Карбалевіч: Інцыдэнт у Мачулішчах — трыгер для новага вітка палітычнага тэрору

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на «Свабодных навінах плюс» разважае пра тое, чаму рэжым ухапіўся за версію з «украінскім дыверсантам», але не адказаў на падрыў расійскага самалёта ваенным нападам — і як гэта адаб'ецца на сітуацыі ўнутры краіны.

a_50_1_logo_1.jpg

А-50. Ілюстрацыйнае фота: «Insider»


Праўда занадта шматгранная для таго, каб хто-небудзь дазваляў сабе думаць, што ён ведае праўду.

Джавахарлал Неру


Цягам чатырох дзён пасля атакі на расійскі самалёт на аэрадроме ў Мачулішчах беларускія ўлады маўчалі, рабілі выгляд, што нічога не адбылося. Затым праўладныя СМІ пачалі актыўна аспрэчваць сам факт нападу, сцвярджалі, што інфармацыя пра дыверсію — фэйк, выдумка «збеглых». Бо гэтая падзея непрыемная для кіруючага рэжыму, яна разбурае цэлы шэраг міфалагем пра жалезны парадак, устаноўлены ў краіне пасля пратэстаў.

Але 7 сакавіка Лукашэнка нечакана перапыніў маўчанне і агучыў сваю версію падзей. Ён прызнаў, што на аэрадром сапраўды была здзейснена атака з дапамогай беспілотнікаў. Хоць, паводле яго слоў, «істотных пашкоджанняў самалёт не атрымаў». Паводле версіі Лукашэнкі, напад арганізавалі спецслужбы Украіны, украінскі дыверсант злоўлены і дае паказанні, якія транслююць на дзяржаўных тэлеканалах. (Украінскі МЗС абверг дачыненне Украіны да гэтай падзеі).

Чаму нечакана змянілася тактыка ўлад адносна гэтага інцыдэнту ў Мачулішчах? Перш за ўсё, таму што эпоха інтэрнэту робіць інфармацыйную прастору празрыстай, шыла ў мяшку не схаваеш. І той, хто адмаўляе відавочны факт, заўсёды прайграе. Тым больш што расійскія блогеры сталі выдаваць крыўдныя для Лукашэнкі каментары з гэтай нагоды. І ўлады вырашылі, што ўжо лепш прызнаць факт, але даць сваю, выгадную ім інтэрпрэтацыю.


Другі важны момант. Улады вырашылі, што версія са злоўленым украінскім дыверсантам выглядае для іх выйгрышна.

І Лукашэнка вырашыў памяняць мінус на плюс і ўключыў рэверс, задні ход. Мала таго, пасля яго выступлення ўся прапагандысцкая машына пачала падрабязна, кожны дзень, прадастаўляць новую інфармацыю пра напад на расійскі самалёт. Інакш кажучы, вакол інцыдэнту ў Мачулішчах пачала разгортвацца палітычная кампанія. Яна павінна выканаць адразу некалькі задач.

Адказнасць за атаку на самалёт узяла на сябе арганізацыя былых сілавікоў «B*POL». Улады палічылі гэтую версію не вельмі выгаднай для сябе. Таму што яна ставіць пад сумнеў іх здольнасць ажыццяўляць жорсткі кантроль над краінай.

Таму была прапанавана іншая версія, згодна з якой беларускія партызаны былі задзейнічаны ў гэтай гісторыі, але на другарадных ролях. А арганізавала напад на расійскі самалёт Служба бяспекі Украіны з дапамогай амерыканскага ЦРУ (як жа такая грандыёзная аперацыя магла абысціся без ЦРУ?), польскіх і літоўскіх спецслужбаў. Гэта значыць, атрымліваецца нейкая сусветная змова супраць Беларусі. Тут Лукашэнка кіруецца логікай: чым больш ворагаў, тым больш гонару. І адпаведна вырастае міжнародны маштаб яго фігуры.

Украінскі след гэтай дыверсіі закліканы пацвердзіць наратывы расійскай і беларускай прапаганды пра першапачатковую агрэсіўнасць «кіеўскага рэжыму» і апраўдаць саўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.

Але ўзнікла адна праблема. Усе памятаюць, як Лукашэнка шмат разоў папярэджваў, што як толькі ўкраінцы нападуць на тэрыторыю Беларусі, адказ будзе «самым жорсткім», «страшным», таму што беларускае войска вельмі моцнае.

І вось напад адбыўся. Праўда, на расійскі самалёт. Але на беларускім аэрадроме. «Што ж, выклік кінуты», — заявіў Лукашэнка. Можна было б чакаць той самай «жорсткай» рэакцыі, якая была абяцана. Як кажуць, трэба адказваць за базар.

Аднак яго адказ быў нечаканым. Ён заявіў: «Калі яны разлічваюць (я ж ведаю, што яны хочуць нас уцягнуць у вайну па камандзе амерыканцаў)... Калі вы думаеце, што вы, кінуўшы гэты выклік, уцягнеце нас у вайну заўтра, якая сёння ідзе ўжо па ўсёй Еўропе, вы памыляецеся».


На самой справе «вельмі жорсткая» рэакцыя звялася да банальнай грубай абразы ў адрас украінскага лідара («прэзідэнт Зяленскі — проста гніда»). Такая своеасаблівая слоўная кампенсацыя за немагчымасць даць ваенны адказ.

Паводле афіцыйнай версіі, украінскаму дыверсанту (БТ назвала яго імя — Мікалай Швец) дапамагалі шмат беларусаў. Ствараецца ўражанне, што Лукашэнка нават узрадаваўся гэтай акалічнасці. Бо цяпер усе праціўнікі Лукашэнкі абвяшчаюцца памагатымі замежных дыверсантаў. Інцыдэнт у Мачулішчах можа развязаць рэжыму рукі для пашырэння рэпрэсій, стаць трыгерам для новага вітка палітычнага тэрору. Тут працуе ўмоўны рэфлекс лукашэнкаўскага рэжыму — адказваць гвалтам на любую праблему: ад росту цэн да дыверсіі. Гэта такі ўніверсальны спосаб вырашэння ўсіх складаных пытанняў, якія паўстаюць перад грамадствам.

У сувязі з гэтай атакай на самалёт Лукашэнка распарадзіўся «па ўсёй краіне правесці вельмі жорсткую зачыстку». З яго слоў можна зрабіць выснову, што ён фактычна адмовіўся ад свайго намеру частковай амністыі для «беглых» з дапамогай адмысловай камісіі на чале з генпракурорам Андрэем Шведам. Паводле паведамлення МУС, іх намаганні «накіраваны на выяўленне схаваных ячэек экстрэмістаў і іх памагатых».

Прычым аб'яўлена вайна не толькі палітычным апанентам. Па ўсёй краіне арыштоўваюць чальцоў стралковых клубаў, страйкбалістаў, рэканструктараў, уладальнікаў дронаў, рэпрэсіі распаўсюджваюцца на новыя пласты насельніцтва. Цэлыя вёскі ахоплены суцэльнымі праверкамі і ператрусамі. Лік арыштаваных ідзе на сотні. Толькі за 10 сакавіка ГУБАЗіК даў справаздачу аб затрыманні 60 чалавек. У гэты дзень сілавікі паказалі каля дзясятка новых відэа жорсткіх затрыманняў людзей або відэа іх допытаў.

Захоп «украінскага дыверсанта», выкрыццё яго беларускіх памочнікаў закліканы прадэманстраваць сілу, доблесць і эфектыўнасць сілавых структур. Маўляў, вось яны — «красаўцы», сапраўдныя героі Беларусі. Насуперак дыскрэдытацыі і дэманізацыі іх незалежнымі СМІ. Лукашэнка прызнаўся, што на другі дзень пасля дыверсіі ён лаяўся на кіраўнікоў сілавых ведамстваў, «мацюкальныя словы гаварыў». Але, злавіўшы ўкраінскага дыверсанта, яны рэабілітаваліся.

Такім чынам прапаганда спрабуе пераканаць грамадства, што менавіта сілавыя структуры з'яўляюцца базавым інстытутам сацыяльнага даверу, якарам грамадскай стабільнасці, апорнай канструкцыяй палітычнай сістэмы краіны.


Нарэшце, яшчэ адзін важны мэсэдж: у Беларусі ўсё пад кантролем. Гэта пэўная дэманстрацыя Расіі, адказ расійскім блогерам, якія пачалі пакусваць Лукашэнку. Маўляў, у вас там дыверсанты з дронамі атакуюць па ўсёй краіне і вы не можаце нікога злавіць, а тут, у Беларусі, як толькі — дык адразу. І захоп «украінскага дыверсанта» павінен змікшаваць непрыемнае пытанне: а як жа дапусцілі дыверсію?

Тут Лукашэнка знайшоў удалы спосаб апраўдацца за правал сілавых структур. Паводле яго версіі, украінскага дыверсанта прапусцілі не беларускія, а расійскія памежнікі: «Праз мяжу з Украінай ён прайсці не мог — яна закрытая... Ён перасек латвійска-расійскую мяжу. Памежнікі расійскія, на жаль, прапусцілі яго. Хоць не павінны былі гэтага рабіць». Вось хто вінаваты!