Саша Філіпенка: Лукашэнка ўжо «другі нумар»
Пісьменнік і публіцыст Саша Філіпенка з 2020 года актыўна выступае супраць рэжыму Лукашэнкі і гвалту сілавікоў. Яго голас — адзін з нямногіх, што яшчэ гучаць у Еўропе. У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» Філіпенка разважае пра розніцу паміж беларусамі і расійцамі, пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і пра тое, ці стане вайна глабальным канфліктам.
Саша Філіпенка — беларускі пісьменнік, які піша на рускай мове і раманы якога перакладзены на 16 еўрапейскіх моў. У гэтыя дні ў Германіі ён прадставіў на Міжнародным літаратурным фестывалі «LitCologne» свой гістарычны раман «Крэмулятар» — пра сталінскія рэпрэсіі, расстрэлы і таемнае крэміраванне цел (на прыкладзе лёсу першага дырэктара Данскога крэматорыя ў Маскве ў 1927 — 1941 гадах). На літаратурным вечары ў Кёльне пісьменнік сабраў поўную залу.
Саша Філіпенка, які нарадзіўся ў Мінску, — не толькі аўтар шасці кніг. 38-гадовы пісьменнік актыўна выступае супраць рэжыму Лукашэнкі і развязанай Пуціным вайны ва Украіне: публікуе артыкулы ў вядучых еўрапейскіх выданнях, сустракаецца з палітыкамі і ўвесь час мае сустрэчы з заходняй публікай. У 2020 годзе ён вымушаны быць з'ехаць на Захад, сёння жыве з сям'ёй у Швейцарыі. У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» пісьменнік расказаў пра тое, чаму шмат хто ў Расіі чакаюць Сталіна, пра астылую цікавасць Захаду да Беларусі, а таксама падзяліўся сваім сцэнарам развіцця канфлікту ва Украіне.
Руская мова, рэпрэсіі і раман пра Пуціна
— Вы неяк сказалі, што руская мова не належыць Расіі...
— Я ў гэтым цвёрда перакананы. Руская мова сапраўды не належыць Расіі. Яна належыць нам, беларусам, яна належыць людзям ва Украіне. Я ведаю салдат УСУ, якія цяпер знаходзяцца на лініі судакранання, якія ваююць, размаўляючы пры гэтым і на рускай мове таксама. Яна належыць людзям, якія гавораць на ёй у Грузіі, у Латвіі і, безумоўна, у Расіі. Як англійская мова не належыць толькі амерыканцам і англічанам. Нам вельмі трэба забраць рускую мову ў Пуціна і паказаць, што руская мова можа быць мовай свабоды, а не толькі імперскіх каштоўнасцей.
— Ваш апошні раман «Крэмулятар» — пра рэпрэсіўную машыну пры Сталіне. У вас няма адчування, што шмат хто ў Расіі чакаюць новага Сталіна? У лютым на адкрыццё помніка «бацьку народаў» у Валгаградзе прыйшлі сотні чалавек...
— У некаторай ступені, можа быць, дачакаліся. Але я б не параўноўваў усё-ткі, таму што часы розныя. Няма сэнсу параўноўваць жахі: вайну і рэпрэсіі. Ёсць людзі, якія сапраўды чакаюць Сталіна. Ёсць людзі, якія сімпатызуюць Пуціну. Але я б не перабольшваў колькасць гэтых расійцаў, таму што ўсе гэтыя апытанні, якія мы цяпер бачым, гэта апытанні ў канцлагеры. У Расіі апытанні часта праводзяць паліцыянты, і дзіўна чакаць нейкіх іншых адказаў. На жаль, мы бачым значна больш вялікую частку расійцаў, якія не займаюць аніякай пазіцыі, большасць неяк хаваецца ў штодзённасці.
— У аснове рамана «Крэмулятар» ляжаць пратаколы допытаў дырэктара першага Маскоўскага крэматорыя Несцярэнкі, які працаваў у дзве змены, спальваючы па начах трупы людзей, таемна расстраляных НКУС. А затым ён і сам быў арыштаваны. Але першая асацыяцыя на назву — гэта пра Крэмль, а не пра крэматорый.
— Трэба проста прачытаць кніжку, там ёсць дакладны адказ, чаму «Крэмулятар». Гэта прылада, якая перамолвае рэшткі пасля крэмацыі ў пыл. Гэта важная метафара. Мне хацелася паказаць, як краіна, як рэжым знішчае чалавека, не пакідаючы ад яго абсалютна нічога. Чалавек, які працуе ў крэматорыі, таксама становіцца крэмулятарам, ён становіцца часткай гэтай машыны, млыном, які зацірае, і мне хацелася паказаць, як гэта працуе. Безумоўна, людзі чуюць слова «Крэмль». Мне здаецца, гэта сімвалічна. Аднак сэнс трошкі ў іншым. Але добра, калі і назва, і кніга абрастаюць сэнсамі.
— А пра Пуціна не хочаце раман напісаць?
— Не. Калі вы зойдзеце ў любую нямецкую краму, вы ўбачыце мільёны кніг пра Пуціна. Пасля 24 лютага і пачатку вайны стала столькі «пуціназнаўцаў»! Мне цікава, дзе ўсе гэтыя людзі былі раней? Чаму яны не папярэдзілі, што будзе вайна? І не слухалі пісьменнікаў, якія папярэджвалі.
«Апошні дыктатар Еўропы»
— Вы нарадзіліся і выраслі ў Мінску. Там жывуць вашы бацькі, сябры. Як вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі? Якія настроі?
— Разгорнуты каласальныя, фундаментальныя рэпрэсіі, і людзі спрабуюць выжыць у гэтых умовах. Няма пратэстаў, і немагчыма ўявіць, што яны аднекуль цяпер пачнуцца, бо няма перадумоў. Паводле маіх адчуванняў, людзі, безумоўна, стаміліся ад таго, што знаходзяцца пад гэтым прэсам. Калі ў іх будзе магчымасць зажыць у шчаслівай, свабоднай краіне, я не думаю, што хтосьці адмовіцца, абярэ дыктатуру і скажа: «Не, мы хочам так, як цяпер».
— На Захадзе Лукашэнку называлі апошнім дыктатарам Еўропы…
— Ужо даўно не. Ён ужо другі нумар.
— Лукашэнка цягам сваёй доўгай палітычнай кар'еры часта спрабаваў уседзець на двух крэслах і нават не раз рабіў спробы збліжэння з Еўропай. Як так выйшла, што ён усё-ткі схіліўся да Пуціна?
— У мяне няма адчування, што ён схіліўся да канца, ён яшчэ дзесяць разоў ад яго адвернецца. Мне здаецца, што гэта найвялікшы флюгер у гісторыі палітыкі. Ён шле, як мне здаецца, дагэтуль сігналы, што ён гатовы быць з Еўропай. Нават тое, што ён цяпер істэрычна абзывае Зяленскага, як у дзіцячым садку, мне здаецца, у яго разуменні дэманструе тое, што, маўляў, глядзіце, я абзываю, але войскі не ўваходзяць. У мяне няма адчування, што ён выбраў крэсла. І яго наогул не цікавіць выбар крэсла. Цяпер Пуцін гарантуе яму тое, што ён будзе ва ўладзе на дадзены момант.
— На выбарах вы галасавалі за Святлану Ціханоўскую. Як вы ацэньваеце яе ролю сёння, калі яна ў выгнанні і ўдалечыні ад сваіх выбаршчыкаў?
— Я галасаваў за Ціханоўскую не таму, што мне падабалася яе праграма, а таму, што яна абяцала новыя выбары. Другі пункт: мне здаецца, што яна супер вырасла як палітык, праводзіць вялікую дыпламатычную працу. Мне хочацца пажадаць ёй поспеху, каб яе муж хутчэй апынуўся на волі.
Вайна ва Украіне і міжнародная павестка
— У вас няма адчування, што за апошні год у сувязі з вайной ва Украіне пра Беларусь неяк пачалі забываць?
— Пра Беларусь забыліся, няма такой краіны ў парадку дня. Я даваў інтэрв'ю, і нямецкі журналіст сказаў: «Як добра, што ў вас усё больш-менш нармалізавалася ў Беларусі». Ці я выступаў у Жэневе, і швейцарская журналістка сказала мне:«Якое права вы маеце гаварыць пра Беларусь, калі ідзе вайна ва Украіне?» Вайна ва Украіне — гэта трагедыя, гора, і мы ўсе спрабуем дапамагчы Украіне, як можам. Але гэта не адмяняе таго, што дзевяць мільёнаў беларусаў застаюцца закладнікамі ў краіне. У Беларусі нічога не вырашылася, канфлікт не скончаны, рэпрэсіі працягваюцца. Еўропа ў 2020 годзе рашуча не абараніла, не заступілася і здала Беларусь Расіі. Мы бачылі асобныя рашучыя крокі некаторых дыпламатаў, якія абаранялі Святлану Алексіевіч каля яе кватэры. Але мы не бачылі агульнай пазіцыі.
— У Беларусі сотні тысяч людзей выходзілі на пратэсты пасля сфальсіфікаваных выбараў. Вы таксама выходзілі. У Расіі ж людзі выйшлі на пратэсты толькі ў першыя дні вайны. Чаму яны гэтага не робяць, чаму гэтых людзей так мала?
— Сцісла: таму што няма лідараў пратэсту, таму што закрытае грамадства (а Расія цяпер — закрытае грамадства) заўсёды пратэстуе горш, чым адкрытае грамадства. Няма сэнсу параўноўваць Грузію, Украіну, Беларусь, Расію. Людзі паводзяць сябе ў сілу розных прычын інфантыльна. Прасцей за ўсё сказаць, што ўсе ідыёты і не гатовыя, давайце выкапаем роў і запусцім кракадзілаў, нацягнем калючы дрот, а яны самі там разбяруцца... Гэта так не працуе.
— Частка еўрапейскіх палітыкаў асцерагаюцца перарастання вайны ў глабальны канфлікт. А вы?
— Галоўныя мантры, якія я чую: нельга даць Пуціну выйграць, бо гэта будзе катастрофай для ўсёй Еўропы, і нельга даць Пуціну прайграць, бо гэта таксама будзе катастрофай для ўсёй Еўропы. І таму давайце расцягваць гэты канфлікт, будзем даваць столькі зброі, каб Украіна не выйгравала, але і не прайгравала. А Украіну будуць проста ўвесь гэты час раўняць з зямлёй. Пытанне — якія настроі выйграюць: людзей, якія клапоцяцца пра свой асабісты дабрабыт, ці ж тых, якія палічаць, што настаў час рашуча дзейнічаць і рашуча дапамагчы Украіне. Увесь час, і ў Германіі, кажуць, што нашпігавалі Украіну зброяй, што яна проста ўся ў зброі. А я размаўляю з салдатамі УСУ — яны і цяпер у лахманах, у іх летняя форма, усе акопы ў лужынах, аўтаматы 1960-х гадоў, старыя, іржавыя...
— Я ведаю аднаго чалавека, які, прачытаўшы 15 старонак «Крэмулятара», адклаў яго. Маўляў, і так страшна ад таго, што адбываецца кожны дзень, усё занадта жудасна і цяжка, каб яшчэ і пра НКУС чытаць...
— Калі б дачытаў, яму стала б лягчэй. Гэта таксама тэрапія.