Давід Яноўскі — беларуская зорка на сусветным шахматным небасхіле пачатку ХХ стагоддзя

Спартсмены ў Беларусі нараджаюцца не толькі сёння і ўчора — у нас за плячыма доўгая традыцыя, карані якой сыходзяць ажно на стагоддзе назад. Пра адну з асоб, якія ўжо тады рухалі станавіліся зоркамі сусветнага ўзроўню, расказала «Тр*буна».

david_janouski.webp


Давід Яноўскі нарадзіўся 25 мая 1868 года ў сям'і купца-ліцвіна і дачкі яўрэйскага асветніка, якія жылі ў Ваўкавыску. На той час у горадзе было крыху больш за 3 тысячы жыхароў, і, як пісалі афіцэры Расійскай імперыі, «няма нават кірмаша, рамёствы нікчэмныя, заработная плата нізкая». Паводле сведчанняў сучаснікаў, сваё дзяцінства Яноўскі амаль ніколі не ўзгадваў, і таму расказаць пра беларускі этап жыцця Давіда немагчыма.

Праз некаторы час пасля яго нараджэння сям'я пераехала ў Лодзь. Там Давід захапіўся шахматамі — несумненна, на гэта паўплываў старэйшы брат Хаім, вядомы папулярызатар шахматаў у тагачаснай польскай частцы Расійскай імперыі. Калі малодшы брат пачаў дэманстраваць перспектывы, яго адправілі на навучанне ў Варшаву — тады буйны шахматны цэнтр. Але каб зарабіць гульнёй, гэтага было недастаткова — і ў 18 гадоў Яноўскага ўпершыню заўважылі ў Парыжы, дзе квітнелі гульні на стаўкі і грашовыя турніры.

У французскай сталіцы, куды канчаткова пераехаў да 23 гадоў, малады Давід зрабіў уражанне: не маючы як такой адукацыі, мог падтрымаць дыялог пра вышэйшую матэматыку або антычную літаратуру на французскай, англійскай, нямецкай, польскай і рускай (а таксама свабодна валодаў беларускай, літоўскай, ідышам і іўрытам). Называлі яго ў прэсе то рускім, то палякам, прадстаўляць ён неўзабаве стаў Францыю, але грамадзянства яе так і не атрымаў, застаўшыся з дакументамі Расійскай імперыі. Тыя, хто пакідаў пра яго ўспаміны, нязменна вылучалі тры фірмовыя рысы: першая — аддаваў перавагу элегантным касцюмам (Яноўскі лічыўся ўзорам стылю ў шахматным свеце), другая — яго несуцішна цягнула да гульні ў казіно, дзе Давід нярэдка спускаў прызы за шахматныя поспехі ў той жа дзень.

Трэцяй рысай была нянавісць да нічыіх за дошкай. І гэта ў час, калі ўжо перамаглі ідэі першага афіцыйнага чэмпіёна свету Вільгельма Стэйніца —— пазіцыйная гульня, што вядзе да нічыёй у чаканні хіба што памылкі суперніка. Як пісаў шахматыст Рудольф Шпільман, «Яноўскага не раз перамагалі, прапанаваўшы яму ў "зручны" момант нічыю, якія ён ненавідзеў — і лічыў за лепшае прайграваць». Таксама яго супернікі ўвесь час адзначалі, што Давід быў «карэктным падчас партый і невыносным пасля параз» — ды і пасля перамог ён не раз славесна чапляў супернікаў: напрыклад, прапаноўваў наступны матч з імі пачаць без аднаго каня, а неяк наогул дайшоў да таго, што прапанаваў суперніку чатыры партыі форы ў матчы, які быў бы для яго рэваншам.

У 1891-м Яноўскі набраў вагу ў Парыжы і стаў гуляць у модным тады шахматным «Кафэ дэ ля Рэжанс», дзе збіраліся масцітыя прафесіяналы і гатовыя шчодра іх узнагародзіць заможныя аматары. Давіду пасля некалькіх перамог учынілі матчавую сустрэчу з адным з найлепшых у кафэ, якую прыезджы выйграў, а ў 1892-м стаў другім на чэмпіянаце ўстановы (фактычна гэта было першынство Францыі). Тады ж Яноўскаму аддалі прыз за самую прыгожую партыю — такіх у яго кар'еры пасля будзе значна больш, чым выйгрышаў турніраў. У 1894-м Давіда паслалі на турнір у Ляйпцыг — гэта было першае французскае прадстаўніцтва на міжнароднай шахматнай арэне за дзесяцігоддзе. Паралельна ён пачаў каментаваць свае і не толькі партыі для шахматных старонак газет — пасля займаўся гэтым шмат гадоў і нават рэдагаваў спецыялізаваны часопіс.

Поспехі маладога гульца ацаніў нідэрландскі жывапісец з багатай сям'і Леанардус Саламон (знаёмыя называлі яго проста Леанардус, і ў выніку ён, абгуляўшы скарачэнне імя, зрабіў «Нардус» афіцыйным прозвішчам). Ён горача любіў шахматы і спансаваў многіх гульцоў, але гэтым яго дачыненне да спорту не абмяжоўвалася: ён быў нядрэнным фехтавальшчыкам і на АГ-1912 узяў бронзу ў складзе зборнай Нідэрландаў у камандных спаборніцтвах. Стаўленне Нардуса да Яноўскага было да крайнасці захопленым — мецэнат не толькі ездзіў з пратэжэ па турнірах, забяспечваючы яго пражыванне і харчаванне, але і штомесяц вылучаў «стыпендыю», на якую можна было весці жыццё на шырокую нагу (праўда, Яноўскі працягваў амаль усё спускаць у казіно). Кампенсацыя патрабавалася невялікая — рэгулярна гуляць з Нардусам простыя партыі для яго задавальнення. Паводле сведчання шахматыста Уільяма Уінтэра, праз шмат гадоў Яноўскі не вытрымаў і пасля чарговай партыі заявіў патрону, што «такога ідыёта ў шахматах яшчэ не сустракаў», пасля чаго пазбавіўся сяброўства і фінансавай падтрымкі.

У канцы XIX стагоддзя Яноўскі выйграваў усё больш паядынкаў у топавых супернікаў, займаў прызавыя месцы ў самых прэстыжных турнірах — і пачаў задумвацца пра матч за званне чэмпіёна свету. Тады падобныя паядынкі не рэгуляваліся якой-небудзь міжнароднай федэрацыяй — трэба было проста дамовіцца з дзеючым чэмпіёнам пра саму сустрэчу і яе фармат. У 1899-м такім быў Эмануэль Ласкер — Яноўскі перасекся з ім на адным з турніраў, прайграў партыю, але кінуў чэмпіёнскі выклік. Ласкер пагадзіўся яго прыняць, але хацеў, каб матч доўжыўся да 8 перамог — Яноўскі ж настойваў на 10, як было раней у такіх сустрэчах. У выніку Эмануэль проста адмовіўся, хаця ўсе астатнія яго ўмовы былі выкананыя. У газетах пісалі, што проста пабаяўся сілы суперніка, які знаходзіўся на піку формы.

Яноўскі працягваў гуляць і часта выйграваць, замацаваўшыся ў шахматным топе—- а яшчэ пра захоплены прыём зорнага гульца ў мясцовых клубах з майстар-класамі па адначасовай гульні і іншымі актыўнасцямі пісалі газеты Брытаніі, Германіі, ЗША, адзначаючы ветлівасць Давіда з тымі, хто шукаў яго ўвагі . Праўда, у 1905-м Яноўскі саступіў у матчавай сустрэчы Фрэнку Маршалу з ЗША — і, можна сказаць, перастаў быць галоўным прэтэндэнтам на матч за шахматную карону. Ласкер у 1907-м згуляў якраз з Маршалам — і абараніў тытул.

У 1908-м Нардус арганізаваў на сваёй віле рэванш Яноўскага з Маршалам — Давід выйграў і неўзабаве адправіў выклік Зігберту Тарашу, новаму галоўнаму прэтэндэнту на карону Ласкера. Зрэшты, выклік быў праігнараваны, а Ласкер выйграў у Тараша. Але Нардус так верыў у свайго фаварыта, што ўключыў грашовы рэсурс і спачатку прапанаваў 2,5 тысячы франкаў (вялікія па тых часах грошы) за матч Яноўскага з Ласкерам усяго з чатырох партый на сваёй віле. Давід ледзь не стварыў сенсацыю — нават вёў 2:1, але супернік здолеў зраўняць лік. Тым не менш матч за карону паміж тымі ж супернікамі здаваўся справай вырашанай.

19 кастрычніка 1909-га такі матч пачаўся ў Парыжы — перамагаў той, хто набярэ больш у 10 партыях, а абодвум удзельнікам гарантавалася па 4 тысячы франкаў плюс яшчэ 2 тысячы пераможцу (Нардус уклаў 6 тысяч сваіх). Але гуляць было дазволена толькі 4,5 гадзіны на дзень, пасля чаго партыю адкладалі на заўтра, што Яноўскаму, гульцу запалу, было ў матчы з разважлівым Ласкерам зусім невыгодна. Давід змог выйграць толькі адзін матч дзякуючы свайму напору, яшчэ два скончыліся нічыёй, а ў астатніх Ласкер выйграваў — нярэдка таму, што супернік памыляўся пры настойлівых пошуках сваёй перамогі. Пры гэтым аказалася, што Эмануэль так і не пацвердзіў наўпрост, што гэта быў менавіта матч за чэмпіёнства, таму ў некаторых спісах гэтая сустрэча не фіксуецца такой, у адрозненне ад матча з Карлам Шлехтэрам, які адбыўся праз пару месяцаў (была цяжкая нічыя 5:5, але так Ласкер абараніў тытул).

«Упартасць, з якой Яноўскі ў зусім нічыйных пазіцыях працягваў гуляць на выйгрыш, годная шкадавання. Яноўскі — аптыміст, ён усюды бачыць ружы, не заўважаючы шыпоў, адсюль пераацэнка сваіх магчымасцей», — занатаваў шахматыст Георг Марка.

У 1910-м Яноўскаму намаганнямі Нардуса (паставіў 5 тысяч франкаў для пераможцы) атрымалася дамовіцца з Ласкерам яшчэ на адзін матч — ужо дакладна афіцыйна за званне. Напярэдадні сустрэчы Яноўскі зладзіў, як зараз сказалі б, трэшток (хоць і непацверджаны публічна): у прэсе перадавалі нібыта словы Давіда, што гэта не Ласкер выйграе, а прайграюць яго супернікі, а партыі Эмануэля не маюць «мастацкай каштоўнасці» і адносяцца «хутчэй да даміно». Ласкер не адказваў, а за сталом абраў звыклую стратэгію вымотвання — напрыклад, трэцяя партыя пры рэгламенце ў чатыры гадзіны гульні ў дзень працягнулася чатыры дні, на працягу якіх Яноўскі абараняўся і ў выніку ўсё ж пагадзіўся на нічыю, а пасля гэтага ў чацвёртай партыі «праспаў» фігуру і адносна хутка прайграў. Не спрыяла Давіду і тое, што, паводле сведчанняў відавочцаў, замест сну па начах ён не першы раз знікаў у клубах, дзе гулялі ў карты і іншыя азартныя гульні.

Пасля трэцяй паразы (у партыі, якая была для Давіда выйгрышнай) Яноўскі нібыта сказаў: «Ласкер гуляе ў такія тупыя шахматы, што я проста не магу глядзець на дошку». Следам ён здабыў трэцюю нічыю ў матчы, а потым прайграў пяць партый запар, некаторыя і за адзін дзень, і матч быў скончаны. 8-0 па перамогах, 9,5-1,5 па ачках — Ласкер па ліку вынес суперніка ў адну брамку. Але, як пісаў Эдуард Ласкер (аднафамілец Эмануэля і таксама шахматыст), на наступны дзень пасля заканчэння матча Давід сказаў, што толькі рады, што ўсё скончылася і зараз можна заняцца «значна цікавейшай гульнёй» —— і стаў тлумачыць прыдуманую ім сістэму, якая нібыта падвышае шанцы выйгрышу ў рулетку.

«Яноўскі быў вялікім шахматыстам, але сярэднім спартсменам і слабым псіхолагам. Ён мог дзесяць разоў трымаць у руках выйгрыш, але, шкадуючы растацца з партыяй, урэшце ўпэўнена яе прайграваў», — запісаў пра свайго суперніка пазней Эмануэль Ласкер.

У 1911-м Яноўскага запрасілі на прэстыжны (15 гросмайстраў клюнулі на прызавы фонд у цэлых 50 тысяч франкаў) турнір у іспанскі Сан-Себасцьян. Там ён сустрэў тады будучага чэмпіёна свету Хасэ Капабланку, які пачынаў кар'еру. І да 53-га ходу Давід канчаткова заблытаў суперніка сваімі нечаканымі паваротамі партыі — заставалася зрабіць пераможны ход, пасля якога ў Капабланкі не было шанцаў. Але Яноўскі і сам стаміўся і фатальна памыліўся. Кубінец скарыстаўся гэтым і праз 13 хадоў прымусіў суперніка здацца, а Давід яшчэ дзве гадзіны (ішоў разбор партыі) не мог зразумець, што ж зрабіў не так, пакуль яму проста на гэта не паказалі. Капабланка пазней выйграў увесь турнір, што стала першым крокам на шляху да сусветнай славы, а Яноўскі, шакаваны сваім пралікам, стаў толькі 12-м, але галоўнае — расчараваўся ў сабе. Больш ён не заяўляў публічна, што здольны выйграць тытул чэмпіёна свету, хаця і змог узяць у Капабланкі рэванш у 1913-м, прычым на Кубе.

У 1914-м Яноўскага арыштавалі на турніры ў Мангейме. Пачалася Першая сусветная вайна, «рускія» ў Германіі сталі непажаданымі. Але пазней Давіда адпусцілі, і ён змог выехаць у Швейцарыю, а потым у Францыю, адкуль перабраўся ў ЗША, прадказаўшы еўрапейскім шахматам ««смерць мінімум на 20 гадоў». У Амерыцы ён таксама выйграў нямала гульняў і нават безвынікова прапаноўваў матчавую сустрэчу Капабланку, але ў 1922-м прайграў (зноў жа, знаходзячыся ў татальна выйгрышнай пазіцыі) 10-гадоваму Сэмюэлу Рашэўскаму, якога планаваў разграміць, што, вядома, ударыла па яго рэпутацыі. Калегам ён па-ранейшаму нярэдка прызнаваўся, што гуляць яму бывае надта сумна.

У 1924-м Яноўскі вярнуўся ў Парыж і дзеля гульняў крыху паездзіў па Еўропе. Кажуць, меў планы на будучыню, але яго стан пагаршаўся праз хваробу, якая на той час дрэнна лячылася, — сухоты. Сяброў, якія маглі б дапамагчы, у Давіда не засталося: страціў сам з-за праз сваю рэзкасць. Да гонару Нардуса, даведаўшыся пра рэзкае пагаршэнне стану былога таварыша, Леа выслаў на лячэнне немалую суму грошай. Але, на жаль, не дапамагло і гэта: на пачатку 1927-го, прыехаўшы ў французскі Ер на чарговы турнір, Яноўскі адчуў сябе дрэнна, быў змешчаны ў прыватную лякарню, але 15 студзеня сканаў. «Гэта быў сапраўдны мастак шахматаў», — напісаў у сваім некралогу «American Chess Bulettin».

У гонар Яноўскага засталіся названымі некалькі шахматных прыёмаў. Адзін з іх, варыяцыю ферзевага гамбіта, нярэдка выкарыстоўваў дзеючы чэмпіён свету Магнус Карслен.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу «Тр*бунай» выкарыстаны нататкі ў друкаваных выданнях канца XIX – пачатку XX стагоддзяў і ўспаміны, сабраныя ў кнізе Сяргея Варанкова і Дзмітрыя Плісецкага «Давід Яноўскі».