Жорсткая помста за праўду: абвешчаны прысуд па справе T*T.BY

У Мінскім гарадскім судзе 17 сакавіка абвешчаны прысуд прадстаўнікам T*T.BY: былую гендырэктарку Людмілу Чэкіну і галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву асудзілі на 12 гадоў калоніі агульнага рэжыма. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Справу вяла суддзя Валянціна Зянькевіч.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава падчас суда. Як бачна на фота, іх трымалі ў кайданках. Фота Белта

Людміла Чэкіна і Марына Золатава падчас суда. Як бачна на фота, іх трымалі ў кайданках. Фота Белта


Нагадаем, Марына Золатава і Людміла Чэкіна былі затрыманыя раніцай 18 траўня 2021 года — і з таго часу знаходзяцца на «Валадарцы».
У той дзень увогуле затрымалі 15 чалавек: сілавікі прыйшлі дадому да некаторых супрацоўнікаў кампаніі і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, а таксама ў офісы T*T.BY у Мінску і абласных цэнтрах. Допыты супрацоўнікаў партала ладзіў Дэпартамент фінансавага кантролю КДК. Некаторых з дому забралі ў статусе сведкі, а ўвечары таго ж дня яны былі ў ІЧУ на Акрэсціна як падазраваныя па крымінальнай справе.


У КДК паведамілі, што была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Нібыта партал быў рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій і атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.
Справу T*T.BY пачалі разглядаць 9 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме. Суд цягнуўся больш за два месяцы — агулам прайшло 37 пасяджэнняў.


Фігурантамі справы з'яўляюцца галоўная рэдактарка выдання Марына Золатава, былая генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна — яны знаходзіліся пад вартай, а таксама Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка — ім раней змянілі меру стрымання, на судзе іх не было, паколькі зараз яны за мяжой.
Як адзначаюць праваабаронцы, увечары 16 сакавіка па БТ паказалі «расследаванне» пра працу T*T.ВY. Прапагандыстка Ксенія Лебедзева хацела распавесці гледачам, у чым вінаватыя супрацоўніцы парталу. Але, па сутнасці, іх абвінавацілі ў тым, што ў 2013-2014 гадах журналісты асвятлялі падзеі ва Украіне падчас Майдану, у 2010 годзе пісалі пра паслявыбарчыя акцыі пратэстаў у Беларусі, пра дэвальвацыі ў краіне, а таксама пра рэпрэсіі супраць мірных беларускіх пратэстоўцаў у 2020 годзе. Таму сутнасць прад'яўленых абвінавачванняў Золатавай і Чэкінай невядомая.


З нагоды прысуду з заявай выступіла Б*ларуская асацыяцыя журналістаў:
«Справа супраць T*T.BY і прысуд калегам — жорсткая помста за праўду, якую T*T.BY даносіў да мільёнаў людзей.
Улады традыцыйна вырашылі разбіць люстэрка, а не выпраўляць жахлівую беларускую рэчаіснасць, якая ў ім карэктна і прафесійна адлюстравана. Паказальна, што на месцы T*T.BY паўстаў новы медыяпраект «З*ркало» («Люстэрка»), які працягнуў працу папярэднікаў, нягледзячы на рэпрэсіі.
Сёння за кратамі знаходзіцца 36 медыяпрацаўнікоў. Па колькасці супрацоўніц медыя, які пазбаўленыя волі, згодна з Рэпарцёрамі без межаў, Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце».
Б*ларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе адмены прысуду і неадкладнага вызвалення Марыны Золатавай, Людмілы Чэкінай і ўсіх прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя, якіх на сёння трымаюць за кратамі.