Саша Філіпенка: «Расійскае грамадства нават не паспрабавала»
У чым розніца паміж беларусамі і расійцамі, калі ў абедзвюх краінах аднолькава садзяць за антываенны пратэст? Ці ёсць у Расіі салідарнасць? Ці глядзяць цяпер беларусы на жыхароў Расіі з расчараваннем? Пра гэта ў праграме «Живой гвоздь» вядучыя спыталі беларускага пісьменніка Сашу Філіпенку.
Філіпенка сказаў, што ён можа адказваць толькі за сябе.
— Я не расчараваўся ў сваіх сябрах у Расіі, ні ў кім. Мае сябры выйшлі, мае сябры выходзілі ў Пецярбургу, у Маскве. Я чарговы раз зразумеў, што ў мяне ў жыцці нейкі вялікі прывілей, мне вельмі шанцуе: у мяне няма сяброў, якія б падтрымалі вайну ці не выказаліся б.
Калі ж гаварыць пра ўсё расійскае грамадства, то, як мяркуе Філіпенка, яго ў Расіі няма, у адрозненне ад беларускай грамадзянскай супольнасці, якая сфарміравалася ў 2020 годзе. На думку Філіпенкі, яна і цяпер ёсць унутры Беларусі.
— Сэнс у тым, што беларусы выходзілі на маршы пратэстаў, і іх забіралі да і пасля іх. Цяпер няма гэтых маршаў пратэсту, застаецца толькі пастаяннае «да» і «пасля».
На заўвагу вядучых, што ў Расіі таксама кожны дзень заводзяць справы за пратэсты, Філіпенка адказаў, што, па яго меркаванні, у Расіі няма той салідарнасці, няма ў кожнага чалавека таго разумення, якое было ў Беларусі ў 2020 годзе — што ад цябе нешта залежыць. Наадварот, ёсць дакладнае разуменне, што «зараз ад мяне нічога не залежыць».
— І гэта не тое каб прэтэнзія. Я ўсё гэта выдатна разумею, мне не трэба тлумачыць, што такое страх унутры краіны, мы адчувалі яго дзясяткі гадоў. Пытанне ў тым, што я назіраў у Расіі з пачаткам вайны і пазней: расійскае грамадства, на маю думку, нават не паспрабавала, не было моманту, калі хаця б паспрабавалі.
Філіпенка кажа, што ў Расіі, дзе жыве «крыху больш людзей», чым у Беларусі, павінна было выходзіць больш людзей супраць вайны.
— Я не заклікаю ўсіх выйсці на вуліцу. У мяне ёсць сябры, якія ў дваццатым годзе не выходзілі на вуліцы, але пры гэтым рабілі вельмі шмат усяго, што яны не баяліся рабіць. Ты не можаш скочыць вышэй за галаву. Але я не назіраў гэтай спробы. У Расіі не было мільёнаў [пратэстоўцаў], Масква не стаяла.
Мінск стаяў. У Мінску можна было любую кватэру абакрасці летам дваццатага года і восенню, таму што не было людзей у дамах — усе былі на вуліцы. У Расіі я гэтага не бачыў.
У маім уяўленні колькасць людзей, якія выходзяць у Маскве, супастаўная з колькасцю людзей, якія пераблыталі выхад станцыі метро і выйшлі ў іншы бок. Іх было, па маім уяўленні, на фоне таго, што цяпер адбываецца — ніколькі.
Філіпенка кажа, што гэта не адмяняе подзвігу кожнага чалавека, які выходзіў і выходзіць з адзіночнымі пікетамі.
— Я бачу цяпер, што людзі ходзяць у рэстараны, жывуць звычайным жыццём паўсядзённым, што для іх гэта нейкая вайна каланіяльная, дзесьці далёка. І я не вельмі разумею проста, як людзі спраўляюцца самі з сабой. Як не паспрабаваць хаця б? Ну, умоўна, увесці правіла: калі вы баіцеся суда, да першай адміністрацыйкі пазмагайся. Зразумела, што я не вельмі сур'ёзна пра гэта кажу, але ўсё ж такі, зрабі хоць нешта.
У маім уяўленні людзі ў Расіі цяпер перапалохаліся на апярэджанне трохі.
Ён кажа, што можа параўноўваць, бо выходзіў на акцыі і маршы і ў Расіі, і ў Беларусі.
— У Расіі заўсёды было больш вегетарыянскае стаўленне [да пратэстоўцаў]. Калі ў Пецярбургу быў марш за Навальнага, я стаяў, на мяне ішоў паліцэйскі, у мяне не было думкі ад яго бегчы. Ён ляніва да мяне ішоў, і я разумеў, што мы зараз пагаворым. У Беларусі ў мяне не было ніводнай думкі стаяць, калі я бачыў амапаўца. Я бег хутчэй, чым [сусветны рэкардсмен Усэйн] Болт.
Мы — не смелыя. Я да таго, што не было [з боку расіян], у маім уяўленні, нават спробы нейкай вялікай. Я яе не назіраў, — сказаў Філіпенка.
Паводле «Наша Н*ва»