Прэм'ер-міністр Грузіі заявіў, што пратэсты зладзілі «сатаністы» і «радыкальная апазіцыя»
Іраклій Гарыбашвілі абвінаваціў у мітынгах «сатаністаў» і заклікаў Зяленскага «сачыць за сваёй краінай». Для беларусаў гэта рыторыка вельмі нешта нагадвае...
Прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі даў інтэрв'ю праўладнаму тэлеканалу «Імедзі». І там паспрабаваў растлумачыць, хто насамрэч стаяў за сакавіцкімі пратэстамі ў Тбілісі.
Кіраўнік грузінскага ўрада не прамінуў чарговы раз ускласці адказнасць на «радыкальную апазіцыю», якую назваў «экстрэмісцкай», і няўрадавыя арганізацыі Грузіі.
«Мы чулі шмат крытыкі, што паліцыя перагнула палку. Гэта хлусня і глупства. Хто пачаў гвалт?! Гвалт пачало моладзевае крыло «нацыянальнага руху», мы ўсіх іх ведаем пайменна. Гвалт пачаў так званы рух «Гірчы», рух Джапарыдзэ і «анархісты» з клуба Франкліна, я бачыў фота некаторых з мітынгоўцаў, я быў уражаны, яны былі ў форме нейкіх сатаністаў. Гэтая арганізацыя, калектыўны нацыянальны рух, ужо ператварылася ў экстрэмісцкую арганізацыю і знаходзіцца на мяжы пераўтварэння ў тэрарыстычную», — заявіў Гарыбашвілі
Пры гэтым прэм'ер-міністр Грузіі ў чарговы раз паўтарыў наратыў кіруючай партыі аб тым, што ўкраінскія палітыкі імкнуцца ўцягнуць Грузію ў вайну.
«Калі чалавек у стане вайны знаходзіць час пракаментаваць дэструктыўную акцыю, у якой удзельнічаюць некалькі тысяч чалавек у Грузіі, гэта прамы доказ таму, што гэты чалавек уцягнуты і хоча, каб тут нешта адбылося, змянілася. Вы згадалі некалькіх замежных палітыкаў, выступілі Клічко, Фейгін, нейкія незразумелыя людзі, Арахамія і нейкія лузеры, якія сказалі, што патрэбны перамены і змена ўрада. Глядзіце за сваёй краінай, мы будзем глядзець за сваёй», — сказаў Гарыбашвілі.
Пры гэтым Народны абаронца Грузіі Леван Іаселіяні заявіў сёння, 13 сакавіка, што асноўная частка шматтысячнага мітынгу ў Тбілісі насіла мірны характар — і паліцыя ўжыла несуразмерныя меры.
Нагадаем, Леван Іаселіяні быў абраны на пасаду амбудсмена ўсяго некалькі дзён таму, у разгар акцый пратэсту з-за закона аб «замежных агентах», і паабяцаў быць «палітычна непрадузятым». Кандыдатуру яго падтрымала кіроўная партыя «Грузінская мара» і частка апазіцыі.
Па словах амбудсмена, паліцыя павінна была ўжываць індывідуальныя меры ў выпадку гвалту, але замест гэтага ўжыла спецсродкі супраць усіх і пачала масавыя затрыманні.
Між тым кіроўную «Грузінскую мару» напаткаў крызіс. Партыю і парламенцкую большаць пакідаюць адразу шэсць дэпутатаў. У «Мары» пасля выбараў было 90 мандатаў са 150, пазней 6 чалавек сышлі ў партыю экс-прэм’ера Гахарыя «За Грузію», і 9 чалавек у мінулым годзе перайшлі ў «Сілу народа».
Пасля заяў прэм’ера пра сатаністаў на мітынгах у грузінскіх сацсетках моладзь распачала флэшмоб — народ з энтузіязмам посціць разнастайныя фатаграфіі «сатаністаў», якіх Гарыбашвілі нібыта бачыў на пратэстах супраць закона «аб замежных агентах».
Паводле «Эхо Кавказа», NEWSGEORGIA