З барысаўскага «БАТЭ» звольнілі трох нежаданых футбалістаў
Пасля 2020 года па ўсёй Беларусі праходзяць не толькі затрыманні і суды па палітычных матывах, але і масавыя чысткі. Людзей, якіх западозрылі ў нелаяльнасці (альбо недастатковай лаяльнасці), звальняюць з працы з воўчым квітком. Адбываецца гэта і ў спорце — у прыватнасці, у футболе.
Так, сёння стала вядома пра звальненні ў самым тытулаваным футбольным клубе краіне — барысаўскім «БАТЭ». Як паведамляе «Тр*буна», пад чыстку трапілі трое гульцоў. Гаворка пра галкіпера Дзяніса Шчарбіцкага, абаронцу Данілу Нячаева і паўабаронцу Дзмітрыя Бяссмертнага.
Акрамя таго, пад вялікім пытаннем будучыня ў камандзе двух аўтарытэтных ветэранаў — сапраўдных легенд «БАТЭ» — капітана Станіслава Драгуна і абаронцы Максіма Бардачова. Абодва дагэтуль не маюць кантрактаў з клубам, хаця футбольны сезон у Беларусі ўжо распачаўся.
Паводле звестак
выдання, Нячаеў і Бяссмертны прымалі ўдзел у першым матчы 1/4 фіналу Кубка
Беларусі супраць бабруйскай «Белшыны», а вось на матч у адказ футбалісты заяўлены ўжо не
былі. Абодва футбалісты, дарэчы, з'яўляюцца падпісантамі праўладнага ліста спартсменаў, але
гэта ім не дапамагло.
У снежні 2022-га
паведамлялася пра стварэнне «чорнага спісу» Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў,
у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі
спісу беларускім клубам было забаронена заключаць кантракты.
Пазней стала
вядома, што з гэтага пераліку робяцца выбарачныя выключэнні, на што могуць
паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах.
Некаторым гульцам, аднак, не дапамагае і гэта.
Паводле неаднойчы пацверджаных звестак, курыруе чысткі ў беларускім футболе асабіста міністр спорту (і былы ахоўнік Лукашэнкі) Сяргей Кавальчук. Пры гэтым справы ў футболе зараз найгоршыя за ўсю гісторыю — на міжнароднай арэне з трэскам ужо каторы год запар правальваюцца як зборная, так і клубы. Але, як бачым, Мінспорту гэта не клапоціць, абы ў футбольныя шэрагі не патрапіў хтосьці нязгодны з «палітыкай партыі».
Характэрна, што статуты Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) і Саюза еўрапейскімх футбольных асацыяцый (УЕФА) катэгарычна забараняюць дыскрымінацыю спартсменаў па палітычнай прыкмеце. За гэта прадугледжаны санкцыі, наўпрост да прыпынення сяброўства нацыянальнай федэрацыі ў міжнародных структурах. Беларускі Фонд спартыўнай салідарнасці неаднаразова даводзіў да УЕФА інфармацыю ад катастрафічным становішчам з правамі чалавека ў сферы футбола, аднак чыноўнікі арганізацыі не хочуць праводзіць хабя б якога расследавання і кіруюцца ў сваёй працы прынцыпамі «рэал палітык». Тым больш ніхто са звольненых гульцоў (а Барысаў — не першы выдапак) уголас не скардзіцца на дыскрымінацыю праз меркаванні асабістай бяспекі.
Пры гэтым за будучыню звольненых з «БАТЭ» атлетаў хвалявацца не варта. Футбольны свет меж не мае, праз некаторы час яны змогуць працаўладкавацца ў камандах іншых краін. Самы папулярны кірунак зараз у беларускіх футбалістаў — Казахстан. Там шмат і гульцоў, і трэнераў, і яны на добрым рахунку. У тым ліку тыя, каму забаронена выступаць на радзіме.