Думкі пра самагубства, дзяцей, рак і Беларусь. Кацярына Ваданосава год змагаецца з хваробай

Мінулай вясной Кацярыне паставілі дыягназ «рак грудзей», а потым выдалілі пухліну. Хіміятэрапію яе арганізм пераносіў вельмі цяжка. Аднойчы ёй пачало здавацца, што з працоўнага камп’ютара мужа растуць слізкія грыбы. Яны ператвараліся ў паўсатлелыя чэрапы. Чэрапы ламаліся, а на іх месцы вырасталі новыя.

Кацярына Ваданосава падчас працы, снежань 2022 года. Фота: Facebook Кацярыны Ваданосавай

Кацярына Ваданосава падчас працы, снежань 2022 года. Фота: Facebook Кацярыны Ваданосавай

Кацярына згадзілася на вялікае і шчырае інтэрв'ю, сведкамі якога сталі журналісты «Люстэрка».

«Я б лепш уставіла новую сківіцу, чым ведаць, што мне давядзецца гады тры адрошчваць валасы да іх ранейшага стану»

Цяпер Кацярына з дзецьмі і мужам жыве ў Беластоку. Яе дачцэ Стэфе дванаццаць, а сыну Яну — восем. За апошнія два гады іх сям’я перажыла некалькі эміграцый. Спачатку — з Мінска ў Вільнюс, адтуль — у Кіеў, затым — з Украіны ў Польшчу. Тут Кацярына працуе на тэлеканале «Белсат» і здымаецца ў гістарычных роліках для праекта «Будзьма беларусамі». На інтэрв'ю ў нас дзве гадзіны, акурат паміж працоўнай планёркай Кацярыны і візітам у бальніцу. Пачынаем, можа, крыху дзіўна — з пытанняў пра валасы: пасля «хіміі» Кацярыне давялося развітацца са сваёй шыкоўнай прычоскай. «Дагэтуль плачу па такой дробязі, як валасы. І буду плакаць яшчэ пару гадоў <…> Лепш бы мне і другую цыцку адрэзалі», — неяк прызналася яна.
— Я любіла свае валасы, уяўляла іх асноўнай часткай свайго вобразу. Па сутнасці, гэта была мая абарона. Калі збірала іх у хвост, то ўжо адчувала сябе аголенай. Валасы для мяне былі чымсьці настолькі важным, што, калі мне адрэзалі грудзі, было амаль усё роўна, а калі давялося хадзіць лысай, стала невыносна, — прызнаецца суразмоўніца. — Думала, сітуацыя крышку палепшыцца, калі яны пачнуць адрастаць. Але не. Я сню сябе з доўгімі валасамі, я сябе з імі ўяўляю. Іншым людзям гэта складана патлумачыць, бо, напрыклад, частка падтрымкі, якая да мяне прыходзіць, кшталту «валасы не зубы, адрастуць». І ты думаеш: «А-а-а-а». Я б лепш уставіла новую сківіцу, чым ведаць, што мне давядзецца гады тры адрошчваць валасы да іх ранейшага стану. Праз тры гады мне ўжо будзе сорак. І нафіга мне тады валасы? (смяецца)
— У які момант стала зразумела, што прыйшоў час стрыгчыся дагала?
— Валасы пачалі выпадаць дзесьці праз два тыдні пасля пачатку хіміятэрапіі. Пры тым што мае дактары намагаліся іх захаваць: падчас працэдур мне надзявалі ледзяны шлем (спецыяльную «шапачку», якая дапамагае зменшыць прыток крыві да валасяных фалікулаў, дзякуючы чаму да іх даходзіць і меншая колькасць таксічнага прэпарату. — Заўв. рэд.), але ён не выратаваў. Мае валасы аказаліся настолькі густыя, што мароз не даходзіў да скуры галавы. У выніку пачалі з’яўляцца пралысіны. Я даставала валасы жмутамі і разумела: гэта незваротны працэс, а значыць, няма чаго чакаць. Таму папрасіла мужа, каб ён мяне пагаліў.
— Пра што думалі падчас стрыжкі?
— Я тады дала сабе ўстаноўку прыняць усё стаічна. Гэта атрымалася. У працэсе мы нават смяяліся. Васіль ніколі не стрыг нагала не тое што жанчыну, але і сябе. І гэта ў яго не сказаць каб добра атрымлівалася (смяецца). Потым мы палічылі мае пралысіны. А пасля стала зусім не смешна. Выратавала тое, што тады да мяне ў госці прыехала сяброўка, мая цымбалістка, і я проста не магла дазволіць сабе расклеіцца.
Пра думкі… Такога, што «ох, я заўтра памру, што са мной будзе», не было. Хацелася, каб галенне хутчэй скончылася. Але праз тое, што валасы густыя, машынка іх не брала, і трэба было літаральна шкрабаць мне гэтую няшчасную галаву. Увесь працэс цягнуўся некалькі гадзін. А ў той вечар мы ішлі на канцэрт, і мне трэба было яшчэ прывесці сябе ў належны выгляд.
— Што сказаў муж, калі скончыў?
— Нічога не сказаў. Ён столькі разоў пагражаў мне галеннем. Жартам, вядома. Калі я скардзілася зранку, што мне патрэбны дзве гадзіны, каб прывесці ў парадак галаву (бо мае кучарахі трэба сушыць і жмякаць асаблівым чынам), ён казаў: «Давай я цябе пастрыгу нагала, і ўсё будзе нармальна». Пасля стрыжкі я ў яго спытала: «Цяпер ты задаволены?» Ён адказаў: «Так, мне падабаецца». У яго ў гэтым плане няма праблем. Ён не надае такога значэння выгляду, як я. Мая свякроў у свой час таксама хварэла на анкалогію. Ён ужо перажыў гэты этап з мамай і быў падрыхтаваны да таго, што будзе.

Кацярына Ваданосава і Сяргей Башлыкевіч. Беласток, верасень 2022 года. Фота: Facebook Кацярыны Ваданосавай

Кацярына Ваданосава і Сяргей Башлыкевіч. Беласток, верасень 2022 года. Фота: Facebook Кацярыны Ваданосавай

— Як гэта было — упершыню выйсці ў людзі лысай?
— На дзіва, не так страшна, як магло б быць. Я загадзя пашыла сабе спецыяльны каптурык і, вітаючыся са знаёмымі, карцінна здымала яго і рабіла паклон, як кавалер на балі ў Людовіка XIV. Было смешна. А яшчэ вельмі канцэптуальнае фота атрымалася з Сяргеем Башлыкевічам (менавіта ён у той вечар выступаў): ён лысы, я лысая — мы былі як блізняты, хіба што я без барады (смяецца). Падумалася, што нашае творчае супрацоўніцтва знешне выглядала б добра.
— Чаму вы вырашылі выкласці ў сеціва і нават паказаць у перадачы відэа сваёй стрыжкі?
— Гэтае пытанне роднаснае таму, чаму я ўвогуле расказваю пра анкалогію. У мяне ёсць сяброўкі, якія цяпер хварэюць і гэта хаваюць. Яны купляюць парыкі — такія, як іх валасы. Чаму? Бо да сёння існуе стыгматызацыя анкалогіі. Я сутыкалася з людзьмі, якія баяліся заразіцца ад мяне. Выкласці відэа стала для мяне свайго роду актам духоўнага эксгібіцыянізму. Мне трэба было сцвердзіць факт таго, што я без валасоў. Спадзявалася, што гэта прымірыць мяне з рэчаіснацю, але аказалася, што не. Але мне ўсё роўна было так лягчэй.
Акрамя таго, я даволі няўпэўнены ў сабе чалавек. Мне часта патрэбна падтрымка ад людзей, я залежу ад чужога меркавання. Падавалася, што пасля публікацыі відэа я атрымаю звонку сілы рухацца далей. Так яно і адбылося. Хаця да сённяшняга моманту сутыкаюся з допісамі ў каментарах і ў асабістых паведамленнях кшталту: «Уберите лысую из кадра» ці «Есть же парики, чего ты выпендриваешься».

«Прачынаюся з рукой на грудзях і разумею: пад рукой пухліна. Іду ў прыбіральню і бачу: яна сапраўды ёсць»

Ніхто са сваякоў Кацярыны ніколі не хварэў на анкалогію. Сама яна заўсёды прытрымлівалася здаровага харчавання, «правільных да ўс****і паводзін» і агулам чатыры гады карміла малаком дваіх дзяцей. Вядоўца нават уявіць не магла, што калі-небудзь у яе дыягнастуюць рак грудзей, але як падкрадалася хвароба?
— У 2020 годзе, калі пачаліся маршы і ўвесь гэты трындзец, я заўважыла, што мой арганізм нейкім чынам на ўсё гэта адгукаецца. У прыватнасці, у мяне пачалося штосьці кшталту лактацыі. Штосьці падцякала з грудзей, але гэта было не малако, а нейкая сукровіца, а потым кроў, — успамінае Кацярына. — У 2021 годзе, калі я зразумела, што з гэтым трэба нешта рабіць, то пайшла ў клінікі на абследаванне. Зрабіла ультрагукавую дыягностыку, схадзіла да мамолага, але тады мне сказалі, што ўсё супер-пупер, проста нарасло шмат кістаў, і адна з іх такая вялікая, што цісне на нейкія пратокі, таму і цячэ кроў. Аналізы паказвалі: па гармонах у мяне ўсё нармальна. Дактары супакойвалі: кісты — не злосныя наватворы, а звычайныя, і раілі з гэтым жыць. І я пачала жыць.
— Вам не прапанавалі выдаліць кісты?
— Можа, калі б я «насела» на дактароў і сказала «Давайце з імі замагацца»… Але гэта былі розныя дактары, у розных медыцынскіх цэнтрах, ды і мне было трошкі не да сябе — рэпрэсіі і ўзровень гвалту ў краіне забіралі значна больш маёй увагі, чым здароўе. І яшчэ, мне падаецца, праз дактароў тады праходзіла столькі людзей… Магчыма, хтосьці чагосьці не заўважыў. А можа, 11 кістаў, якія ў мяне былі, — гэта і праўда нармальна.
Потым мы з’ехалі. Калі ўжо жылі ў Беластоку, мне прыснілася, што баліць у грудзях. Я сардэчніца, мяне часта турбавала сэрца, але гэта быў іншы боль. І вось я прачынаюся з рукой на грудзях і разумею: пад рукой пухліна. Іду ў прыбіральню і бачу: яна сапраўды ёсць. Стала зразумела: трэба ісці і абследавацца. Пайшла я не адразу: мы займаліся легалізацыяй, уладкоўвалі дзяцей у школу (ужо трэцюю за год, польскую пасля літоўскай і ўкраінскай), пятае-дзясятае. У выніку да доктара я трапіла недзе праз паўтара месяца. Гэта быў медпункт у цэнтры ўцекачоў. Чаму пайшла менавіта туды? Праз вайну ўкраінскія рахункі беларусаў заблакіравалі, і я не магла плаціць у медыцынскіх цэнтрах. Акрамя таго, я падалася на міжнародную ахову, на час разгляду справы ў мяне забралі пашпарт, таму гэты медпункт — адзіны шлях для ўцекачоў. Тут мне выпісалі накіраванне ў цэнтр анкалогіі.
— Як праходзіў дзень, калі вам сказалі, што ў вас рак?
— Складаней было прыняць свой стан пасля паходу ў медпункт. Калі зайшла ў кабінет, доктар па-руску пачала на мяне крычаць. Крычала, што гэта канец яе працоўнага дня, што трэба прыходзіць раней. Падалося, што я ў беларускай паліклініцы. Але калі яна ўбачыла, з якой праблемай я прыйшла, супакоілася, перайшла на польскую, назвала мяне панечкай і выпісала тэрміновае накіраванне ў цэнтр анкалогіі. Я адразу зразумела: штосьці тут не тое. Памятаю, ішла пешшу туды, дзе мы цяпер жывём, рэфлексавала, пісала блізкім сябрам пра падазрэнне на рак. А калі пазней мне агучылі дакладны дыягназ, успрыняла гэта спакайней.

vadanosava_2.jpg

Кацярына Ваданосава пасля аперацыі. Беласток, чэрвень 2022 года. Фота: Facebook Кацярыны Ваданосавай

— Што сказаў муж, калі вы агучылі яму свой дыягназ?
— Успрыняў стаічна. Сказаў, будзем рабіць усё магчымае, каб прайсці гэты шлях годна. Парадаваўся, што мы ў Польшчы і мне не будуць уключаюць выступленні Аляксандра Рыгоравіча падчас хіміятэрапіі. Адна мая сяброўка цяпер лечыцца ў Бараўлянах, кажа, у палаце, дзе робяць хіміятэрапію, ідзе «Беларусь 1», і немагчыма выключыць. І ў той жа час засмуціўся: ніхто ж не марыць пра тое, што жонка будзе хварэць на рак.
— У яго не было шоку ад таго, што некалі на рак хварэла мама, а цяпер вы?
— Ён не выбудоўвае эфемерных ланцужкоў. Тым больш ён з 14 гадоў сам змагаецца з патэнцыйна смяротнай хваробай — дыябетам першага тыпу. Да майго раку ён ставіцца па-дзелавому: ёсць праблема, і мы яе вырашаем па меры развіцця.
— А дзеці?
— Калі яны пачулі, што ў мяне рак, то абнялі і спыталі, што далей. Я патлумачыла, і яны, задаволеныя адказам, пайшлі рабіць свае справы. У іх няма такога ўяўлення, што маме можа быць неяк цяжка, што мама можа нешта не вырашыць. У іх вачах я супер-пупер жанчына.

«Муж на руках насіў мяне ў прыбіральню. Здавалася, паміраю»

У чэрвені 2022-га Кацярыну прааперыравалі. Вядоўцы выдалілі пухліну ў грудзях злева і адразу ўставілі імплант. Усё, кажа яна, прайшло добра.
— Гэтыя дактары такія лапачкі, такія добрыя, як кажуць па-польску, «гжэчныя», — усміхаецца Кацярына. — Быў адзін не такі тактоўны, як астатнія, хірург пан Пётр. Уявіце, прайшла аперацыя, я ляжу з імплантам, ён заходзіць у палату, аглядае сваю працу і кажа: «Прыгожа». Я ў адказ: «Дык яна ж большая, чым мая натуральная». Ён жартуе: «Заробіш грошай, зробіш сабе правую такую ж, як левую». Але, нягледзячы на спецыфічны медыцынскі гумар, і пан Пётр проста цудоўны.
А яшчэ мне падабаецца, што ў Польшчы людзей не трымаюць дарма ў бальніцы. Мяне выпісалі, здаецца, на трэці дзень пасля аперацыі. Кагосьці адпускаюць дадому і на другі. Тут ніхто не займаецца тым, што робіць з жанчын невылечна хворых. Гэта не значыць, што пацыентка — ніхто. Гэта значыць, што з табой могуць параіцца, да цябе ставяцца як да асобы.
— Дарэчы, ці цяжка кантактаваць з дактарамі, калі не ведаеш польскай?
— Па-першае, я не занураюся ў спецыфічна медыцынскую частку сваёй хваробы. Не лічу, што мне трэба ведаць, як, напрыклад, называюцца аналізы. Мне хапае таго, што кажуць не на медыцынскім узроўні, а на чалавечым. Па-другое, як ні дзіўна, але, калі мы апынуліся ў Польшчы, хутка я вельмі добра пачала разумець польскую. У мяне бабуля была полька, магчыма, штосьці спрацавала на падсвядомым узроўні. Сама гавару яшчэ далёка не ідэальна, але калі да мяне звяртаюцца, усё разумею. Калі не — заўсёды прашу паўтарыць прасцейшымі словамі, і дактары без праблем ідуць насустрач.
Акрамя таго, яшчэ да пераезду ў Польшчу я перыядычна брала ўрокі ў сябра, які выкладае польскую. Гэта не быў поўны курс, але мы сустракаліся анлайн, ён мне штосьці расказваў, і я за гэта вельмі ўдзячная.
— Прыблізна праз месяц пасля першай аперацыі вам спатрэбілася другая…
— Падчас першай у мяне ўзялі ўзор тканкі. Даследаванне паказала, што яна забруджана болей, чым падавалася. У выніку, каб вычысціць усё да канца, мне зрабілі яшчэ адно шво — зверху над грудзямі злева. А потым на кансіліуме вырашылі: патрэбна яшчэ і хіміятэрапія, бо лімфавузлы забруджаныя. Хоць спачатку казалі, што хіміі не будзе.
— Якую стадыю раку вам ставілі?
— Мне доўга не казалі. Можа, у Польшчы на гэтым так не засяроджваюць увагу, як у Беларусі. Пухліна ў мяне была агромністая і цягнула на трэцюю стадыю. А па выніках аналізаў, яшчэ да аперацыі, мне гаварылі пра першую. Тлумачылі: нягледзячы на памер пухліны, вакол, здавалася, усё чысценька. Але потым выявілася, што вузлы забруджаныя, і першая стадыя ўжо не агучвалася. У размовах дактароў я чула і другую, і трэцюю. Але якая дакладна, не ведаю, не пытала. Цяпер рэгулярна праходжу абследаванне сваіх вантробаў. Напрыклад, у мяне знайшлі штосьці ў нырцы, і дактары вырашаюць, нармальна гэта ці не, метастазы гэта ці што яшчэ.
— Не пытаеце, бо баіцеся даведацца нешта страшнае?
— Не. Рэч у тым, што я б вельмі не хацела надаваць сваёй хваробе нездаровую ўвагу. У мяне шмат спраў, дзе патрэбны актыўны ўдзел, таму, замест таго каб вычытваць у інтэрнэце акалічнасці свайго дыягназу, я лепш пачну закройваць камянецкую світку ці шыць дамачоўскі гарсэт (смяецца). Сфера маіх інтарэсаў не распаўсюджваецца на медыцыну. Не хочацца марнаваць каштоўныя хвіліны свайго жыцця на тое, што мне не цікавае.
— Але ж гэта датычыць вашага жыцця і здароўя.
— Мяне больш датычыць рэканструкцыя строю XV стагоддзя, якая ў мяне марудна рухаецца, і я думаю: божа, калі я ўжо яго скончу. Я фартушок цяпер вышываю ад мсціслаўскага строю. Гэта мне цікавей.
— Колькі курсаў «хіміі» вам прызначылі?
— Шэсць, але прайшла я толькі чатыры, бо ў мяне здохла печань. Яна настолькі не прымала прэпарат, што апошнія два курсы адмянілі.
Падчас «хіміі» мне было вельмі кепска. Балела ўсё — ад вачэй да пазногцяў. Дачка некалькі дзён не хадзіла ў школу, даглядала мяне. А я проста ляжала. Муж на руках насіў мяне ў прыбіральню. Здавалася, паміраю. Я не магла дыхаць, не магла заставацца адна. Памятаю, неяк Стэфа засела ў суседнім пакоі з телефонам і ў навушніках, а Васіль выйшаў у краму. Я ляжу і разумею: зараз памру. Адчувала, што не магу дыхаць, так мне балюча. Быццам пада мной вуглі. Я нават не магла крыкнуць, бо не мела сіл. Тады мне было страшнавата. Плюс у мяне пачаліся галюны. Адзін быў прыкольны.
Сплю, і сніцца, як прыходжу ў нейкую кавярню, раблю замову, але не ем, бо ведаю: тут гатуюць з матэрыялу, які забіраюць з абартарыя. А потым раптам пачынаю ўцякаць ад гаспадынь гэтага месца, а яны як чыноўніцы, з начосам. Калі прачынаюся, побач стаяць гэтыя ж цёткі. І я разумею, што не сплю, што гэта галюцынацыя, і яна хутка знікне, але я іх бачу! Пытала ў іншых знаёмых, якія атрымлівалі ці атрымліваюць «хімію», ні ў кога такога не было.

vadanosava_4.jpg

Кацярына Ваданосава падчас вандроўкі ў польскі горад Драхічын, кастрычнік 2022 года. Фота: Facebook Кацярыны Ваданосавай
— Што ў вас з печанню?
— Дагэтуль баліць. Мне прапісалі таблеткі ад цырозу. Я ніколі не бухала (смяецца), не думала, што ў мяне будуць праблемы з печанню. За яе я не асабліва перажываю, ведаю, яна хутка аднаўляецца. Было страшней, што праз печань не змагу атрымаць дзве апошнія «хіміі». З аднаго боку, думала, нарэшце ўсё гэта скончылася, з іншага — а як мой арганізм адрэагуе, трэба ж шэсць. Але доктар патлумачыла: для прафілактыкі звычайна прызначаюць больш, чым неабходна. Абавязковы мінімум быў чатыры, я яго атрымала, таму пераймацца не трэба.
Цяпер праходжу гармона- і радыетэрапію. Дактары сказалі, што гарманальныя таблеткі мне давядзецца піць каля сямі гадоў. Гэта нястрашна, акрамя таго, што я набіраю вагу. Але пасля родаў я паправілася на 25 кілаграмаў, а потым скінула іх за шэсць месяцаў, таму не асабліва пераймаюся на гэты конт. Калі што, буду сядзець на дыеце, хоць бліжэй да сарака нават з дыетай скідваецца цяжка.
Што да радыетэрапіі, то яна праходзіць так: у месцы, дзе была пухліна і, напрыклад, ёсць метастазы, канцэнтравана робяць радыяцыйнае апраменьванне. Мне прызначылі 25 сеансаў, на якія я хаджу кожны дзень. Праз гэта ў мяне спалена скура пад пахай, на грудзях, а яшчэ па ўсім целе пайшлі радзімкі. Асабліва ў тым месцы, дзе апраменьваюць. У мяне моцна пачалі расці папіломы, прама на вачах. Ведаю, у некаторых краінах такой працэдуры не прызначаюць, бо шкодна. Але гэта не балюча, за выключэннем таго, што пашкоджваецца скура. У параўнанні з «хіміяй» — дзіцячы садок.
— А яшчэ ў вас чарнеюць пазногці.
— Гэта звязана з дысфункцыяй печані. На пазногцях з’яўляюцца бугры, потым яны расслойваюцца, потым пачынаюць расшчэплівацца. Каб гэтага не было бачна, фарбую пазногці чорным лакам у чатыры слаі. А на нагах з мезенцаў я іх проста дастала. Гэта было максімальна трэшова.

«Плакаць хочацца часта, бо мозг цяпер у такім стане, што яго трыгерыць усё»

Кожны дзень у бальніцы Кацярына была прыкладна восем гадзін. Акрамя радыетэрапіі, аналізаў і візітаў да дактароў яна праходзіць курс рэабілітацыі: распрацоўвае левую руку. Большасць часу, кажа вядоўца, займаюць не працэдуры, а чэргі. Як з такім графікам яшчэ і паспяваць працаваць?
— Цяжка, — каротка адказвае вядоўца. — Хаджу ў шпіталь з ноўтам, працую ў чэргах. Мне радыетэрапеўтка нават выпісала даведку, што мне нельга працаваць у чэргах. Але калі я не буду выходзіць на працу, я яе страчу. А для эмігранткі гэта не найлепшы варыянт, бо як мінімум ад гэтага залежыць мая страхоўка. Калі яе не стане, давядзецца плаціць за лячэнне. Гэта першае. Другое — сваёй адсутнасцю я падвяду шэраг людзей. Гэта не толькі мае сувядоўцы, але і аператарскі цэх, SMM, мантажор, то-бок сарву ўвесь працэс.
Скажу, што ў тых выпадках, дзе гэта магчыма, кіраўніцтва ідзе мне насустрач. Калі мне было зусім кепска і я не магла адарваць галавы ад падушкі, хлопцы з «Хай ТАК TV» — Дзяніс і Міхась (Дзяніс Дудзінскі і Міхась Зуй. — Заўв. рэд.) пару разоў вялі праграму без мяне. Але, да майго гонару, ім гэта было няпроста. Таму нам лягчэй запісаць некалькі праграм запар, калі я фізічна магу, а потым зрабіць вялікую фортку.
Цяпер здымкі мне ставяць так, што я на восем раніцы іду на працу, потым еду ў бальніцу і вяртаюся дадому ў сем вечара. З аднаго боку, гэта добра, і я ўдзячная людзям, якія падладжваюцца пад мяне, а з іншага — гэта халерна цяжка. Я разумею, бедны Дзяніс прыязджае ў шэсць раніцы на здымкі ў Беласток з Варшавы, але потом ён можа вярнуцца дадому, а я іду ў цэнтр анкалогіі і атрымліваю лячэнне, якое трошкі шкодзіць майму арганізму. Але спадзяюся, што хутка гэта ўсё скончыцца.
— Як гэта было — упершыню выйсці ў эфір без валасоў?
— «На людзях і памерці не страшна». Вядома, было страшнавата, але я сябе настроіла так: лысіна — гэта не загана, а прадмет майго гонару. Я выходзіла ў эфір з такім настроем, і гэта дапамагло. Былі, вядома, каментары: «Какая страшная женщина, уберите ее из кадра».
— Як вы на гэта рэагуеце?
— Ніяк, не каментую, не адказваю і часцей за ўсё нават не баню, бо калі кагосьці баніш, ён думае: «Ага, ёй баліць, я гэтага і дамагаўся». А яшчэ мяне вельмі загартаваў 2020-ы. Раней, калі мне прылятала нешта кшталту «фу-фу-фу», я перажывала: «За што, я ж харошая». А пасля 2020-га, калі сышла з БТ і мне пісалі «Я б твоих детей утопил в ведре», «Такие, как ты, не должны размножаться», мяне гэта загартавала. Вядома, бывае тое, што раніць. Напрыклад: «А у нее вообще есть волосы на каких-то частях тела?» Я гэта перажываю і іду далей.
Магу сказаць, што, калі не браць у разлік ботаў, усе гэтыя каментары пішуць прыхільнікі Лукашэнкі і людзі, пакрыўджаныя лёсам. Людзі, якія выліваюць на мяне сваю злосць — яны ж выліваць і свой боль. Здараецца, заходжу на іх старонкі ў сацсетках і бачу: яны няшчасныя, ім не хапае радасці.
— Чаму вы не сталі купляць парык?
— Бо гэта хлусня! (смяецца) Па-першае, я не хачу хлусіць ні сабе, ні людзям. Па-другое, парык з натуральных валасоў вельмі дарагі. Я эмігрантка і не магу сабе дазволіць парык за паўтары тысячы баксаў. Па-трэцяе, я так любіла свае валасы, што ніводны парык не можа з імі параўнацца. Тут для мяне спрацавала формула «ўсё альбо нічога».
— Замест парыка ў вас хусцінка.
— Але я іх ненавіджу, гэта проста капец! Я нават лысіну ненавіджу менш. Але праблема ў тым, што мой гардэроб сфарміраваўся тады, калі я была з валасамі. Я хадзіла ў вельмі жаноцкіх рэчах, якія сабе шыла, вышывала. І калі надзяваю іх з лысай галавой, гэта выглядае максімальна недарэчна. Я не ўтрырую. Я цяперашняя не пасую сваім шмоткам. Вось і даводзіцца вычварацца, каб апранаць тое, што насіла раней, плакаць перед люстэркам, навязваючы хусткі, і ўступаць у канфлікт з мужам, які кажа: «Нармальна! Нармальна!»
— Яму таксама не падабаецца?
— Не (смяецца).
— Вы неяк пісалі, што калі арганізатары мерапрыемства даведаліся, што іх канцэрт вам давядзецца весці лысай, то перадумалі вас запрашаць. Ці ёсць адчуванне, што праз анкалогію рабочых прапаноў стала значна менш?
— Не ведаю, мне ж ніхто пра гэта не кажа. Калі гаварыць пра той канцэрт, то там трэба было іграць прыгожую дзяўчыну. А як я буду гэта рабіць? Выйду лысая і скажу: «Здрасьте, я такая из себя красавица»?
У большасці сітуацый людзі цяпер проста баяцца мяне турбаваць, і часам гэта даходзіць да смешнага. Ведаю, напрыклад, што беларусы Познані хацелі паклікаць мяне і зладзіць канцэрцік, але самі не наважыліся звярнуцца. Напісалі праз нейкія дзясятыя рукі. З аднаго боку, гэта прыемна: людзі турбуюцца. З іншага — сумна, бо выступленні мяне падтрымліваюць. Я люблю, калі мяне кудысьці запрашаюць, просяць, напрыклад, прачытаць лекцыю пра беларускі народны строй. З задавальненнем знаходжу магчымасці прыехаць і ўсё зрабіць. Прычым нават не за грошы, а бескаштоўна. Але ёсць такая штука, што мяне не запрашаюць, бо я ўся такая хворая. Знясіленая і, як кажуць, не магу падняць нагі (смяецца).
— У тым жа пасце вы расказвалі, што вам не падабаецца падтрымка ў выглядзе «ў мяне цётка/мама таксама хварэла, цяпер з ёй усё добра».
— Мне прыемна і радасна, што людзі пішуць словы падтрымкі, але не заўсёды гэта тыя словы, якія б хацелася пачытаць. Калі кажуць «мая мама хварэла», «мая цётка хварэла», мне гэта сіл не дадае, бо ў кожнага свая сітуацыя. Не хачу, каб мяне параўноўвалі з чалавекам, якога я ніколі не бачыла і хутчэй за ўсё не пабачу. А яшчэ не падтрымлівае, калі пішуць: «Ты такая прыгожая». Хоць, можа, для кагосьці наадварот. Усё індывідуальна. Я ж цяпер ненавіджу свой адбітак у люстэрку.
— У нейкі момант вы пайшлі да псіхолага.
— Восенню падчас «хіміі» ў мяне з’явіліся думкі пра самагубства. У 15 гадоў я ўжо перажывала такую штуку. Тады ў мяне была спроба самагубства. Я напілася таблетак, а потым мне было так кепска, што я адчувала: сапраўды памру. Але на нейкім этапе выклікала ў сябе ваніты. Цяпер зноў здарылася так, што я ненавідзела сябе, перманентна плакала, не магла смяяцца, камунікаваць з людзьмі і спаць. Адчувала сябе так, як спяваў Вольскі: «Лепей не будзе, будзе толькі горш». І гэтае пачуццё здавалася ўсёабдымным. Пры гэтым на працы мне ў адной праграме трэба было весяліцца, а ў іншай — выбудоўваць псіхалагічныя канструкцыі. Гэта была бяда, і з ёй неабходна было штосьці рабіць. Калі моцна прыпякло, я пачала шукаць псіхолага. З пошукам дапамог BYSOL. Спецыялістка трошкі ўставіла мне мазгі.
— Дарэчы, вы расказвалі, што гэты радок Вольскага — вашае крэда. Чаму так?
— Не ведаю, бо, як ні дзіўна, я па жыцці вялікая песімістка. Памятаю, як псіхатэрапеўтка спытала: «Вы пра такія страшныя рэчы расказваеце, чаму вы ўвесь час смеяцеся?» А я смяюся і адказваю: «Не ведаю». Не разумею, адкуль ідзе гэты недавер да будучыні. Напэўна, таму, што будучыня мне падкладвае тоўстых і вялікіх свіней: то тата памрэ, калі мне 4 гады, то пасля разводу застануся маці-адзіночкай з двума дзецьмі, то яшчэ што-небудзь. З маленства я сутыкалася са смерцю, нястачай, была вельмі недазразуметым дзіцем. У 15 гадоў падчас спробы самагубства мне здавалася, што ў гэтым жыцці я ўжо зрабіла ўсё патрэбнае, усё перачула, перагледзела — далей нецікава. Цяпер разумею, што далей цікава, хоць, магчыма, і балюча. Таму трымаюся.
— У снежні падчас вандроўкі ў горы вы напісалі: «Сёння думала пра смерць толькі адзін раз і толькі адзін раз плакала! Гэта дасягненне, таварышы!» Часта накрывае?
— Плакаць хочацца часта, бо мозг цяпер у такім стане, што яго трыгерыць усё. Даходзіць да смешнага. Не паклікалі мяне зняцца ў скетчы на «Хай Так TV» — я плачу. Накручваю сябе: гэта праз тое, што я страшная. Тэлефануе рэжысёр, пытае, ці магу прыйсці, каб зняцца ў скетчы, кажу «Так, але мне трэба выкраіць час» — пагаджаюся і зноў плачу: «Божа, яны не разумеюць, як мне цяжка». Потым гляджу ў люстэрка: «Божа, якая я страшная», — і рыдаю. Гэта не таму, што я заўсёды такая, проста галава цяпер так працуе. Нядаўна плакала ад рэкламы. Не жартую. У ёй паказвалі, як людзі клапоцяцца пра сталых сваякоў, і расказвалі пра памперсы для дарослых.
— На такі эмацыйны стан, напэўна, уплывае яшчэ і бяссонніца, на якую вы пакутуеце ўжо 12 гадоў.
— Так, бо сплю я мала. Гэта пачалося, калі нарадзіла першае дзіця. Стэфу, а потым і Яна я карміла грудзьмі па два гады. Прычым да апошняга дня, пакуль не перарвала кармленне, яны елі па 10−12 разоў на суткі. Спаць было немагчыма: уначы, напрыклад, дзіця заўсёды пад бокам, бо ў любы момант яно можа захацець есці. У выніку здарыўся разлад сну. Плюс, пакуль я была ў дэкрэтах, то працавала на некалькіх працах. Гэта вычэрпвала фізічна, і арганізм не мог даць рады, каб я нармальна засынала. А яшчэ я вельмі пераймаюся праз тое, што будзе. Кладуся ў ложак — і адразу накрываюць думкі: мне заўтра трэба туды, туды, туды. Праз гэта маё засынанне можа расцягнуцца на тры-чатыры гадзіны. Або, здараецца, прачынаюся а чацвёртай-пятай раніцы і ўжо не магу заснуць.
— Што вы робіце ў гэты момант?
— Стараюся заснуць (смяецца).
— Як пасля гэтага вы ўстаяце і функцыянуеце?
— Фігова. Прадуктыўнасць хацела б вышэйшую, але што маем, тое маем.
— А яшчэ вы маеце фотасесію «ню», якую зрабілі падчас хваробы. Цяжка было на такое пагадзіцца?
— Калі пагаджалася, мне ніхто не казаў, што будзе такая фотасесія. Сказалі, рыхтуецца праект, які дапаможа падтрымаць дзяўчат, што хварэюць на рак. Дадому прыйшла дзяўчынка, пачаліся звычайныя здымкі. Бачу, яна хоча нешта іншае, а потым кажа: «Кацярына, разумею, што гэта для вас вельмі цяжка…» Я паслухала і вырашыла: трэба — дык трэба. У мяне няма піетэту перад сваім ці чужым целам. Хаця раней аголенай я здымалася толькі раз, і нічога добрага з гэтага не атрымалася.
— Што вам цяпер кажуць дактары?
— Дактары ў мяне класныя, але яны не кажуць, што мяне чакае. Можа, самі гэтага не ведаюць ці проста хочуць, каб у мяне ўсё было добра, і не ўводзяць у смутак. Не магу сказаць.
— І апошняе: як ва ўсім гэтым у вас хапае сіл трымацца?
— Разумею, што ёсць людзі, якім цяпер значна горш. Гэта мае сябры і знаёмыя. Калі думаю пра людей, якія сядзяць у беларускай турме або ваююць на перадавой, разумею: у мяне ўсё нармальна. У мяне ёсць дзе жыць, ёсць праца, магчымасць займацца творчасцю, дзеці накормленыя і здаровыя. Ды і рак грудзей добра лечыцца.