Псіхолаг: Новая хваля затрыманняў сведчыць пра тое, што параноя ва ўладзе павялічваецца
Наталля Скібская — пра затрыманне сваіх калег у Беларусі.
Днямі стала вядома пра масавыя затрыманні псіхатэрапеўтаў і
псіхіятраў у Беларусі. Паведамляецца, што падчас допытаў ад іх патрабавалi даць інфармацыю аб
«нядобранадзейных» пацыентах.
— Калі разглядаць гэтую новую хвалю затрыманняў як феномен,
то можна сказаць, што параноя ва ўладзе павялічваецца, — цытуе псіхолага Наталлю Скібскую «Салідарнасць» са спасылкай на эфір «Св*боды Premium».
— Так заўсёды адбываецца, калі бяруць больш, чым можа вывезці.
Больш улады, трывогі і больш рэпрэсій. Гэта заганнае кола, і
так гэта працуе. Калі ты не можаш дацягнуцца да таго, што табе трэба
кантраляваць, гэта вядзе да вось такіх дзеянняў.
Эксперт адзначае, што з гэтага года ўступілі ў сілу змены ў
законе «Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі»:
— Мне вельмі цяжка аб гэтым казаць, але як ёсць: хай тыя,
хто гэтага яшчэ не ведае, ведаюць. Мы, псіхолагі, увогуле лічым, што ўсё,
што кажа нам кліент — гэта таямніца, і канфідэнцыяльнасць яе абараняе. Але
зараз, па новаўвядзеннях, канфідэнцыяльнасць павінна быць парушана псіхолагам
па запыце супрацоўнікаў органаў. Гэты закон дзейнічае з 6 студзеня 2023 года.
Раней канфідэнцыяльнасць магла быць парушана па пісьмовым запыце органа, які вядзе крымінальную справу. Там былі і іншыя справы,
напрыклад, калі чалавек знаходзіцца ў такім стане, што ён пагражае сам сабе ці
іншым — плануе самагубства ці забойства, ці яго стан такі, што ў выніку ён можа
гэта зрабіць. Тады псіхолаг павінен быў пра гэта сказаць родным, бацькам ці
міліцыі. Гэта ёсць ва ўсіх законах аб псіхатэрапеўтычнай дапамозе ўсіх краін
свету.
І калі раней псіхолаг проста мог парушыць таямніцу па
запыце, то зараз ён павінен яе парушыць. Гэта азначае, што хтосьці можа
патэлефанаваць псіхолагу ці прыйсці з ксівай і сказаць: «Я хачу ад вас атрымаць
звесткі аб такім чалавеку».
І гэта жах нават не ў тым сэнсе, што яны будуць
выкарыстоўваць гэтую інфармацыю, а што гэта вельмі дрэнна паўплывае на
псіхатэрапеўтычныя адносіны.
Наталля Скібская лічыць, што затрыманнем псіхатэрапеўтаў і
псіхіятраў улады спрабуюць навязаць хоць нейкія сувязі, але ж падставай для
ўсіх гэтых дзеянняў з'яўляецца трывога:
— Бо яны ўзяліся за такі кавалак, які не здольныя з'есці.
Таму іх трывога матывуе рабіць гэту жорсткасць — ім неабходна правесці хоць нейкія
сувязі і аналогіі, каб разумець, на што глядзець. Тое, што адбываецца, напэўна,
нават не план, а тое, як працуе зламаная псіхіка і механізмы.