Хронікі рэпрэсій за 13 сакавіка

Суды, затрыманні, ШІЗА — галоўныя навіны дня ў адным аглядзе.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У Мінску затрымалі былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра Мікалая Зайца. Затрыманне адбылося раніцай 13 сакавіка. Па якой прычыне — пакуль не паведамляецца. Тэлефон Мікалая Зайца недаступны, яго месцазнаходжанне сваякам невядома.

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк зноў у ШІЗА. Пра гэта паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда: «У суботу [11.04.2023] ад Паліны прыляцела кароткая вестка. За зіму Паліна тройчы трапляла ў катавальню ШІЗА: з 29 снежня 2022 года па 8 студзеня 2023-га, з 13 студзеня па 23 студзеня і з 28 студзеня па 27 лютага (30 содняў запар!). Пра свой стан Паліна кората адпісалася: "Трымаюся. Чакаю вясну!" Толькі мы троху ўздыхнулі, як сёння стала вядома, што Паліна ізноў змешчана ў катавальню ШІЗА». Гэта першая за тры месяцы інфармацыя пра палітзняволеную.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска вынесены прысуд дзіцячаму футбольнаму трэнеру Алегу Швайко. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за падзеі 2020 года.

Стала вядома, што 10 сакавіка сілавікі затрымалі гродзенскага лекара і грамадскага актывіста Уладзіміра Пруднікава. Затрыманне прайшло проста на працоўным месцы — у абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Сёння Уладзіміра Пруднікава судзілі. Суд аштрафаваў яго на 20 базавых велічынь.

Завершана следства па справе краязнаўцы і журналіста з Гомеля Яўгена Меркіса. Бліжэйшы час справа будзе перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд. Палітвязню прад'явілі абвінавачанне па арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

7 красавіка пачнецца завочны суд над экс-супрацоўнікам ГУБАЗіКа Станіславам Лупаносавым. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах КК — у тым ліку ў «здрадзе дзяржаве». Лупаносаў унесены ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, а ў 2021 годзе быў прызнаны абвінавачаным па артыкулах аб «замаху на акт тэрарызму» і «несанкцыянаваным капіраванні інфармацыі».

Былога прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева перавялі ў калонію «Воўчыя норы». Яго асудзілі да 4 гадоў ва ўмовах агульнага рэжыму за «злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі» і «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання». Адбываць пакаранне палітвязень будзе ў калоніі №22 пад Івацэвічамі.

У Гродзенскім абласным судзе пачаўся працэс па справе Мікалая Куляшова, Аніты Бакуновіч і Ягора Кузіна. Як паведамляюць праваабаронцы, яны былі затрыманы ў верасні пры спробе нелегальна перасячы мяжу з Літвой. Бакуновіч абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» і «замаху на незаконнае перасячэнне мяжы». Куляшоў абвінавачваецца па артыкулах за «наўмыснае незаконнае перасячэнне мяжы, ажыццёўленае арганізаванай групай», «замах на здзяйсненне такога дзеяння», «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні», «крадзеж асабістых дакументаў» і «замах на падробку дакументаў». Курзіну прад'яўлена абвінавачанне ў «замаху на незаконнае перасячэнне мяжы» і «ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу». Куляшоў і Бакуновіч прызнаны палітвязнямі.

Паводле звестак «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1447 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1730 чалавек, у тым ліку 191 жанчыну і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.