Хронікі рэпрэсій: 15 сакавіка
Па ўсёй краіне працягваюцца затрыманні і ператрусы. Расказваем, што вядома на дадзены момант.
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы палітвязня Іллі Шапаткоўскага, сябра каманды Віктара Бабарыкі. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). Шапаткоўскаму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Працэс вядзе суддзя Наталля Бугук.
Стала вядома, што на пачатку лютага Рагачоўскі раённы суд вынес прысуд 57-гадоваму Сяргею Кушнарову. Яго абвінавачвалі ў «публічнай абразе і паклёпе» на Аляксандра Лукашэнку (ч.1 арт.368, ч.1 арт.367 КК), а таксама іншых прадстаўнікоў дзяржаўнай улады (арт.188 і арт.369 КК). Мужчына нібыта размяшчаў на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» публікацыі, якія змяшчаюць «ілжывыя і не адпаведныя рэчаіснасці звесткі, якія ганьбілі і прыніжалі гонар і годнасць пацярпелых».
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне Дзмітрыя і Вікторыі Баяровічаў. Гэта здарылася ў аўторак, 14 сакавіка, раніцай у Бараўлянах. На відэа з камер назірання відаць, як хлопца, які выйшаў на вуліцу ў 8:11, паклалі на зямлю сілавікі. Пасля да затрыманага падбегла яго жонка, а затым сілавікі разам з сямейнай парай пайшлі ў кватэру, дзе пазней прайшоў ператрус. Праз дзесяць хвілін сілавікі вывелі мужа, яшчэ праз сорак — жонку. Абаіх пасадзілі ў бусік.
У рэдакцыі газеты «Інфа-Кур'ер» у Слуцку прайшоў ператрус, затрыманы супрацоўнікі выдання. Няма сувязі з галоўным рэдактарам Сяргеем Станкевічам. Ва ўсіх прысутных пры ператрусе былі ўзяты падпіскі аб неразгалошванні.
У Мінску затрымалі аўтара навукова-папулярнага самвыдату «Pamylka» Юрыя Адамава. Сувязь з ім была страчана яшчэ на мінулым тыдні. Пра затрыманне паведамілі калегі Юрыя. Прычына затрымання невядомая.
Сёння раніцай у Вілейцы таксама прайшоў ператрус у доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча. З Аляксандрам Манцэвічам і яго жонкай Нінай Манцэвіч на дадзены момант страчана сувязь. Дзе яны цяпер, невядома.
У Салігорску сілавікі затрымалі двух страйкбалістаў па падазрэнні ў дачыненні да «экстрэмісцкай дзейнасці». Пра гэта паведаміў 15 сакавіка праўладны тэлеграм-канал. У публікацыі адзначаецца, што яны «практыкаваліся ў тактыцы вядзення баявых дзеянняў з сумнеўнай мэтай», а таксама «задумвалі нешта супрацьпраўнае і мелі замежныя сувязі».
У Бабруйску на 15 дзён арышту асудзілі Андрэя Сініцу за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У Віцебску, як паведамляюць праваабаронцы, мясцовага жыхара асудзілі на 15 дзён арышту за словы «Слава Україні!» як за «неанацысцкія лозунгі», сказаныя суседу, які павесіў сабе на дзверы расійскі сцяг.
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» сёння прызнаны Telegram-чат «Ельскае сяброўства» і асабістая старонка музыкі гурта «Sumarok» Ігара Палынскага.
Паводле звестак «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1465 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1737 чалавек. Сярод іх — 191 жанчына і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.