Крыніцы: У Беларусі масава затрымліваюць псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў

Пра «хапун» прадстаўнікоў гэтых прафесій паведамляюць крыніцы тэлеграм-канала «Б*лыя халаты» і «Св*боды».

Фота: T*T.BY

Фота: T*T.BY

Спачатку пра затрыманне не менш як 20 псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў паведамілі «Б*лыя халаты». Паводле іх крыніц, частку спецыялістаў пасля допытаў адпусцілі. 

Дакладная колькасць медыкаў, якія застаюцца пад вартай, невядомая.

Акрамя таго, «БХ» паведамілі, што падчас допытаў ад лекараў патрабуюць парушыць закон аб медычнай таямніцы і «дакладваць пра «нядобранадзейных» пацыентаў, якія прыходзілі да іх на прыём».

Пазней «Св*бода» распавяла пра затрыманні псіхолагаў у Мінску і абласных цэнтрах. Выданню пацвердзілі гэтую інфармацыю адразу некалькі крыніц. Дакладна вядома пра затрыманне некалькіх спецыялістаў.

Прычына затрымання невядомая. Некаторых псіхолагаў адпусцілі адразу пасля затрымання, іншых працягваюць утрымліваць пад вартай.

«Міліцыянты падпісалі на «экстрэмісцкія» каналы, суд даў 15 сутак»

Большасць арыштаў адбыліся ў Мінску. Таксама вядома пра затрыманне беларускі, якая працуе псіхатэрапеўтам у адным з абласных цэнтраў. Гэта здарылася яшчэ 10 сакавіка.

«Затрымалі на працы. Яна была вельмі асцярожная, і дакладна магу сказаць, што не мела аніякіх падпісак на «экстрэмісцкія» каналы. Можа, адзіная з зачэпак, што пасля пачатку расійскай агрэсіі яна выстаўляла ў сацыяльных сетках сцяг Украіны», — расказала крыніца, абазнаная ў сітуацыі.

Псіхатэрапеўтку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

«Удалося даведацца, што ў камерах, як мужчынскіх, так і жаночых, былі спрэс «экстрэмісты». Для іх не прымалі ніякіх перадач, у тым ліку сродкаў гігіены. Калі чалавеку трэба ў прыбіральню, то ён мусіць прасіць у канвойнага шматок туалетнай паперы. Гэта такая практыка, каб максімальна прынізіць чалавека. Людзі сядзяць без мыла, зубных шчотак, пасты. У іх няма матрацаў, падушак, бялізны. Праз кожныя дзве гадзіны — «праверка»:  трэба назваць імя, прозвішча, адміністрацыйны артыкул. Ноччу не даюць спаць, перакідаюць з камеры ў камеру», — расказала крыніца.

Што тычыцца затрыманай псіхатэрапеўткі, то крыніца паведаміла, што міліцыянты самі падпісалі яе на «экстрэмісцкія» каналы, бо не знайшлі ў тэлефоне аніякага «кампрамату». Судзілі яе за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях), далі 15 сутак арышту.