Хронікі рэпрэсій. «Дзень журналістаў» і да 20 ператрусаў штодзень

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 17 сакавіка.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


У доме галоўнага рэдактара «Народных навін Віцебска» прайшоў ператрус. Сам галоўны рэдактар «ННВ» Сяржук Серабро быў затрыманы раніцай. У часе ператрусу канфіскаваны тэлефон і камп'ютар. Пасля абеду Сержука адпусцілі.

* * *

У судзе Маскоўскага раёна Брэста палітвязень Дзмітрый Гарбуноў асуджаны паводле ч.1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («Абраза службовай асобы») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марыя Аліфярук прысудзіла блогера да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Дзмітрыя абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў каментар пад фатаграфіяй лідскага міліцыянта Антона Катыля. Міліцыянт запатрабаваў 2000 рублёў грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.

* * *

Маці валанцёра Іллі Міронава Валянціну пакаралі штрафам. Сам Ілля зноў знік.

Валянціну Міронаву сёння судзілі паводле артыкула 19.11 («Распаўсюджанне экстрэмісцкай прадукцыі»). У выніку жанчына атрымала 11 базавых велічынь штрафу. Пры затрыманні яе вялі ў кайданках у «позе ластаўкі», паведамляюць праваабаронцы.

Самога Іллю Міронава апошні раз бачылі ў судзе Савецкага раёна Гомеля, дзе ён чакаў суда над маці. З таго часу ніякай сувязі з ім не было і яго месцазнаходжанне невядома. Як мяркуецца, ён затрыманы.

* * *

ГУБАЗіК прыйшоў з ператрусам да бацькі аднаго з беларускіх добраахвотнікаў, які ваюе ва Украіне. Мужчына заявіў сілавікам, што згодны з сынам і паехаў бы ваяваць ва Украіну, калі б у яго была магчымасць.

* * *


* * *

У Гродне былога супрацоўніка МУС Андрэя Шкляра асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынес Гарадзенскі абласны суд 2 сакавіка, але вядома пра гэта стала толькі цяпер, паведамляюць праваабаронцы. Андрэя Шкляра абвінавачвалі паводле двух артыкулаў: «Здрада дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК) і «Разгалошванне звестак папярэдняга следства або закрытага суда» (арт. 407 КК). Падрабязнасці абвінавачанняў невядомыя, паколькі працэс праходзіў у закрытым рэжыме, вядома толькі, што па справе правялі пяць пасяджэнняў. Акрамя дзесяцігадовага тэрміну, суддзя Васіль Скок таксама прызначыў мужчыну штраф у 200 базавых велічынь (7400 рублёў).

Андрэй Шкляр быў затрыманы ў снежні 2021 года. Незадоўга да гэтага мужчына, які працаваў інспектарам крымінальна-выканаўчай сістэмы Кастрычніцкага РАУС Гродна, падаў рапарт аб звальненні з-за нязгоды з тым, як працуе праваахоўная сістэма.

Экс-міліцыянт утрымліваецца ў турме № 1 у Гродне. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

* * *

У дачыненні да блогеркі Вольгі Павук распачата крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК Беларусі («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паведамляецца, што прычынай паслужыў яе ўдзел у перадачы тэлеканала «Белс*т».Акрамя таго, як паведамляе праўладны тэлеграм-канал, крымінальныя справы па гэтым жа артыкуле распачаты і на «астатніх удзельнікаў перадачы». Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

* * *

У Оршы затрымалі актывіста Аляксандра Школьнікава. Па даных orsha.eu, Аляксандр Школьнікаў ужо два дні знаходзіцца ў ІЧУ. Ён не паспеў паведаміць пра сваё затрыманне, але, як піша выданне, па відавочных прыкметах дома ў яго прайшоў ператрус.

Аляксандр Школьнікаў — актывіст аргкамітэта па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Пасля 2020 года яго неаднаразова затрымлівалі. Апошнім часам у Школьнікава моцна пагоршыўся зрок — цяпер ён амаль сляпы.

* * *

Палітзняволенай Яне Пінчук, якую экстрадзіравалі з Расіі ў Беларусь, нягледзячы на забарону Камітэта ААН па правах чалавека, прад'яўлена абвінавачанне па 5 крымінальных артыкулах. Суд над ёй пачнецца 10 красавіка ў Мінгарсудзе.

* * *

Навуковец Юрый Адамаў «знайшоўся» на Валадарскага. Нагадаем, што сувязь з навукоўцам знікла на мінулым тыдні. Пра яго затрыманне паведамілі калегі. Праваабаронцы даведаліся, што Юрый Адамаў змешчаны ў СІЗА-1 на Валадарскага. Пакуль невядомыя ні прычына затрымання, ні артыкул, які яму інкрымінуюць.

* * *


* * *

МУС працягвае комплексную адпрацоўку асоб, «якія падтрымліваюць антыдзяржаўныя погляды», заявілі ў прэс-службе ведамства. «Пад пільнай увагай крымінальнай міліцыі» знаходзяцца не толькі ваюючыя ва Украіне добраахвотнікі, але і іх сваякі і знаёмыя.

«Правяраецца інфармацыя аб дапамозе экстрэмісцкім арганізацыям і бандфарміраванням. Штодня супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС праводзяць да 20 ператрусаў, прычыны і ўмовы існавання радыкальных ячэек аператыўна высвятляюцца», — заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі МУС Аляксандр Купчэня.

За апошні тыдзень да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты каля 100 чалавек, па выніках разбору ўчастковых інспектараў распачата больш за 20 крымінальных спраў у дачыненні да асоб, якія здзейснілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».

* * *


* * *

У пятніцу адбыўся суд над галоўным рэдактарам і ўладальнікам слуцкай незалежнай газеты «Інфа-Кур'ер» Сяргеем Станкевічам і яго намеснікам Алегам Рубчэнем. Ім прысудзілі 15 сутак — нібыта за непадпарадкаванне пры затрыманні. Віну журналісты не прызналі. Нагадаем, учора ў рэдакцыі прайшоў ператрус.

* * *

У Мінску суд вынес прысуд работніку ліцейнага цэха МТЗ Дзянісу Пучаку за ўдзел у шэсці завадчан у жніўні 2020 года. Яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Дзяніса Пучака затрымалі 22 лістапада 2022 года і да суда змясцілі ў СІЗА №1 Мінска.

Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызнаў Дзяніса Пучака вінаватым паводле ч.1 арт. 342 КК і прысудзіў да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

* * *

У Гродне губазікаўцы затрымалі і збілі рабочага. Затрыманы — 38-гадовы гродзенец Сцяпан Задойка. Ён працуе рабочым на адным з прыватных прадпрыемстваў Гродна. Таксама мужчына рэгулярна ходзіць у спартовы зал і падтрымлівае сябе ў добрай фізічнай форме.

На відэа на каналах сілавікоў на яго накідваюцца пяцёра байцоў САХР, а пазней мужчына выглядае збітым: у яго моцна падбіта вока і падрапана да крыві галава (напэўна, таму большую частку відэа ён стаіць адным бокам да камеры і толькі адзін раз паварочваецца цалкам).

ГУБАЗіК сцвярджае, што Сцяпан Задойка напісаў больш за тысячу каментароў у інтэрнэце. Адметна, што паказаныя сілавікамі каментары напісаны ў асноўным на беларускай мове і накіраваны на падтрымку Украіны. Усе паказаныя каментары — з ютуба.