Людзі на балоце. Чаму беларускі футбол зацягвае ў багну?
Беларускі футбол у крызісе… Ледзьве не кожны год заўзятары чуюць гэтую фразу ад аналітыкаў ды экспертаў. Але гэтым разам насамрэч усё сур'ёзна.
Нацыянальная каманда правяла без перамог 13 афіцыйных матчаў запар і заняла апошняе месца ў дывізіёне "С" Лігі Нацый. Цяпер яе чакаюць пераходныя гульні з літоўцамі за права не зваліцца ў хтонь, дзе выступаюць такія кантынентальныя "гранды", як Ліхтэнштэйн, Мальта ды Андора.
Моладзевая зборная, што некалі прабівалася на Алімпіяду, атрымлівае па сем мячоў ад Нідэрландаў. Тады як маладзейшыя "андэры" ўвогуле не ведаюць, што такое перамогі над сур'ёзнымі супернікамі. Айчынныя клубы ўжо забылі, як выглядае ўдзел у групавой стадыі еўракубкаў — і некалькі гадоў запар стабільна вылятаюць на стартавых стадыях кваліфікацыі. Тады як колькасць заўзятараў на трыбунах будзь-якога матча імкнецца да паказчыкаў ніжэй за нуль: нават адміністратыўнымі метадамі ўсё складаней запоўніць трыбуны ды імітаваць энтузіязм.
Аднак, як бы дзіўна гэта ні гучала, да дна нашай "гульні нумар адзін" яшчэ далёка. Хаця дыстанцыю ў кірунку кропкі "ікс" яна імкліва скарачае. Працэсы ж, што адбываюцца зараз у беларускім футболе, пагражаюць глабальнай катастрофай цягам 2023-га. І вось чаму.
Няма свежых ідэй
Колькі тыдняў таму вышэйшую лігу пакінуў апошні трэнер-легіянер. Мілаш Чурчыч, які прывёў салігорскі "Шахцёр" да залатых медалёў, адмовіўся ад Лігі чэмпіёнаў, каб перабрацца ў Казахстан ды ўзначаліць "Табол". І гэта момант, які дае паказальную характарыстыку стану ды перспектывам беларускага футбола. Лепшы клубны турнір кантыненту настаўнік-ноўнэйм мяняе на грошы перыферыйнага першынства, бо не бачыць нават мізэрнага шанцу зарэкамендаваць сябе ў еўракубках.
Падобным чынам ацэньваюць перспектывы працы ў Беларусі і іншыя замежныя трэнеры. Тут няма грошай, каб нармалёва камплектавацца, бо ўсе клубы дзяржаўныя, а бюджэт з-за санкцый на спорце эканоміць. Тут няма інфраструктуры, каб гадаваць моладзь: стадыёны, трэніровачныя комплексы ды базы належаць дзяржаве, якой не да клопату пра сучаснае абсталяванне для футбалістаў. Тут няма бізнес-мадэляў для развіцця, з-за чаго нават падпісаннем перспектыўных маладзёнаў ды продаж іх за мяжу праз сезон-два не зарабіць — як толькі надаецца магчымасць, людзі бягуць з Беларусі пры дапамозе агентаў. Нарэшце, тут няма жадання ўкладацца ў будучыню ды нейкую перспектыву, бо сёння ў цябе ёсць праца, а заўтра цябе звольнілі проста з-за цемрашальства кіраўніцтва.
Палітыка > спорт
Каб атрымаць працу ў беларускім футболе, сёння няма патрэбны трапна біць па мячы, альбо мець веды ў тактыцы. Варта праявіць максімальную лаяльнасць да кіраўніцтва дзяржавы, падпісаць праўладны ліст ды паўдзельнічаць у будзь-якім мерапрыемстве прапаганды. Зробіш так — і нават у зборную патрапіш, хай табе і 30+ гадоў, а практыкі ў сезоне на клубным узроўні менш, чым сэнсу ў трэках Алёны Ланской.
Справядліва і зваротнае сцверджанне: прафесіянал з грамадскай пазіцыяй, адрознай ад "лініі партыі", кар'еры ў сучаснай Беларусі не зробіць. Міністр спорту Сяргей Кавальчук — былы супрацоўнік службы бяспекі Лукашэнкі — робіць персонамі нон-грата ўсіх, хто меў неасцярожнасць хаця б займець сумневы ў палітыцы рэжыму. Калі ж чалавек выказаўся ўголас супраць гвалту 2020 года альбо выступіў супраць фальсіфікацыі выбараў, яго знішчаюць, нягледзячы на здольнасці і заслугі. Так, выступаць на радзіме сёння не могуць Ігар Стасевіч, Аляксандар Гутар, Юрый Кендыш, Іван Маеўскі. Пры гэтым яшэ некалькі сезонаў таму яны былі ключавымі гульцамі зборнай, а некаторыя ўвогуле прызнаваліся лепшымі футбалістамі краіны.
Жудасна, але ў "чорныя спісы" заганяюць нават персанал, які аднаўляе футбалістаў, адміністараў, што займаюцца арганізацыйнымі пытаннямі, і нават прэс-аташэ. Цэлы пласт людзей, ад якіх залежыць бесперабойнае існаванне клубаў, вырашэнне бытавых праблем, камунікацыя з аўдыторыяй, вынішчаецца за непатрэбнасцю. Так адбылося, напрыклад, з лекарам "Тарпеда-БелАЗа" Андрэем Ясюкевічам альбо спецыялістам па камунікацыях мінскага "Дынама" Аляксандрам Строкам.
Логіка ўлады простая: шараговымі працаўнікамі можна ахвяраваць — і набраць "з вуліцы" больш лаяльных, а пасля проста даць ім час асвоіць новыя абавязкі. Аднак "імпартазамяшчэнне" так не працуе, што адбіваецца на стратах: і фінансавых (пры замаўленні экіпіроўкі, напрыклад), і іміджавых — народ проста губляе цікавасць да прадукта, які падаецца абы з рук.
Ліміты вымываюць якасць
Зарэгуляванасць у футболе ўжо настолькі ж высокая, як і ў эканоміцы. Каманды прымушаюць мець у складзе і абавязкова выпускасць на поле маладых гульцоў. Заробак абмяжоўваюць статусам, вопытам футбаліста і патрабаваннямі мінспорту — замежныя санкцыі настолькі "не працуюць", што максімальны ганарар зніжаецца другі год запар. Зборы напярэдадні сезона дазваляюцца толькі ў Беларусі, хай сабе ўмоў для нармальнай працы ўзімку тут няма, а вытраты ў разы пераўзыходзяць выезды ў Турцыю…
"Пусть безобразно, зато однообразно", — былыя ваенныя Кавальчук з Базанавым (старшыней федэрацыі футболу) ахвотна пераносяць жаўнерскі прынцып на спартыўную прастору. І цэрберамі сочаць за яго выкананнем. Асабліва ў фінансавай сферы, каб можна было зрабіць справаздачу "наверх" аб эканомным стаўленні да "народных грошай".
Як гэта адбіваецца на футболе? Па-першае, гульцы масава з'язджаюць за мяжу, прычым у перыферыйныя першынствы, якія раней у якасці месцаў працы не разглядаліся. Беларусы пагаджаюцца прафесійна дэградаваць у Туркменістане, Казахстане альбо нават на Мальдзівах, калі там ёсць магчымасць перахапіць сотню-іншую даляраў звыш лімітаў на заробак. Па-другое, унутры краіны падае канкурэнцыя. Легіянеры на наш чэмпіянат увагі не звяртаюць (сёлета толькі два навабранцы прыехалі ў ЧБ з-за мяжы), а дамарослыя таленты на радзіме не затрымліваюцца.
У выніку, кантракты тутака падпісваюць альбо пасрэдныя выканаўцы, альбо ветэраны, што вяртаюцца дамоў "папыліць" перад пенсіяй. Адпаведна, сярэдні ўзрост гульцоў расце, а хуткасці з матывацыяй падаюць. Навошта выкладацца, калі грошыкі "капаюць", а дзеянні ў "паўнагі" на агульным фоне не выглядаюць іншародныімі?!
Таму не дзіва, што срэбраныя медалі першынства-2022 адышлі "Энергетыку-БДУ" — камандзе маладзёнаў, якія выпраўляліся на выезд у дзень гульняў і атрымлівалі па 300-400 даляраў заробку. Іх энтузіязм, фізічная форма і агульная дысцыпліна на фоне дэградацыі астатняй лігі апынуліся дастатковымі складнікамі для патраплення ў еўракубкі.
Футбол нікому не патрэбны
Цікавасць да віда спорту ў Беларусі апошнімі сезонамі звалілася ў адмоўнае піке. Аднак сёлета рызыкуе ўвогуле прабіць дно. Нацыянальная каманда не выклікае эмоцый у заўзятараў, бо няма ні вынікаў, ні выбітных асоб (якімі, у свае часы, былі, напрыклад, Валянцін Бялькевіч альбо Віталь Кутузаў), ні харызматычнага трэнера. Георгій Кандрацьеў, які ўзначальвае каманду сёння, максімальна зручны кіраўніцтву. Таму адсутнасць стылю і якасці ў гульні апраўдвае знешнімі абставінамі — нейтральным полем, складанай лагістыкай, моцнымі супернікамі. Калі ж настае час абараніць гульцоў, выказацца па актуальных грамадскіх пытаннях ці прызнаць уласныя памылкі, Кандрацьеў"зліваецца" — і гэтым нагадвае ўласных босаў, у федэрацыі ды міністэрстве спорту.
Зніклі аншлагі і ў першынстве краіны, бо глядзець з трыбун няма на каго. Ды і патрапіць на гэтыя трыбуны — квест. Паспрабуй спачатку міліцэйскія вобшукі перацярпець, а пасля не патрапіць у пастарунак за тое, што пад гімн не ўстаў, ці нешта выгукнуў забароненае (хай сабе сезонам раней такія "крычалкі" дазваляліся). Ды й стан стадыёнаў у пераважнай большасці такі жудасны, што весці туды дзяцей альбо самому мокнуць ці мерзнуць на лавай жадання ў заўзятараў няма.
Не спрыяе прасоўванню футбола і яго асвятленне. У федэрацыі слова "піяр" успрымаецца як нецэнзурнае, а клубы выдаткаваць на гэта грошы лічаць бязглудзіцай. На ТБ, як і ў друкаванай прэсе, прафесіяналаў пасля 2020-га засталося "на тры дні", таму пра футбол там апавядаюць у стылістыцы мінулага стагоддзя. Тады як энтузіястаў-блогераў няма ў прынцыпе, бо зараз любая актыўнасць можа прывесці чалавека да абвінавачанні ў экстрэмізме. Адпаведна, лінейка вопраткі "Белыя крылы", ютуб-канал "Часнок", часопіс "Вялікі футбол" альбо конкурс "Мова. Музыка. Футбол" на фоне сённяшняй шараговасці выглядаюць нейкімі касмічнымі ініцыятывамі.
Нарэшце, "забілі" на гульню і кіраўнікі галіны. Базанава з Кавальчуком не бянтэжыць тое, што ўслед за клубамі мінору галеюць ужо калектывы эліты. Як не турбуе крызіс у дзіцячым ды моладзевым футболе. Куды істотней для босаў ускласці вянкі на патрыятычных мерапрыемствах, наведаць усебеларускі сход альбо вытрымаць наганяй ад Лукашэнкі, але захаваць пасады. Футбол ім, хутчэй, перашкаджае жыць, бо інакш можна было б лёгка трываць ад справаздачы да справаздачы УЕФА і асвойваць грошы ад Еўрапейскага саюза. Калі ж кіраўнікі "абуджаюцца" і бяруцца за рэформы, то наступствы дзеяў маюць выключна разбуральны эфект.
…Ці зменіцца што ў лепшы бок бліжэйшым часам? Відавочна, не. Нават калі ўвесну Базанаў пакіне пасаду ў сувязі з выбарамі новага старшыні БФФ, трэнды на дэградацыю застануцца ў сіле. Бо футбол сёння — гэта Беларусь у мініяцюры. І калі глабальныя палітычныя, эканамічныя ды сацыяльныя працэсы вядуць краіну да заняпаду, то з якой нагоды спорту ісці супраць мэйнстрыма. Тым больш, што ні кадравага, ні фінансавага патэнцыялу для гэтага ў футбола няма.