«Цяжка сказаць, хто знаходзіцца ў больш складаным становішчы: украінец у акопе або беларус у засадзе»

Ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны беларускія партызаны намагаюцца перашкодзіць гэтай вайне і выкарыстанню тэрыторыі Беларусі расійскімі войскамі. «Associated Press» пагутарыла з адным з выканаўцаў дыверсіі ў Мачулішчах і кіберпартызанамі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Пасля таго, як Расія ўварвалася ва Украіну, партызаны з Беларусі пачалі здзяйсняць акты сабатажу на чыгунцы, у тым ліку падрываць пуцявое абсталяванне, каб паралізаваць рэйкі, якія расійскія войскі выкарыстоўвалі для дастаўкі войскаў і зброі ва Украіну.

Падчас апошняй дыверсіі, якая патрапіла ў загалоўкі міжнародных СМІ, яны атакавалі расійскі вайсковы самалёт.

Беларускія партызаны і «двухгаловы вораг»

«Беларусы не дазволяць расійцам свабодна выкарыстоўваць нашу тэрыторыю для вайны з Украінай, і мы хочам прымусіць іх сысці, заявіў «Associated Press» у тэлефоннай размове Антон, беларускі вайсковец у адстаўцы, які далучыўся да групы дыверсантаў. — Расійцы павінны зразумець, на чыім баку напраўду ваююць беларусы».

Беларусь працягвае размяшчаць расійскія войскі, а таксама вайсковыя самалёты, ракеты і іншую зброю, праз што паўстаў партызанскі рух, накіраваны на зрыў аперацый Крамля як на месцах, так і ў Інтэрнэце, тым часам як улады спрабуюць расправіцца з дыверсантамі, пагражаючы ім смяротным пакараннем і працяглымі тэрмінамі турэмнага зняволення.

Актывісты кажуць, што чыгуначныя атакі вымусілі расійскіх вайскоўцаў адмовіцца ад выкарыстання цягнікоў для адпраўкі войскаў і матэрыяльных сродкаў ва Украіну.

Цягам першага года вайны Аляксандр Лукашэнка ўсвядоміў, што ўцягванне ў канфлікт «дорага яму абыдзецца і справакуе небяспечныя працэсы ўнутры Беларусі», сказаў Антон Матолька, каардынатар беларускай вайсковай маніторынгавай групы «Беларускі Г*юн».


Напрыканцы лютага асацыяцыя былых сілавікоў «B*POL» узяла на сябе адказнасць за атаку беспілотніка на расійскі вайсковы самалёт, дыслакаваны на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах. Лукашэнка прызнаў факт нападу праз тыдзень, заявіўшы, што пашкоджанні самалёта былі нязначнымі, але прызнаў, што яго давялося адправіць у Расію для рамонту. Ён таксама заявіў, што выканаўца нападу быў арыштаваны разам з больш чым 20 саўдзельнікамі і што ў таго былі сувязі з украінскімі службамі бяспекі.

Як Еўрапол, так і ўкраінскія ўлады адхілілі абвінавачанні ў дачыненні Кіева да дыверсіі ў Мачулішчах. Кіраўнік «B*POL» Аляксандр Азараў заявіў, што людзі, якія ўчынілі напад, змаглі бяспечна пакінуць Беларусь.

«Мы не знаёмыя з чалавекам, пра якога казаў Лукашэнка», — пракаментаваў ён.

Атака на самалёт, які, паводле слоў Азарава, выкарыстоўваўся, каб дапамагчы Расіі выявіць украінскія сістэмы СПА, была «спробай асляпіць расійскую вайсковую авіяцыю ў Беларусі».

Ён сказаў, што група рыхтуе іншыя аперацыі па вызваленні Беларусі «ад расійскай акупацыі» і вызваленні Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі.

«Сёння ў нас ёсць двухгаловы вораг, — сказаў Азараў. — І Лукашэнку ёсць чаго баяцца».

Беларускія партызаны заяўляюць, што яны ўжо здзейснілі 17 буйных дыверсійных актаў на чыгунцы. Першы адбыўся ўсяго праз два дні пасля таго, як расійскія войскі ўварваліся ва Украіну.

Праз месяц тагачасны кіраўнік «Укрзалізныці» Аляксандр Камышын заявіў, што «чыгуначных зносін паміж Украінай і Беларуссю больш няма», і падзякаваў за гэта беларускім партызанам.

Іншая група партызанаў дзейнічае ў кіберпрасторы. Іх каардынатарка Юльяна Шаметавец заявіла, што каля 70 беларускіх ІТ-спецыялістаў узломваюць базы даных расійскага ўрада і атакуюць вэб-сайты расійскіх і беларускіх дзяржаўных устаноў.


«Будучыня Беларусі наўпрост залежыць ад ваеннага поспеху Украіны, — сказала Шаметавец. — Мы спрабуем зрабіць свой унёсак у перамогу Украіны, наколькі гэта ў нашых сілах».

У мінулым месяцы кіберзлачынцы паведамілі пра ўзлом даччынай кампаніі Раскамнагляду. Яны заявілі, што змаглі пранікнуць ва ўнутраную сетку кампаніі, загрузіць больш за два тэрабайты дакументаў і электронных лістоў і падзяліцца звесткамі, якія паказваюць, як расійскія ўлады падвяргаюць цэнзуры інфармацыю пра вайну ва Украіне.

Яны таксама ўзламалі дзяржаўную базу звестак Беларусі, якая змяшчае інфармацыю пра перасячэнне мяжы, і цяпер рыхтуюць справаздачу пра ўкраінскіх грамадзян, якія былі завербаваны Расіяй і адправіліся на сустрэчу са сваімі куратарамі ў Беларусь.

Акрамя таго, кіберпартызаны дапамагаюць правяраць беларусаў, якія добраахвотна ўступаюць у полк Кастуся Каліноўскага, што змагаецца разам з украінскімі войскамі. Шаметавец сказала, што ім удалося ідэнтыфікаваць чатырох супрацоўнікаў службы бяспекі сярод заяўнікаў.

Беларускія ўлады пачалі рэпрэсіі супраць партызанаў

У траўні мінулага года Лукашэнка падпісаў указ аб увядзенні смяротнага пакарання за спробу здзяйснення тэрарыстычных актаў. У мінулым месяцы беларускі парламент таксама ўвёў смяротнае пакаранне за дзяржаўную здраду. Лукашэнка падпісаў гэтую меру ў чацвер.

«Беларускія ўлады сур'ёзна напалоханы маштабамі партызанскага руху ўнутры краіны і не ведаюць, што з гэтым рабіць, таму ў якасці асноўнага інструмента яны выбралі жорсткія рэпрэсіі, запалохванне і страх», — сказаў юрыст Павел Сапелка. Дзясяткі людзей былі арыштаваны, многія ўцяклі з краіны.

Сяргей Вайцяховіч вядзе блог у Telegram, дзе ён рэгулярна публікуе паведамленні пра расійскія вучэнні ў Беларусі і размяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі і войскаў у краіне. Яму давялося пакінуць Беларусь пасля таго, як улады пачалі расследаванне ў дачыненні да яго па абвінавачанні ў «дзяржаўнай здрадзе» і «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання».

Вайцяховіч сказаў, што яго 15-гадовы брат быў нядаўна затрыманы — так сілавікі спрабуюць аказаць на яго ціск, каб ён закрыў блог і супрацоўнічаў са службамі бяспекі.

«Федэральная служба бяспекі Расіі вельмі незадаволеная тым фактам, што інфармацыя пра перамяшчэнні расійскай вайсковай тэхнікі становіцца здабыткам грамадскасці», — сказаў Вайцяховіч.


Паводле звестак «В*сны», за апошнія 12 месяцаў 1575 беларусаў былі затрыманы за іх антываенную пазіцыю, а 56 былі асуджаны па розных абвінавачаннях да турэмнага зняволення на тэрміны ад 1 года да 23 гадоў.

Былы вайсковец Антон кажа, што разумее рызыкі. Падчас аднаго з актаў на чыгунцы ён працаваў з трыма памочнікамі, кожны з якіх быў асуджаны ў лістападзе больш чым да 20 гадоў турэмнага зняволення.

«Цяжка сказаць, хто знаходзіцца ў больш складаным становішчы: украінец у акопе або беларус у засадзе», — сказаў ён.