Дыверсія, падарваная стабільнасць і «зачыстка». Версія прапаганды

Падрыў расійскага выведвальнага самалёта ў Мачулішчах моцна ўзрушыў уладную вертыкаль і сілавікоў. Па ўсёй краіне праходзяць затрыманні, а прапаганда «па гарачых слядах» кляпае сюжэты. 

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


7 сакавіка падчас уручэння дзяржаўных узнагарод Лукашэнка расказаў пра затрыманне чалавека, датычнага да «спробы» дыверсіі на вайсковым аэрадроме Мачулішчы. У той жа дзень праўладныя тэлеграм-каналы паказалі відэа затрымання. 8 і 9 сакавіка АТН выпусціў два сюжэты пра выканаўцу і «памагатых» дыверсіі, дзе назваў іх прозвішчы і задачы. «М*дыязона» сабрала ўсё, што вядома пра «арганізацыю» дыверсіі.

Мікалай Швец. «Завербаваны СБУ»

Затрыманым за дыверсію аказаўся Мікалай Швец з пазыўным «Гаспар». Швец — грамадзянін Украіны, які ў Крыме атрымаў расійскі пашпарт і вярнуўся ў Кіеў, дзе, як сцвярджаюць праўладныя СМІ, быў завербаваны СБУ.

У снежні Швец нібыта атрымаў заданне на падрыў расійскага борта А-50 у Мачулішчах. 15 студзеня ён выехаў з Кіева ў Варшаву, адтуль на аўтобусе паехаў у Беларусь, але беларускія памежнікі яго ў краіну не пусцілі. Тады Швец дабраўся да Рыгі, а затым пераехаў у расійскі Пскоў. На рэйсавым аўтобусе Швец даехаў да Мінска.

Віталь Якуцік. «Рыхтаваў схроны з дронамі»

У сюжэце праўладных СМІ гаворыцца, што арандаваць кватэру ў Беларусі Швецу дапамог беларус Віталь Якуцік. «Наша Н*ва» даведалася, што Якуціку 35 гадоў, ён захапляўся стральбой і стабільна займаў высокія месцы на спаборніцтвах па практычнай стральбе ў Беларусі.

Выданне пісала, што за некалькі дзён да затрымання Швяца КДБ «наведвалася» ў госці да ўдзельнікаў стралковых клубаў, страйкбалістаў і рэканструктараў. Усім паказвалі фотаздымак Віталя Якуціка і адпраўлялі на паліграф.

Праўладныя СМІ лічаць, што да прыезду Швяца ў Беларусь Якуцік рыхтаваў схроны з дронамі і іншым абсталяваннем, якімі «збіраліся падарваць самалёт».


— Я замовіў таксі і паехаў у бліжэйшы ад гэтага пункта пасёлак. Адтуль я пайшоў пешшу некалькі кіламетраў, знайшоў схрон, пагрузіў у заплечнік і паехаў назад у кватэру, — сказаў на допыце Швец.

«НН» мяркуе, што Віталь Якуцік цяпер знаходзіцца не ў Беларусі.

Міхаіл Дзёмін. «Даставіў рэтранслятар»

Паводле версіі дзяржаўных СМІ, Швец спрабаваў запусціць дроны 19 лютага. Аднак лятальныя апараты дрэнна «слухаліся» каманд кіравання з-за дрэннага сігналу пульта-робата. Для больш устойлівага сігналу патрэбны быў рэтранслятар, які дапамог даставіць беларус Міхаіл Дзёмін. Праўладныя СМІ падкрэсліваюць, што Дзёмін часта бываў ва Украіне.

Пра месцазнаходжанне Дзёміна ў сюжэце не паведамляецца. Таксама няма інфармацыі, ці затрыманы ён. Аўтары сюжэту называюць яго проста «памагатым».

Ала Яцута. «Мусіла вывезці дыверсанта з Беларусі»

Калі Швец сыходзіў з месца кіравання дронамі, то страціў заплечнік з абсталяваннем, гаворыцца ў сюжэце АТН. Аператыўны супрацоўнік КДБ у сюжэце кажа, што так падазраваны ў падрыве расійскага выведвальнага самалёта А-50у быў устаноўлены ў дзень дыверсіі. У інтэрнэце арыенціроўкі на Швяца з'явіліся на наступны дзень пасля дыверсіі.

Паводле версіі дзяржаўных СМІ, вывезці Мікалая Швяца з Беларусі павінна была ўкраінка Ала Яцута. Для гэтага яна 25 лютага прыехала ў Беларусь, спынілася «пагасціць» у стрыечнай сястры Ліліі Шарай. У сацыяльных сетках беларускі ёсць відэа, дзе яна сустракае Алу Яцута.

У сюжэце, які паказалі 7 сакавіка, сцвярджаецца, што гэта Яцута арандавала для Швяца кватэру ў Беларусі. 9 сакавіка праўладны тэлеканал заявіў, што гэтым займаўся Якуцік.

Яцута павінна была сустрэцца са Швяцом у Століне і адтуль дапамагчы яму эвакуявацца ва Украіну. Аператыўны супрацоўнік КДБ у сюжэце кажа, што гэты план не атрымаўся праз узмацненне беларускім бокам дзяржаўных межаў.

«М*дыязона» спрабавала звязацца з дзяўчынай, але яна выдаліла сваю старонку ў Фэйсбуку пасля прачытання паведамлення.

Яўгенія Тачыцкая. «Дапамагла знайсці дом для дыверсанта»

Пасля правалу плана эвакуацыі Швец паспрабаваў схавацца ў Беларусі. У вёсцы Слабада ён нібыта кінуў сваю першую машыну, а на трасе Мінск — Мікашэвічы сеў у машыну да Міхаіла Дзёміна. Той завёз хлопца ў Столін, дзе Швец сустрэўся з Алай Яцута. Дзяўчына перадала яму ключы ад кватэры-прытулку, пасля чаго пакінула Беларусь. Сястры ўкраінка сказала, што ў яе дома захварэла дзіця.


У сюжэце расказваюць, што першая кватэра-прытулак была ў Мінску, але Швяцу паступіла каманда яе змяніць, бо яе раскрылі беларускія спецслужбы. Другі прытулак быў у Мінскім раёне. Паводле інфармацыі з праўладнага сюжэту, дапамагла яго знайсці лекарка-псіхатэрапеўтка Яўгенія Тачыцкая (у першым сюжэце яе называлі Кацярынай).

Яўгенія цяпер жыве ў Польшчы. На пытанні «М*дыязоны» яна не адказала.

Лапацін. «Адвёз дыверсанта»

Дом, дзе Швяцу трэба было схавацца, знаходзіўся ў садовым таварыстве «Бярозавы гай-1» Бараўлянскага сельсавета. З Мінска ў садовае таварыства Швеца адвёз Лапацін. Праўладныя СМІ не называюць яго імя, але кажуць, што ён «таварыш Тачыцкай». Невядома, ці затрыманы ён.

Людзі, якія пражываюць у садовым таварыстве, расказалі выданню, што ў гэтым жа доме 4 сакавіка затрымалі Алега Сычова разам з жонкай. У той жа дзень сілавікі паказвалі аднавяскоўцам арыенціроўку на Швяца.

— У суботу бліжэй да абеду нашу вёску ачапілі. Выбарачна спынялі машыны, правяралі багажнікі, тэлефоны. Цікавіліся канкрэтна жыхарамі-мужчынамі, — расказала журналістам «Люстэрка» жыхарка вёскі Анастасія.

Дакладная дата затрымання Швяца невядомая. Відэа, як у дом Сычова ўрываюцца сілавікі і затрымліваюць Швяца, з'явілася 7 сакавіка.

У гэты ж дзень Лукашэнка заяўляў пра затрыманне 20 памагатых Швяца, аднак праўладныя СМІ не называюць аніводнага прозвішча затрыманых.

«Зачыстка» па ўсёй краіне

Як стала вядома праваабаронцам, сілавікі абшукваюць лецішчы людзей, раней затрыманых па палітычных матывах. Пасля затрымання ў Бараўлянскім сельсавеце меркаванага «ўкраінскага тэрарыста», нібыта датычнага да дыверсіі ў Мачулішчах, назіраецца актыўнасць сілавікоў і ў іншых садовых таварыствах.

На станцыі Палонка (Баранавіцкі раён) да гаспадароў адной з дач прыйшлі сілавікі разам з міліцыянтамі. Паведамляецца, што праваахоўнікі праяўляюць асаблівую цікавасць да людзей, раней затрыманых па палітычных матывах — іх з надуманых падстаў просяць прыехаць да свайго дома для правядзення ператрусу.


Таксама сілавікі сцвярджаюць, што толькі за ўчора ГУБАЗіК «адпрацаваў» больш за 60 чалавек. Як заяўляюць у МУС, «намаганні супрацоўнікаў ГУБАЗіК накіраваны на выяўленне схаваных ячэек экстрэмістаў і іх памагатых, у тым ліку асоб, якія фінансуюць злачынную дзейнасць супраць Беларусі. Як правіла, асоб, звязаных з наймітамі і членамі экстрэмісцкіх фарміраванняў, такіх як план «Пер*мога», гатовых супрацоўнічаць з тэрарыстамі. Кропкава спыняецца дзейнасць актывістаў унутры краіны, якія распальваюць варожасць у інтэрнэце».

21 з «адпрацаваных» прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, 5 — да крымінальнай.