разумею, як можна было пісаць абразлівыя каментары ў адрас загінулага чалавека — асабіста я выступаю катэгарычна супраць такіх учынкаў. Але мне балюча ад таго, што намеснік міністра ўнутраных спраў у Год народнага адзінства ў эфіры тэлеканала СТБ заяўляе, што людзі, якія пакінулі абразлівыя каментары ў адрас загінулага байца «Альфы», «заслугоўваюць толькі фізічнага знішчэння».

Мне балюча, калі ў Год міру і стварэння Рыгор Азаронак у сваёй праграме «Тайные пружины политики» сцвярджае, што апанентаў улады «мы будзем душыць, душыць кожны дзень, душыць бязлітасна». І гэтая агрэсія і нецярпімасць да іншадумцаў прысутнічае ў многіх дзяржСМІ на рэгулярнай аснове. А яшчэ мне здаецца дзіўным, што ў той час, пакуль суд над намі праходзіць у закрытым рэжыме, па дзяржТБ паказваюць фільм пра T*T.BY з выкарыстаннем матэрыялаў папярэдняга следства.

Пра які мір і стварэнне можна гаварыць? На жаль, сёння ад народнага адзінства мы знаходзімся значна далей, чым былі ў 2020 годзе. Але я па-ранейшаму веру, што не за гарамі той час, калі беларусы з рознымі меркаваннямі змогуць жыць шчасліва ў сваёй краіне і з павагай ставіцца адно да аднаго. Разнастайнасць меркаванняў узбагачае дзяржаву і стымулюе яе развіццё.


Я ўжо 22 месяцы знаходжуся ў СІЗА. За гэты час у маёй мамы памёр муж. Дачка скончыла ліцэй, паступіла ў Акадэмію мастацтваў і моцна змяніла сваё жыццё. Сын вырас на 10 сантыметраў. Вельмі складана так доўга знаходзіцца ўдалечыні ад родных. Але вось што дадае мне сіл. Шмат гадоў таму падчас акупацыі мая прабабуля правяла некалькі месяцаў на Валадарцы, а потым — два гады ў палоне. Калі яна вярнулася да дачок, гэта быў самы шчаслівы дзень у іх жыцці. І я веру, што ў маім жыцці таксама надыдзе такі дзень.

Па дарозе ў суд скрозь акенца ў аўтазаку я часта бачу жоўтыя аўтобусы. Калісьці на прапанову Мінгарвыканкама сярод карыстальнікаў T*T.BY мы правялі галасаванне — чытачы мусілі выбраць колер электробусаў, якія планавалі пусціць па вуліцах сталіцы. Карыстальнікі выбралі жоўты — і на вуліцы выехалі жоўтыя электробусы. Потым з’явіліся і жоўтыя аўтобусы (да гэтага мінскія аўтобусы былі зялёнымі). T*T.BY недаступны, затое па вуліцах горада ездзяць ярка-жоўтыя аўтобусы і электробусы, бо такі колер выбралі нашы чытачы.