Крыж, які Алесь Пушкін выразаў лязом на сваім целе падчас суда, — прысуд цэлай эпосе

Гэты расповед аднаго з вязняў, які бачыў у турме здзекі з палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна, у рэдакцыю «Новага Часу» перадалі ў сакавіку гэтага года. Тады ж ён быў і апублікаваны. Прапануем вам яго гісторыю пра тое, што давялося перажыць Алесю падчас суда над ім.

Алесь Пушкін падчас суда

Алесь Пушкін падчас суда

— Алесь не быў шараговым беларусам — ён усё свядомае жыццё гаварыў на беларускай мове. Але з ім здарылася тыповая для яго радзімы гісторыя — ён трапіў у турму.

Алесь не здзяйсняў злачынстваў і не выходзіў на мітынгі. Ён — мастак і напісаў карціну. Партрэт. Намаляваў партрэт гістарычнага дзеяча, якога нялёгкая потым занесла на франты Другой сусветнай вайны. Але не з савецкага боку.

Гэтага аказалася дастаткова, каб эксперт па гісторыі і беларуская дзяржава назвалі дзеяча калабарантам і нацыстам. А следам — і самога Алеся, які намаляваў партрэт.

Для паслядоўнага русафоба мастак меў неадпаведнае прозвішча — Пушкін. Але нават яно не магло парадніць Алеся з Расіяй, якая незадоўга да суда над нашым героем развязала новую вайну.

Пушкін, як і многія творчыя асобы, перажываў такія падзеі больш эмацыйна за звычайнага чалавека. Назапашаныя перажыванні імкнуліся выплюхнуцца на палатно, але, нібы прадбачачы гэта, адміністрацыя турмы адправіла Алеся на час судовых слуханняў у карцар. А ў карцары — ні алоўкаў, ні паперы не дазволена.

Плакат, які з'явіўся на прыпынку транспарту ў 2012 годзе

Плакат, які з'явіўся на прыпынку транспарту ў 2012 годзе


Апынуўшыся без сродкаў да самавыяўлення, Пушкін схітраваў. Пры выправаджванні ў карцар зняволенага старанна абшукваюць, замест яго адзення даюць турэмную робу. Але, нягледзячы на гэта, Алесь змог пранесці ў строга ізаляванае памяшканне лязо ад аднаразовай брытвы. І, дачакаўшыся зразумелай даты — 25 сакавіка, Дня Волі, намаляваў сабе на целе вялікую Х — ад грудзей і да пояса. Гэтым самым лязом.

Доўгі час перад апісанымі вышэй падзеямі Пушкін знаходзіўся ў інфармацыйным вакууме. Ён ведаў, што пачалася вайна. Але пад пытаннем быў удзел яго радзімы ў тым, што адбываецца. Толькі ўжо амаль перад самым карцарам Алесь даведаўся, што Лукашэнка вырашыў прапусціць рускія танкі і самалёты ў абмен на вялікае вялікарускае «спасибо». Гэта і штурхнула аўтара на акт творчасці.

Рэакцыя тых, хто мастака надзейна ахоўваў, у тым ліку і ад членашкодніцтва, была чаканай. Дзяжурка ўбачыла тое, што адбываецца, на экране манітора. Быў выкліканы рэзерв — і Алеся вырашылі выхаваць. Але паколькі выхавальніка пасля 17 гадзін у СІЗА не знайсці, выхоўвалі старым дзедаўскім спосабам: гумовым дручком з ручкай.


І тут сваю кемлівасць праявілі ўжо салдаты ўнутранай службы. Замест грубых, цяжкіх удараў, якія пакідаюць гематомы, рабілі акцэнт на баявых прыёмах. Пасля кароткага выхаваўчага працэсу крывацёчныя раны сталі надта прыкметнымі, каб іх ігнараваць. І Пушкіна панеслі, як маглі, аказваць тэрміновую медыцынскую дапамогу.

Лекар зрабіў сваю частку працы, зашыў і апрацаваў парэзы — і пайшоў. А значыць, выхаваўчая праца магла быць працягнута, але з яшчэ большай кемлівасцю. Удар гумовай дубінкай па пятках цяжка зафіксаваць, затое ён выдатна аддае ва ўнутраныя органы, асабліва ныркі. Ці быў у гэтага этапу выхавання вычварнага зэка які-небудзь сэнс? Сказаць складана… Але козыраў Алесю не далі — ударамі і сінякамі «пахваліцца» на судзе ён ужо не мог.

Затое паказаў той самы крыж і заклікаў. Заклікаў, як часта бывае, да ўсяго добрага. Алесь цудоўна знаёмы з практыкай мастацкіх перформансаў — і таму да акта (прызыву?) ішоў і маніфест.

Ці змог ён прыцягнуць увагу да агучаных праблем, сказаць складана. Адзіным прыхільнікам яго новага твора стаў начальнік СІЗА. Ён нават вырашыў сабе зрабіць фота на памяць. Усё ж такі нават майстру складана зразумець, у якіх колах яго твор знойдзе водгук.

Алесь — дзівак-чалавек. Вось ён крычыць у празрыстае акенца «Марфа! Марфа!» зусім незнаёмай дзяўчыне. Але вось ён жа адмаўляецца працягваць руку прадстаўніку тытулаванай апазіцыі, з якім нават знаёмы. Чаму? А той не праявіў належнай стараннасці ў разгар пратэстаў. Хоць і сам Пушкін адмысловымі заслугамі на гэтай ніве асабліва пахваліцца не мог. Магчыма, справа ў прыступе маркоты, так уласцівай усёй эліце час ад часу.


За што ж Пушкіна на самай справе пасадзілі? На гэта пытанне няма адназначнага адказу. Можа быць, гэта помста за папулярны ў інтэрнэце малюнак, дзе адзін падобны на кагосьці дзед намаляваны з чырвонымі ад крыві зубамі? А можа, Алесь стаў закладнікам, якога хацелі выгадна прадаць Польшчы? Але, хутчэй за ўсё, справа менавіта ў тым партрэце з «нацыстам», пра існаванне якога аператыўнікі КДБ даведаліся праз некалькі тыдняў пасля затрымання.

І ўсё ж крыж, пакінуты Алесем Пушкіным на целе, нібы пастаўлены на цэлай эпосе. На цэлым пакаленні кіраўнікоў і моцных гаспадарнікаў. Суверэнных дэмакратаў і праваслаўных атэістаў. Як страшны акт паганскіх абрадаў. Ён пракляў іх і калісьці аддасць забыццю.