Абвастрэнне канфліктаў унутры сістэмы? Цалкам верагодна!
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст для «Філіна» разважае пра тое, што можа азначаць зліў пра чыноўнікаў, якія супраць вайны, і наколькі вялікія шанцы ў беларускіх вайскоўцаў ад абароны мяжы перайсці ў наступ.
Дом урада. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
— Беларускія ўлады размясцілі на мяжы з Украінай прапагандысцкія білборды, з дапамогай якіх намякаюць, што сапраўдным акупантам для ўкраінцаў з’яўляецца ЗША. Украінскія памежнікі дасылаюць беларускім калегам папярэджанні з дапамогай павешанага на дрэве манекена ў расійскай форме.
Адбываецца гэта на фоне вучэнняў украінскіх падраздзяленняў на мяжы з Беларуссю. Чым могуць скончыцца падобныя перформансы?
— Тое, да чаго гэта можа прывесці, мала залежыць ад гэтага інфармацыйнага кантэксту. Я б сказаў, што пакуль людзі вось так лаюцца, то наўрад ці яны заўтра будуць ваяваць.
Хаця гэта не ад іх залежыць. Магчыма, гэта нават не ад Лукашэнкі залежыць. Калі ў Маскве палічаць, што трэба, то тады пойдуць ці расійскія войскі, ці расійскія разам з беларускімі.
Што да абмену інфармацыйнымі залпамі такога кшталту, то падобная сітуацыя гадамі назіралася на 38-й паралелі паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэямі. Гэта і зараз працягваецца, але не ператвараецца ў вайну.
Так, украінцы ўмацоўваюць сваю мяжу. Я так разумею, што і беларускі бок робіць тое самае.
Пакуль толькі ўмацоўваецца мяжа, мы не маем звестак пра тое, што той ці іншы бок рыхтуецца да атакі. Пакуль што вядома пра падрыхтоўку да абароны.
І калі звярнуць увагу на апошнія заявы ўкраінскіх вайскоўцаў, яны, як мантру, паўтараюць, што верагоднасць наступу на Украіну з поўначы невысокая. Хаця цалкам гэта не выключана.
— Тут можна яшчэ прыгадаць нядаўні зліў пра расійскія ДРГ, якія мусілі на днях учыніць правакацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы пад камерамі расійскага прапагандыста Салаўёва.
— Падобных інфармацыйных укідаў было шмат на працягу апошняга года. Колькі ўжо гаварылася пра тое, што можа паўтарыцца правакацыя на ўзор Гляйвіца, альбо Майнільскага інцыдэнту, які стаў фармальнай нагодай для нападу СССР на Фінляндыю.
Але, па-шчырасці, я слаба веру ў такое. Па той прычыне, што пры жаданні дыверсію ў Мачулішчах можна было назваць «казус бэлі», прызнаць нагодай для вайны. Тым больш што гэта ўпісвалася б у тую рыторыку, якую ўжываў Лукашэнка і беларускія прапагандысты.
Маўляў, вось ён, тэрарыстычны акт. На нас напалі — не на расійцаў, а на нас. Увесь час пра гэта гаварылася. Таму пры жаданні можна было сказаць: «І ў адказ на гэта мы ідзём у паход».
У адказ на гэта прагучала, што яны такія-сякія, былі розныя словы ў адрас Зяленскага. І потым: «Не-не, у вайну ўвязвацца мы не будзем».
Акрамя таго, у гэтым выпадку называлася канкрэтная дата: нешта мусіла здарыцца на мяжы 11 сакавіка. Ці то Салаўёў не прыехаў, ці яшчэ штосьці, але ніякіх Майніл, ніякага Гляйвіца не здарылася.
— «Наша Н*ва» апублікавала звесткі сваіх крыніц ва ўладзе пра тое, хто ў атачэнні Лукашэнкі быў за ўступленне ў вайну, а хто выступіў супраць. Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што гэтая публікацыя магла быць злівам. Маўляў, занадта смелы крок для крыніц выдання на фоне падпісання расстрэльнага закона за здраду радзіме.
Ці падзяляеце вы гэтую крытыку? Каму можа быць выгадна такая публікацыя?
— Пачнём з таго, што гэта толькі версія. Я прытрымліваюся думкі, што насамрэч толькі зараз нехта вырашыў рызыкнуць пра гэта расказаць. Дарэчы, гаворкі не было пра тое, што гэтыя людзі цяпер у Беларусі.
Там гаварылася толькі пра крыніцы. Сёння чалавек у краіне, заўтра з’ехаў. Магчыма, тое, што пра гэта не гаворыцца, шыфруе крыніцу. Бо маглі родныя застацца ў Беларусі.
Каму гэта можа быць выгадна, калі гэта ўсё ж не сітуацыя «не магу маўчаць», а мэтанакіраваны зліў? Магчыма, гэта зроблена з мэтай дыскрэдытаваць у вачах расійцаў «галубоў» у атачэнні Лукашэнкі.
Гэта такая відавочная мэта — паказаць, хто тут «контра».
Магчыма, гэта спроба абвастрэння канфліктаў унутры гэтай сістэмы. Гэта можа быць выгадна любому з бакоў, а можа і нейкай трэцяй сіле. І ўсё ж мне падаецца, што гэта занадта канспіралагічная версія.
Мне зразумелая пазіцыя Усава, якая грунтуецца на тым, што Лукашэнка — гэта марыянетка, ад якой нічога не залежыць. Якая зробіць усё, што ёй скажуць.
Але я так асцярожна заўважу, што і людзі ў ЕС, якія прымаюць рашэнні наконт санкцый, і людзі ў Кіеве сыходзяць з меркавання, што сёе-тое ад яго залежыць. А калі залежыць, то варта памятаць, што любы лідар мае сваіх дарадцаў, ён не адзін, гэта сістэма.
І ён прымае рашэнні, слухаючы розныя галасы. Зразумела, што ўсе яны лаяльныя, усе яны адстойваюць інтарэсы рэжыму, але яны могуць бачыць гэтыя рызыкі па-рознаму.
Як мы памятаем з гісторыі вайны ў Афганістане, уварвання войскаў СССР у Чэхаславаччыну, у савецкім кіраўніцтве таксама былі супярэчнасці.
Гэта не азначае, што яны рвалі кашулі на грудзях. Але былі розныя падыходы, людзі мелі розныя меркаванні. Таму, у такі ланцуг гістарычных паралеляў, сам па сабе факт супярэчнасцей абсалютна ўпісваецца.
А ўжо з гэтымі персанажамі ці з іншымі? Можа, усё было не так і за вайну выступалі зусім іншыя людзі, як іншыя не хацелі ў яе ўступаць. Але гэта цалкам праўдападобна.
Цалкам інтэрв'ю з Юрыем Дракахрустам чытайце на «Салідарнасці».