Ксёндз, на якога завялі крыміналку ў 2020 годзе, распавёў, як вырваўся за мяжу і як жыве цяпер
Ксёндз Дзьмітры Прыступа — адзіны каталіцкі сьвятар, на якога завялі крымінальную справу пасьля пачатку пратэстаў 2020 году. Ён расказаў «Св*бодзе» сваю версію падзеяў.
Цяпер Дзьмітры вучыць падставам маралі дзяцей у Польшчы і падарожнічае з сваім сабакам Бро.
«Ён пракаціўся крыху па капоце»
Ксяндзу Дзьмітрыю 31 год, нарадзіўся ў Баранавічах. Захапляўся боксам, быў, зь ягоных словаў, непаслухмяным дзіцём, вёў «дваровае жыцьцё». Амаль адразу пасьля школы паступіў у манаскі ордэн братоў-сэрцанаў каля Кракава. Пражыў там 10 гадоў, вярнуўся ў Беларусь, дзе Прыступу высьвяцілі на сьвятара. Служыў у касьцёле ў горадзе Ляхавічы і вёсцы Сваятычы Берасьцейскай вобласьці, але толькі 1 год і 3 месяцы.
11 жніўня 2020 году здарыўся выпадак, які моцна зьмяніў жыцьцё ксяндза Дзьмітрыя. Упершыню з таго часу ён публічна расказвае сваю вэрсію таго, што адбылося ў гэты дзень.
Са словаў сьвятара, усё адбылося каля дзевятай гадзіны вечара. Ён ехаў на машыне сваёй знаёмай па Баранавічах. Свой аўтамабіль Дзьмітры 9 жніўня даў калегам-сьвятарам, але іх затрымалі падчас пратэстаў і пасадзілі за краты. Дзе знаходзіўся ягоны аўтамабіль, ксёндз Прыступа ня ведаў. Па дарозе дадому ён вырашыў заехаць у цэнтар гораду, каб паглядзець, што там адбываецца.
«Я як сацыяльны чалавек цікавіўся тымі справамі. Сьвятар — гэта публічная асоба, ён павінен арыентавацца, што адбываецца ў грамадзтве», — тлумачыць суразмоўца.
Ксёндз прайшоўся па цэнтры Баранавічаў, людзей там амаль не было. Калі вяртаўся да машыны, то ўбачыў, што па закрытай у тыя дні вуліцы з аднабаковым рухам у сустрэчны бок едзе аўтобус ПАЗ.
«Раптоўна з гэтага «ПАЗіка» выбягаюць невядомыя людзі ў чорным, у рыштунку, шаломах — і пачынаюць гнаць людзей», — успамінае сьвятар.
Ён хутка пабег у машыну, сеў за стырно і паехаў у бок Дому афіцэраў, каб у двары перачакаць «хапун».
«Невядома было, што адбудзецца. Я ведаў, што і машыны білі, і людзей выцягвалі», — кажа ксёндз Дзьмітры.
Калі ён заяжджаў у двор, то ўбачыў, як перад ім бягуць людзі, а з-за рога Дому афіцэраў выскачылі «людзі ў чорным» з дручкамі ў руках і паказвалі яму, каб спыніўся.
«Але ж вядома, што я ня буду слухацца на дарозе, калі гэта не супрацоўнікі ДАІ. Я каціўся з хуткасьцю 5-10 кілямэтраў на гадзіну. Тады я троху прытармазіў, уключыў дальняе сьвятло, каб разгледзець, хто гэта такія, але я не разабраўся, бо людзі ў чорным, з дручкамі. Ніякіх пазнакаў, што гэта міліцыя. Невядома, што адбываецца», — тлумачыць сьвятар.
У гэты момант ён пачуў, што нехта ўдарыў па машыне.
«Тады я прыняў рашэньне, што трэба ўцякаць, бо напалі невядомыя. Я перажываў таксама за сваё жыцьцё. Трапіў у паварот у 90 градусаў і заўважыў, што перада мой стаіць адзін з гэтых людзей. Ён ня ведаў, у які бок бегчы, а я ехаў проста. Я зьбіў яго. Ён пракаціўся крыху па капоце, хуткасьць была невялікая. Потым ён устаў і пайшоў», — успамінае сьвятар.
Ён тлумачыць, што ў момант сутыкненьня сачыў у люстэрка за людзьмі, якія засталіся збоку ад машыны.
«Калі я адвярнуў галаву, ён быў у мяне на капоце. Пачаліся крыкі. Я націснуў на газ і зьехаў. Калі я ўцякаў зь месца, на відэа зь відэарэгістратару відаць, што іншыя падобнага кшталту людзі размахвалі дручкамі і хацелі ці ўдарыць па машыне, ці нешта яшчэ», — расказвае ксёндз Дзьмітры.
Ужо пазьней ён даведаўся, што зьбіў 42-гадовага вайскоўца з баранавіцкай часткі, якая займаецца перавозкай зьняволеных. Яго завуць Віталь Харошка, старшы прапаршчык.
«Я тады ім сказаў, што альбо буду жыць у вас на мяжы, або ў буфэрнай зоне»
Наступны тыдзень ксёндз Прыступа спакойна служыў у касьцёле ў Ляхавічах. Ён вырашыў, што нічога страшнага не здарылася. А 17 жніўня даведаўся, што яго шукаюць.
«Я проста сабраўся і выехаў. Я меў 15 хвілінаў часу, каб сабраць рэчы», — успамінае суразмоўца.
Прыступа расказвае, што ўзяў толькі кампутарную тэхніку і валізку рэчаў на першы тыдзень. У сьвятара было шчаня нямецкай аўчаркі зь мянушкай Бро. У момант ад’езду гаспадар нават ня меў часу, каб адкрыць вальер і разьвітацца са сваім гадаванцам. Пазьней яму прывезьлі сабаку зь Беларусі, цяпер яны разам. Дзень сустрэчы з Бро сьвятар называе найпрыгажэйшым за апошнія тры гады.
У ксяндза Дзьмітрыя быў сталы від на жыхарства ў Польшчы. Аднак тады польскія памежнікі не пускалі людзей праз каранавірусныя абмежаваньні. Ён паехаў празь Літву. Але і там зь літоўскага боку яму доўга не дазвалялі праезду.
«Я тады ім сказаў, што альбо я буду жыць у вас на мяжы, або ў буфэрнай зоне, але ў Беларусь ужо не вярнуся. Я паказаў дакумэнты, што я сьвятар. Урэшце дазволілі праехаць з умовай, што я буду ехаць адразу ў Польшчу, без прыпынку ў Літве», — расказвае суразмоўца.
Потым ён даведаўся, што празь 10 хвілінаў пасьля таго, як ён перасек мяжу, сілавікі ў Беларусі пра гэта ўжо ведалі.
З Польшчы ксёндз напісаў запыт у Сьледчы камітэт Беларусі. Яму даслалі адказ, зь якога вынікала, што на Прыступу завялі крымінальную справу за «наўмысны гвалт над супрацоўнікам унутраных справаў» (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу) і абвясьцілі ў вышук. Паводле матэрыялаў справы, сьвятар нібыта наўмысна наехаў на вайскоўца, а той зьведаў «удар ніжняй траціны правага сьцягна і фізычны боль». Ад сваіх крыніцаў ксёндз Прыступа ведае, што вайсковец, які праходзіць пацярпелым у справе, сур’ёзна не пацярпеў.
Са словаў суразмоўцы, каталіцкае кіраўніцтва ў Беларусі ніяк не адрэагавала на ад’езд сьвятара.
«Мяне як ня стала ў беларускім касьцёле, проста як бы не было чалавека. Нуль рэакцыяў. Але сьвятары ў Беларусі паклапаціліся, каб зьявіўся адвакат у маёй справе. Шмат хто дапамагаў фінансава, каб я мог тут стабілізавацца», — кажа ксёндз Дзьмітры.
З другога боку, у Польшчы яго падтрымалі браты па манаскім ордэне, далі жытло, забясьпечылі неабходным.
«Сказалі, што добра, што я зьехаў. Ніхто мяне не асуджаў і не караў за гэта. Я быў на размовах з галоўным сьвятаром свайго манаскага ордэну. Ён падышоў па-бацькоўску. Ён выслухаў ня толькі мяне, але ведаў і ўсе прэтэнзіі з боку сьледчых Беларусі», — расказвае сьвятар.
Ён тлумачыць, што пасьля ад’езду зь Беларусі афіцыйна ўжо ня мусіць падпарадкоўвацца беларускім іммасьцеі ьным уладам, а толькі біскупу ў Лодзі.
«Чытаю Караткевіча, Быкава, нават Сьвятое Пісаньне чытаю па-беларуску»
Дзе жыць і чым займацца ў Польшчы беларускаму сьвятару, вырашаў галоўны ксёндз манаскага ордэну. Спачатку ён адправіў беларуса на адпачынак у Закапанэ. Потым Дзьмітрыя зь ягонай згоды накіравалі служыць у горад Бэлхатаў каля Лодзі, а пазьней ён перавёўся ў Лодзь. Цяпер выкладае рэлігію ў сярэдняй школе, адпраўляе богаслужэньні на беларускай мове, займаецца справамі парафіі, адпявае памерлых, вянчае маладых. Дзень звычайна заняты з 7-й гадзіны да 21-й.
«Сьвятар, які праходзіць па крымінальнай справе ў Беларусі, вучыць рэлігіі і маральнаму жыцьцю ў Польшчы», — усьміхаецца ксёндз Дзьмітры.
Наконт сваёй фінансавай базы ксёндз кажа, што ён залежыць выключна ад ахвяраваньняў. У ягонай парафіі досыць складаная сытуацыя, бо шмат людзей «нізкага сацыяльнага статусу», да таго ж у Лодзі няшмат вернікаў.
«Часам вымушаны зводзіць канцы з канцамі, каб пратрымацца, але на хлеб з маслам хапае. Я таксама даглядаю, кармлю свайго сабаку», — кажа сьвятар.
Летась ён быў у Нарвэгіі ў адпачынку. Калі працаваў у Беларусі, мог дазволіць сабе адпачынак толькі ў Польшчы. Ксёндз Дзьмітры заўважае, што ён ня мае складанасьцяў у Польшчы як сьвятар і як беларус, хаця паўсюль ёсьць і добрае, і кепскае.
«Я шчасьлівы сьвятар. Больш за ўсё мяне турбуе магчымасьць прапаведаваць Божае слова там, дзе я ёсьць. У Польшчы я як сьвятар і як грамадзянін маю свабоду слова. Я тут адчуваю сябе ў бясьпецы. Я магу раіць людзям, як быць шчасьлівымі. Толькі дзякуючы таму, што я вернік, я яшчэ застаюся сьвятаром, хаця былі цяжкія сытуацыі», — прызнаецца ён.
Нядаўна ў Лодзі пачалі праходзіць рэгулярныя службы на беларускай мове. На іх прыходзіць у сярэднім 20-30 чалавек. Аднак, нягледзячы на невялікі попыт, душпастыр мяркуе, што працягваць гэтую справу варта.
«Гэта неабыякавыя маладыя людзі, якія клапоцяцца пра сваю Бацькаўшчыну. Большасьць зь іх размаўляюць стала па-беларуску. У нас на Вялікдзень будзе сьвятая імша адразу на польскай і беларускай мовах. Магчыма, гэта будзе першая такая служба ў Польшчы. Цікава, што ініцыятыва прыйшла ад палякаў», — расказвае ён.
Амаль усё дарослае жыцьцё ксёндз Дзьмітры правёў у Польшчы, вучыўся па-польску і працуе пераважна таксама на польскай мове, аднак падчас інтэрвію добра гаворыць па-беларуску.
«Чытаю Караткевіча, Быкава, нават Сьвятое Пісаньне чытаю па-беларуску, гляджу навіны, размаўляю зь людзьмі. Заўсёды ў маёй галаве ёсьць словы, што калі мы забудзем сваю мову, то нашчадкі нас асудзяць», — тлумачыць ён, як удалося захаваць родную мову ў іншай краіне.
Ён марыць аднойчы вярнуцца ў Беларусь, хоць пакуль лічыць гэта немагчымым. Ці прыедзе ён некалі на радзіму не толькі ў госьці, а каб жыць пастаянна, сьвятар цяпер ня ведае. Кажа, што гэтае пытаньне задае сабе штодня.
«Магчыма, я буду ў Польшчы або ў Латвіі, або ў Афрыцы. Божае слова прапаведаваць можна паўсюль. А дзе гэта будзе, няхай Бог гэтым пакіруе», — кажа ён.