Інвалід, які ў Беразіне здымаў на відэа сілавікоў, а потым апынуўся ў рэанімацыі, — былы «афганец» (абноўлена)
Праваабаронцы паведамляюць пра чарговы выпадак, які дасканала характарызуе як сённяшніх беларускіх міліцыянтаў, так і агульную сітуацыю з законнасцю ў краіне.
Праваабаронцам
стала вядома пра выпадак, які адбыўся 9 сакавіка ў горадзе Беразіно Мінскай вобласці.
Як паведамляюць сведкі, мясцовы жыхар Уладзімір Панцюх на аўтавакзале пачаў
здымаць дзеянні супрацоўнікаў ДАІ, якія правяралі маршруткі. Мужчына
палічыў, што даішнікі паводзілі сябе нахабна і хамілі кіроўцам. Як толькі
супрацоўнікі ўбачылі тэлефон, адразу падбеглі, павалілі мужчыну на зямлю і
павезлі яго ў аддзел.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, праз гадзіну Уладзіміра прывезлі ў рэанімацыю з сардэчным прыступам і слядамі збіцця. Зараз мужчына знаходзіцца ў бальніцы пад канвоем.
Затрыманы мае трэцюю групу інваліднасці, у яго чатыры перанесеныя інфаркты і тры аперацыі шунтавання. Нягледзячы на ўсе гэта, Уладзіміра Панцюха плануюць судзіць — але па якім артыкуле, пакуль невядома.
Насуперак сведкам затрымання, версія інцыдэнту ў сілавікоў іншая — нібыта Уладзімір у нецвярозым стане распачаў бойку на вакзале, за што і быў затрыманы.
Праверка маршрутак, якію ладзілі даішнікі, імаверна, была звязана са страшнай аўтааварыяй пад Смалявічамі 20 лютага. У выніку сутыкнення маршруткі і МАЗа загінулі 11 чалавек, 9 чалавек трапілі ў бальніцы. Кіроўца МАЗа быў затрыманы. Пасля гэтага ўлады пачалі правяраць маршруткі на наяўнасць сродкаў бяспекі.
Варта таксама дадаць, што апошнімі днямі сілавікі актыўна кашмараць беларусаў у розных гарадах і нават вёсках. Адпаведны загад ім у духу гітлераўскіх нацыстаў часоў Другой сусветнай вайны даў асабіста Лукашэнка. Ён так і сказаў: правесці па ўсёй краіне «жэстачайшую зачыстку».
«А ім я хачу сказаць, каб яны рыхтаваліся. Мы ўжо да іх
ідзем. Нашы хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца. Лепшы варыянт — калі яны
прыйдуць самі: рукі ўверх, прыйдуць і здадуцца. Гэта будзе для іх выратаванне.
Мы іх вылічым усіх. Вычысцім проста з нашага грамадства», — заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе сваіх палітычных
апанентаў і проста нязгодных з ягонай дыктатарскай палітыкай.
Шэраг скандальных
заяваў Лукашэнка зрабіў 7 сакавіка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.
Бяскрыўднае, здавалася б, мерапрыемства пераўтварылася ў гучны стэндап, цягам
якога Лукашэнка на мяжы істэрыкі «выкрываў» удзельнікаў дыверсіі на ваенным аэрадроме ў
Мачулішчах.
Прэзідэнта
Украіны Уладзіміра Зяленскага ён тады некалькі разоў назваў «гнідай».
UPD. Стала вядома, што збіты пасля затрымання ў Беразіне 53-гадовы Уладзімір Панцюх з'яўляецца ветэранам Афганскай вайны. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Б*ларусь галаўнога мозга». На той вайне Уладзімір быў двойчы паранены і кантужаны. Пасля дэмабілізацыі жыў у Расіі ў пасёлку Беларускі недалёка ад Ніжневартаўска. У Беларусь вярнуўся ў 1992 годзе.