Хронікі палітычнага пераследу 14 сакавіка: Арышты псіхолагаў і псіхіятраў, «зачыстка» хакейных фанатаў

Сафія Сапега — цяпер таксама ў спісе экстрэмістаў ад КДБ. Намеснік Мясніковіча знайшоўся — відаць, яго арыштавалі на працы ў Маскве. У Мінску разам з жонкай затрыманы фатограф і журналіст Дзмітрый Баяровіч. Што яшчэ здарылася сёння?

  • Дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых пачнуць судзіць 24 сакавіка

Канстанцін — медыяменеджар і дырэктар газеты «Беларусы і рынак», якога затрымалі 18 траўня пасля ператрусу дома і ў рэдакцыі выдання. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.2 арт.130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»), ч.1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»), ч.2 арт. 426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).

Справу яго будуць разглядаць 24 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Алена Шылько.


  • Журналісту Вячаславу Лазараву інкрымінуюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Затрыманне Вячаслава Лазарава адбылося 9 лютага. Спачатку журналіста павезлі ў Следчы камітэт, і амаль суткі родныя не ведалі пра далейшы ягоны лёс. Цяпер стала вядома, што яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 361-4 КК. Журналіста ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2.

  • Відэааператара Паўла Падабеда вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмізму»

Відэааператара Паўла Падабеда затрымалі за рэпосты 2012 года, а цяпер яму інкрымінуюць «садзейнічанне экстрэмізму». БАЖ паведамляе, што мінскага журналіста Паўла Падабеда, які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, падводзяць пад артыкул 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Неўзабаве будзе два месяцы ад моманту затрымання фрылансера, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА №1 Мінска. Па першым часе з улікам кепскага ліставання і абмежавання ў кантактах з роднымі заставалася незразумелай прычына цікавасці да 43-гадовага мужчыны.

Аднак БАЖ удалося высветліць, што фармальнай прычынай аказаліся даўнія спасылкі ў ягоных сацсетках на публікацыі ў медыя, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Прычым рэпосты датаваны ажно 2012 годам.

  • Прысуд па «справе TUT.ВY» будзе абвешчаны 17 сакавіка

Суд па гэтай справе распачаўся ў Мінскім гарадскім судзе яшчэ 9 студзеня. Працэс ад самага пачатку зрабілі закрытым. Справу разглядае суддзя Валянціна Зянькевіч. Сёння праходзіць 36-е пасяджэнне па справе.

Цяпер пад вартай утрымліваюцца былая галоўная рэдактарка Марына Золатава і былая генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Вользе Лойка, Алене Талкачовай і Кацярыне Ткачэнка раней змянілі меру стрымання — яны з'ехалі за мяжу. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, крымінальная справа ў дачыненні да іх вылучана ў асобную судовую вытворчасць, а яны абвешчаны ў вышук.


  • У Мінску разам з жонкай затрыманы фатограф і журналіст Дзмітрый Баяровіч

Праваабаронцы маюць відэа таго, як гэта адбывалася.

Сёння раніцай у Бараўлянах адбылося затрыманне сям'і Баяровічаў — Дзмітрыя і Вікторыі. На відэа з камер назірання бачна, як хлопца, які выйшаў на вуліцу ў 8:11, паклалі на зямлю сілавікі. Бачна, што да затрыманага хутка падбегла яго жонка. Потым сілавікі разам з Дзмітрыем і Вікторыяй пайшлі ў кватэру, дзе пазней адбыўся ператрус.

Праз 10 хвілін — у 8:22 — сілавікі вывелі Дзмітрыя і пасадзілі ў бусік. Праз 40 хвілін — у 9 раніцы — з пад'езда вывелі і Вікторыю. Яе таксама пасадзілі ў бусік і кудысьці павезлі.

Праваабаронцам вядома, што раней Дзмітрый Баяровіч працаваў на СТБ, але ў 2021 годзе звольніўся адтуль.

  • Улады прызналі «экстрэмісцкімі» кнігу Бахарэвіча, нумары часопіса «Наша Гісторыя» і кліп «Sumarok»

Сёння, 14 сакавіка, зноў папоўніся Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У яго трапілі:

  1. Часопіс «Наша Гісторыя» (нумары: № 2 (19) — 2020 год, № 8 (25) — 2020 год, № 9 (26) — 2020 год, № 3 — 2018 год, № 5 — 2018 год, № 4 (9) — 2019 год, № 1 (18) — 2020 год, № 3 (20) — 2020 год, № 11 (28) — 2020 год).
  2. Часопіс «Arche Пачатак» (нумары: № 4 (163) — 2019 год, № 3 (166) — 2020 год, № 4 (159) — 2018 год).
  3. Кніга «Апошняя кнiга пана А» Альгерда Бахарэвіча (Прага — Мiнск, «Вясна» — «Янушкевiч»).
  4. Каляндар «Не маўчы па-беларуску 2021 з малюнкамi i словамi».
  5. Відэакліп «Sumarok» — «Чэрцi».
  6. Telegram-чат «Копыль».

  • Сафію Сапега ўнеслі ў «тэрарыстычны спіс»

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ адзінаццаці чалавек.

Сярод іх Максім Ярашэнка, Барыс Кім, Сяргей Савіч, Арцём Воўна, Юры Калодны, Мікалай Даніш, Рыгор Грыг, Павел Мякіш, Валер Барзенка, Андрэй Касцоў і грамадзянка Расіі Сафія Сапега.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1026 чалавек, з іх 278 — беларусы.

  • Экспертцы па этыкеце Аксане Зарэцкай прысудзілі 1,5 года калоніі, заснавальніку кампаніі «Astronim» Багдану Караўцу — 2 гады калоніі

Іх абвінавачвалі паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Справу ў судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядала суддзя Кацярына Мурашка.

Аксана — сябар асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, трэнерка па этыкеце і бізнес-камунікацыях, культуралагіня, магістарка педагогікі. Яна мае дваіх дзяцей.

  • Іллю Крука за ўдзел у самай масавай акцыі пратэсту ў гісторыі Беларусі асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі»

У судзе Партызанскага раёна Мінска 2 лютага разгледзелі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць 36-гадовага Іллі Крука. Яго абвінавацілі ў тым, што 16 жніўня 2020 года ён узяў удзел у «Маршы за свабоду» ў Мінску, а менавіта «публічна выкрыкваў лозунгі, рабіў воплескі рукамі, ажыццяўляў блакіраванне руху транспарту праз перакрыццё праезнай часткі шляхам сумеснага выхаду з іншымі асобамі на палосы руху праспекта Незалежнасці».

Абвінавачаны ў судзе віну прызнаў цалкам і раскаяўся. Патлумачыў, што «паддаўся дзеянням натоўпу». Доказам удзелу ў мітынгу Іллі сталі даныя білінгу, а таксама відэазапіс, на якім «абвінавачаны зафіксаваны на праезнай частцы побач з людзьмі з сімволікай бел-чырвона-белага колеру». У выніку суддзя Вераніка Абзалімава асудзіла яго да двух гадоў «хатняй хіміі». Да суда Крука ўтрымлівалі пад вартай. Пасля абвяшчэння прысуду яго вызвалілі ў зале суда.

3 сакавіка Іллю ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». Да затрымання Ілля займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю.


  • Зніклы памочнік Мясніковіча Дзмітрый Шадко знайшоўся — яго затрымалі

Учора СМІ паведамлялі, што Дзмітрый Шадко знік і яго не могуць знайсці тры дні. Па інфармацыі праваабаронцаў, Дзмітрый быў, імаверна, затрыманы на працы ў Маскве.

Дзмітрый Шадко доўгі час быў звязаны з «ралевікамі» і час ад часу прымаў удзел у іх мерапрыемствах — ён асабіста ведаў некаторых людзей, што былі затрыманы па справе дыверсіі ў Мачулішчах.

Шадко займаў пасаду памочніка Міхаіла Мясніковіча, старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Да траўня 2019 года ён быў намеснікам міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі.


  • Падчас аблавы ў Гомелі сілавікі «праверылі» больш за 30 чалавек «на прадмет садзейнічання экстрэмісцкім фарміраванням»

Праўладныя крыніцы паведамілі, што сілавікі падчас аблавы «выявілі сувязі замежных удзельнікаў экстрэмісцкіх фарміраванняў і прыцягнулі больш за дваццаць чалавек да адказнасці». Фотаздымкі і фрагменты «пакаяльных» відэа з удзелам затрыманых апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Затрыманым прыгразілі адказнасцю «ў адпаведнасці з заканадаўствам РБ».

  • У Сянно юнака асудзілі за сарваны сцяг

Прозвішча асуджанага пакуль невядомае — ягоны суд так і не з'явіўся ў публічнай базе судовых працэсаў. Вядома, што прысуд быў агучаны яшчэ 25 студзеня.

Па матэрыялах абвінавачання, малады хлопец, які працуе лабарантам, пасля 11 гадзін вечара ішоў з дома ў бар і па дарозе на мясцовай канторы райспажыўтаварыства ўбачыў чырвона-зялёны сцяг. Ён падскочыў, каб сарваць яго, але з першага разу гэта не ўдалося — сцяг вісеў досыць высока. Таму прыйшлося падскокваць яшчэ раз. Другі раз быў паспяховым — і акрамя самога палотнішча ўніз паляцелі і часткі канструкцыі, да якой сцяг быў прымацаваны.

У выніку юнаку вынеслі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 1,5 года («хатняй хімііі») за абразу дзяржаўнага сімвала, а таксама прызначылі кампенсацыю дробных страт для ўладальніка сцяга.

  • У Гродне затрыманы Максім Сеннік — супрацоўнік «Гродна Азот» і сябра незалежнага прафсаюза

44-гадовага Максіма Сенніка ўзялі пад варту і змясцілі ў СІЗА турмы №1 Гродна. На «палонным відэа» мужчына кажа, што «прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Таксама з'яўляўся сябрам незалежнага прафсаюза ААТ «Гродна Азот». Таксама ён нібыта ў Telegram-каналах абражаў Лукашэнку, прадстаўнікоў улады, міліцыянтаў, перадаваў інфармацыю тэлеканалу «Б*лсат».

  • У Беларусі адбываюцца масавыя затрыманні псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў

У краіне прайшлі масавыя затрыманні псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў. Частку з іх пасля допытаў адпусцілі, частку не. Колькі чалавек застаюцца пад вартай — невядома. Відаць, можна казаць аб затрыманні не менш за 20 спецыялістаў.

Таксама стала вядома, што падчас допытаў ад спецыялістаў патрабуюць парушыць закон аб медычнай таямніцы і дакладваць аб «нядобранадзейных» пацыентах, якія прыходзілі да іх на прыём.

Праваабаронцам таксама паведамляюць пра тое, што працягваюцца затрыманні за данаты ў фонды салідарнасці.


  • Чатыры з паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму прысудзілі Раману Янкоўскаму

Мінскі абласны суд 10 сакавіка вынес прысуд 48-гадоваму жыхару Мінскага раёна Раману Янкоўскаму, абвінавачанаму па шэрагу пратэсных артыкулаў. Судовы працэс вяла суддзя Ірына Майко. Янкоўскаму прад'явілі абвінавачанне па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса:

• арт. 369 — «Абраза прадстаўніка ўлады»;

• ч.3 арт. 361 — Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»;

• ч.1 арт. 361-4 — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»;

• ч.1 арт. 368 — «Абраза Лукашэнкі»;

• ч.2 арт. 361-4 — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»;

• ч.3 арт. 203-1 — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных».

Таксама Янкоўскаму прызначылі штраф у памеры 300 базавых велічынь (11 100 рублёў).

У Полацку сёння зноў затрымалі актывіста Віктара Стукава. Да гэтага была затрымана яго жонка. На Віктара Стукава былі складзены два пратаколы, аднак, па якой справе пратаколы, пакуль невядома.


  • Выдавец Зміцер Колас на волі

Пра вызваленне выдаўца Змітра Коласа паведамілі журналістам яго сябры.

Беларускі перакладчык і літаратуразнаўца выйшаў на волю сёння пасля 10 сутак арышту, які адбыў у «амерыканцы».

Выдавец быў затрыманы працоўнікамі КДБ 4 сакавіка ў сваёй кватэры. Па словах сяброў, абвінавачванне яму не прад’яўлена. Прычыны затрымання пакуль не разгалошваюцца.

  • Па «справе Зельцэра» ў Слуцку асудзілі бацьку чацвярых дзяцей

У Слуцкім раённым судзе вынесены прысуд Арцёму Анцічу, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Тарасюк.

Па матэрыялах абвінавачання, Арцём Анціч на персанальнай старонцы ва «Укантакце» размясціў каментарый у дачыненні да супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, «які негатыўна ацэньвае яго, тым самым абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».

На ўтрыманні Арцёма — чацвёра непаўнагадовых дзяцей, і таму суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін тры гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.

  • У Гродне ідзе «зачыстка» фанатаў хакейнага «Нёмана» — затрымалі лідара руху Сяргея Емяльянава і яшчэ каля 10 актыўных заўзятараў

«З 9 сакавіка ідзе поўная зачыстка па Гродне. Затрымалі вельмі многіх, кагосьці адпускалі, а хтосьці дагэтуль не адпушчаны. Ва ўсіх правяралі тэлефоны і нешта шукалі. Сярод вялікай групы затрыманых ёсць хакейныя фанаты «Нёмана».

Гэта актыўныя фанаты, у тым ліку і жанчыны. Па нашай інфармацыі, да гэтага часу застаюцца ў зняволенні каля дзясятка фанатаў клуба «Нёман». Можа, і больш, няма дакладных лічбаў», — пракаментаваў сітуацыю прадстаўнік фанацкага руху.

  • Стала вядома пра затрыманне ў Мінску Юрыя Адамава

 Юрый Aдамаў — удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыдата «Pamylka».

Сувязь знікла з ім на мінулым тыдні. Пра затрыманне паведамілі калегі Юрыя. Падстава затрымання пакуль невядомая.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: