Андрэй Дзмітрыеў з-за кратаў: Сёння не наш дзень, але пошук вінаватых — шлях да забыцця

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2020, палітык Андрэй Дзмітрыеў пасля свайго затрымання 11 студзеня 2023 знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Ці падтрымлівае ён сувязь з аднадумцамі? Ці даходзяць лісты калегаў яму?

Фота ТАСС

Фота ТАСС

Як распавядае «СН», аднадумцы палітвязня прызнаюцца: без свайго даўняга лідара працаваць складана, тым больш у цяперашніх умовах. Аднак людзі не разбегліся, не склалі рукі: «Усё па плане, тым больш, і Андрэй просіць не спыняцца».

Сувязь з ім, як і з большасцю палітыкаў, якія апынуліся за кратамі, няпростая. Дзмітрыеў адказвае кожнаму адрасату, але такіх, хто атрымаў зваротную сувязь, у арганізацыі не шмат. І ўсё ж шчасліўчыкі ёсць. Пра што ён піша?

Вось, напрыклад, ліст аргкамітэту па стварэнні «Нашай партыі»:

«Часы цяпер вельмі цікавыя. Такая каша заварваецца, і ніхто не ведае, што будзе. Кожны змагаецца за сваю версію будучыні, таму важна разумець, а якой будучыню бачым мы і што рабіць у сучаснасці.

Важна не "праскокваць" сённяшні дзень толькі таму, што ён нам не падабаецца, здаецца не ідэальным ці таму, што наш уплыў на яго не такі, як хацелася б.

Тое, што адбываецца сёння... Вельмі важна і трэба ўдзельнічаць у ім. Адкладванне, спадзяванне на тое, што сама гісторыя вырашыць за нас, як і пошук вінаватых — шлях да забыцця. Таксама шкодны і пошук ідэальнага рашэння. Тут няма чароўнага рашэння, трэба думаць, якой мы бачым Беларусь. Незалежнай, інтэграванай у свет. І працаваць, каб быў дыялог, а не ізаляцыя — унутры і па-за.

Асобная тэма — як не дапусціць, каб на будучых перамовах, якімі б яны ні былі, Беларусь была прадстаўленая, а не якая-небудзь іншая краіна гаварыла за нас. Ну, гэта тэма на будучыню».

Скрын ліста Андрэя Дзмітрыева з-за кратаў. «СН»

Скрын ліста Андрэя Дзмітрыева з-за кратаў. «СН»

Андрэя Дзмітрыева абвінавачваюць па «народным» артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Дзмітрыеў — былы кандыдат у прэзідэнты, сузаснавальнік і сустаршыня руху «Гавары праўду». Цягам 2021 года ў аб'яднанні прайшлі ператрусы, пасля чаго рахункі арганізацыі заблакавалі. 12 жніўня 2021 года Дзмітрыева ўжо затрымлівалі на кароткі тэрмін, але потым адпусцілі.

Паўторна палітыка затрымалі 11 студзеня 2023 года. Следчы камітэт паведаміў, што Дзмітрыеў нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 — пасля 2020 года». Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб «каардынацыі яго палітычнай дзейнасці з-за мяжы».

У якасці доказу «дэструктыўнай дзейнасці» палітыка СК апублікаваў яго фота 11-гадовай даўніны разам з тагачасным дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан.

Вядома, што ў Дзмітрыева трое дзяцей.