Палітвязня з Гомеля судзяць за спробу ўцёкаў з псіхіятрычнай лякарні
Не зусім звычайная крымінальная справа разглядаецца Мінскім раённым судом у дачыненні да 31-гадовага жыхара Гомеля Ігара Альхова. Мужчыну абвінавачваюць ва ўцёках з папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, арыштнага дома або з-пад варты (ч. 1 арт. 413 Крымінальнага кодэкса). Пра гэта распавялі праваабаронцы.
Вядома, што суд Цэнтральнага раёна Гомеля 15 жніўня 2022
года вынес вызначэнне, згодна з якім у дачыненні да палітзняволенага Ігара
Альхова прымяніў прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў выглядзе змяшчэння ў
псіхіятрычны стацыянар са строгім наглядам.
Нібыта ён у стане непрытомнасці здзейсніў
грамадска небяспечныя дзеянні, а менавіта — акт тэрарызму (ч. 1 арт. 289) і
абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368).
Як палічыла следства, Ігар Альхоў нібыта хацеў у мэтах
перашкоды палітычнай дзейнасці, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі
грамадскага парадку ўзарваць адміністрацыйны будынак у Гомелі па вуліцы
Білецкага (вядома, што там месціцца абласное ўпраўленне КДБ), дзеля чаго
азнаёміўся на адным з ютуб-каналаў са спосабамі вырабу выбуховых рэчываў. Затым
набыў неабходныя кампаненты для іх вырабу, у тым ліку для сумесевых складаў
тыпу «акісляльнік плюс гаручае» і прыгатаваў такую сумесь. Пазней спрабаваў набыць
радыёпульт для ініцыявання зарадаў самаробных выбуховых прылад на адлегласці,
аднак яго дзейнасць была спыненая праваахоўнымі органамі.
Ён жа, публічна ў непрыстойнай форме абразіў, прынізіў гонар
і годнасць Лукашэнкі. Альхоў уласнаручна напісаў тэкст, агучыўшы і зафіксаваўшы
яго з дапамогай неўстаноўленай відэазапісваючай прылады, пасля чаго адаслаў
гэты відэазапіс не менш чым двум карыстальнікам месенджара Telegram.
Судовы працэс над Альховым пачаўся яшчэ яшчэ 26 траўня і з
доўгімі перапынкамі доўжыўся да 15 жніўня 2022 года. У выніку суддзя
Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч вынес вызначэнне аб накіраванні яго
ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінкі. Паколькі пасля вынікаў псіхіятрычнай
экспертызы у Альхова былі «выяўленыя парушэнні ў псіхічнай сферы, і на час
здзяйснення злачынства ён не мог усведамляць значэнне сваіх дзеянняў, быў не
здольны да адэкватнага ўспрымання рэчаіснасці».
Манавіта ў Навінках, на тэрыторыі РНПЦ, існуе псіхіятрычны
стацыянар са строгім наглядам. З развіцця падзей вынікае, што Альхоў
паспрабаваў здзейсніць адтуль пабег.
Новую крымінальную справу па факце ўцёкаў з псіхіятрычнага
стацыянара са строгім наглядам разглядае ў Мінскім раённым судзе Ігар Іглікаў.
Альхова судзяць як «асобу, якая здзейсніла грамадска
небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане
бессвядомасці, або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства на псіхічнае
захворванне (п. 13 арт. 6 КПК)». Пасяджэнне прызначанае на 27 сакавіка.