Другі грузінскі, трэці малдоўскі фронт — і ятаганам у спіну РФ
Чаму ва ўсіх падзеях у свеце РФ бачыць толькі рускі інтарэс? Пра гэта разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Як я пагляджу, у Расіі вельмі знерваваліся грузінскімі пратэстамі. Нават прыгразілі зраўняць Тбілісі з зямлёй. Вось Кіеў за тры дні ўжо ўзялі, так цяпер можна заняцца Тбілісі. Таму што грузінскія пратэсты — не проста сабе пратэсты. Грузінскія пратэсты — гэта, аказваецца, другі фронт супраць Расіі. Гэта значыць, калі грузіны — у Грузіі! — выходзяць на вуліцы, каб абурыцца грузінскім законам пра грузінскіх замежных агентаў, то гэта яны выступаюць не супраць грузінскага ўрада, а супраць Расіі.
Ну так, мабыць, уладкаваны вялікі рускі свет, што ў гэтым свеце няма месца ніякім нацыянальным інтарэсам. І ўнутраных спраў у гэтым свеце ніякіх не бывае. Таму што ў ім ёсць толькі расійскія інтарэсы. І самі па сабе народы ў гэтым свеце нічога для сябе хацець не могуць, а могуць толькі хацець чым-небудзь нашкодзіць Расіі. (Некаторыя могуць хацець чаго-небудзь добрага для Расіі, аднак гэта здараецца рэдка).
І я, вядома, здзіўляюся, чаму пры такім шырокім разліцці геапалітычных інтарэсаў Расія знайшла ў сябе яшчэ толькі другі фронт. Вось у Малдове днямі заявілі, што раскрылі сетку з некалькіх дзясяткаў расійскіх агентаў, якія рыхтавалі звяржэнне ўрада. Сем гэтых агентаў, кажуць, ужо арыштавалі. Так нават я разумею, што несімпатычны Расіі ўрад, які не дазваляе сябе зрынуць на карысць сімпатычнага, робіць гэта (не дазваляе сябе зрынуць) выключна дзеля ўшчамлення расійскіх геапалітычных інтарэсаў. Гэта значыць, сваімі варожымі дзеяннямі супраць расійскіх агентаў Кішынёў цынічна адкрыў супраць Расіі трэці малдоўскі фронт.
А Арменія? Арменія днямі адмовілася ад сваёй квоты намесніка старшыні калектыўнай бяспекі. Яна, мабыць, пакрыўдзілася, што калектыўная бяспека краіне ніяк не дапамагла ў апошнім канфлікце з Азербайджанам. Але ж калектыўную бяспеку не затым прыдумалі, каб абараняць Арменію, а каб зрабіць айчынны аналаг НАТА, у якога аналагаў у свеце няма.
Гэта значыць, недаацэнка Арменіяй сусветна-гістарычнага значэння АДКБ — гэта не ўнутраная армянская справа. Гэта практычна абвяшчэнне пра адкрыццё чацвёртага армянскага фронту. І толькі тым, што сведкі імперскай велічы былі занадта занятыя на другім грузінскім фронце, можна растлумачыць той факт, што яны не адказалі на гэты выклік магутным залпам вербальных інтэрвенцый.
А ятаган у спіну прыляцеў наогул без абвяшчэнне, што характэрна, заднім днём. Турцыя з 1 сакавіка закрыла транзіт у Расію грузаў, якія падпадаюць пад санкцыі. Але, паколькі Расія вельмі хоча заняць месца турэцкага сыравіннага прыдатка, то пра гэтыя варожыя дзеянні ўслых лепш, вядома, не казаць. Раптам Эрдаган пакрыўдзіцца і не возьме ў прыдаткі. Таму турэцкі пяты — сакрэтны.
Увогуле, пяць антырасійскіх франтоў — менш чым за пяць дзён! І гэта калі лічыць з выходнымі. І не лічыць агрэсіўнага блока НАТА. Калі справа і далей пойдзе такімі тэмпамі, то на Зямлі хутка мала застанецца месца, дзе супраць Расіі не было б якога-небудзь антырасейскага фронту. Пры тым, вось я заўважыў, што чым больш у Расіі альтэрнатыўных перамог ва Украіне, тым яна становіцца больш адчувальнай да ўшчамлення сваіх нацыянальных інтарэсах у іншых кутках свету.