Працэс палітычнага тэрору ў Беларусі паглыбляецца: сілавікі арыштоўваюць сваякоў актывістаў
Сілавікі дэманстратыўна затрымліваюць родных беларускіх добраахвотнікаў. Эксперты распавялі «Люстэрку», ці можа гэта закрануць сем'і звычайных беларусаў.
Сілавікі «адпрацоўваюць сувязі» ўдзельнікаў палка Каліноўскага і іншых беларускіх фарміраванняў, якія ваююць ва Украіне, а таксама праціўнікаў улады, якія з’ехалі за мяжу. Пра гэта сёння заявілі ў МУС.
У ведамстве дадалі, што «экстрэмісты і тэрарысты», якія з’ехалі за мяжу, а таксама добраахвотнікі, што ваююць ва Украіне, нібыта выношваюць планы дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Нядаўна сілавікі затрымалі дзядзьку і цётку дзяўчыны, якая з’ехала ў Польшчу і прайшла там трэніроўку ў лагеры BYPOL.
Але чаму сілавікі адкрыта кажуць пра пераслед сваякоў беларускіх добраахвотнікаў? Ці значыць гэта, што такіх самых дзеянняў можна чакаць у дачыненні да звычайных актывістаў? Задалі гэтыя пытанні экспертам.
Палітолаг Валерый Карбалевіч адзначае, што сітуацыя, калі палітычных апанентаў улада пераследуе з дапамогай рэпрэсій, для Беларусі не новая.
— З моманту пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі такое было заўсёды. Цяпер сілавікі пра гэта адкрыта пішуць, і гэта сведчыць, што працэс палітычнага тэрору паглыбляецца і пашыраецца. Гэта нагадвае палітыку рэвалюцыйнай правасвядомасці бальшавікоў. Лідары ЧК выдавалі інструкцыі мясцовым органам улады, дзе адзначалі, што калі чалавек з’яўляецца прадстаўніком арыстакратыі або буржуазіі, то ніякіх доказаў яго віны не трэба, — кажа Карбалевіч.
Ён дадае, што Лукашэнка, выступаючы 7 сакавіка на цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод, даў сілавікам карт-бланш на тое, «каб пашырыць рэпрэсіі на ўсіх».
— Фактычна з яго заяў вынікае, што ўсе людзі, нейкім чынам датычныя да пратэснай дзейнасці, аўтаматычна становяцца вінаватымі ў інцыдэнце ў Мачулішчах. ГУБАЗіК дзейнічае ў поўнай адпаведнасці з гэтым указаннем. У такім выпадку сваякі падазраваных таксама робяцца падазраванымі. Наколькі гэты працэс можа распаўсюджвацца на іншых вядомых або невядомых людзей, складана сказаць. Аднак ён, відавочна, ідзе.
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адзначае, што ў пастанове сілавікоў «адпрацоўваць сувязі» байцоў палка Каліноўскага «нічога дзіўнага няма».
— Усё гэта добра ілюструе імкненне ўлады да сталінскіх практык. Я б адзначыў некалькі момантаў. Калі яны ўсё гэта робяць і яшчэ публічна агучваюць свой намер працягваць, яны тым самым падкрэсліваюць, што асцерагаюцца палка Каліноўскага. Гэта трошкі не стасуецца з іх прапагандай. З аднаго боку, ёсць нязначная колькасць «збеглых», якія нібыта ўсяго толькі фатаграфуюцца, «посцяцца». А што атрымліваецца ў выніку? Здаецца, усё ж такі нейкую небяспеку яны ўяўляюць, раз сілавікам трэба «адпрацоўваць» іх кантакты.
Другі момант, на які Фрыдман звяртае ўвагу, звязаны з тым, што сілавікі пра гэта паведамляюць публічна.
— Яны маглі б усё гэта рабіць без лішняй агалоскі, але сілавікі адкрыта паказваюць, што заняліся гэтымі людзьмі. Тым самым яны спрабуюць запалохаць тых, хто знаходзіцца за мяжой. І найперш, вядома ж, людзей, якія жывуць у самой Беларусі. Трэці момант, які я хацеў бы вылучыць, на жаль, сумны. Я думаю, што рэжым, які ўзяўся за такія праверкі, не саромеецца іх і кажа пра гэта абсалютна адкрыта, будзе пераходзіць і да іншых метадаў. Следам можна пачынаць трэсці сваякоў усіх знакамітых і не вельмі людзей, якія знаходзяцца за мяжой, — тлумачыць Фрыдман. — У якасці гістарычнага прыкладу магу вам прывесці гісторыю з Троцкім. З усімі яго сваякамі і блізкімі знаёмымі, якія былі ў Савецкім Саюзе, улады расправіліся. Паколькі да Троцкага Сталін не дабраўся (таму дазволілі з’ехаць), то рэпрэсіі закранулі ўсіх людзей, якія нейкім чынам былі з ім звязаны, перасякаліся або займалі нейкія пасады ў ягоным атачэнні. Гэта прыклад таго, што можа быць з рэжымам, які цалкам развіваецца ў духу сталінскай традыцыі.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў адзначае, што з прыходам вясны ў Беларусі пачаўся час «псіхалагічных абвастрэнняў і пасадак».
— Усе вось гэтыя практыкі накшталт пераследу сваякоў актывістаў, масавыя «хапуны» былі і будуць заўсёды. Цяпер жа відавочна, што для ўсяго гэтага ёсць некалькі прычын. І ў асноўным яны, безумоўна, звязаны з тым, што адбылося ў Мачулішчах. Рэжым убачыў, што, нягледзячы на рэпрэсіі, нягледзячы на вось гэтыя заклікі Лукашэнкі перагарнуць старонку, нягледзячы на стварэнне камісіі па вяртанні і на шэраг іншых захадаў, нічога не спрацавала. Людзі рэжыму не вераць. І што рабіць? Ва ўлады, па сутнасці, варыянтаў няма. Многія эксперты, і я ў тым ліку, неаднаразова казалі, што рэпрэсіі будуць працягвацца хоць бы з той простай прычыны, што ў Лукашэнкі няма ніякага інструмента да грамадзянскага прымірэння, няма ніякіх варыянтаў для паляпшэння эканамічнай сітуацыі і нармальнага ідэалагічнага ўздзеяння. Да таго ж з 2020 года фактычна ўсе сілавыя міністэрствы атрымалі велізарную ўладу. Таму вось тая чарговая «жэстачайшая» зачыстка, якую Лукашэнка анансаваў на мінулым тыдні, у прынцыпе была чаканая і заканамерная, — каментуе сацыёлаг.
Паводле Генадзя Коршунава, гэты працэс будзе пашырацца на розных узроўнях. На яго думку, улады выбіраюць помсту палітычным актывістам без думкі пра тое, як гэта адаб’ецца на колькасці прафесіяналаў у краіне.
— Сёння, напрыклад, прыйшла інфармацыя пра масавыя затрыманні псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў. Я думаю, вось такія новыя прафесійныя групы будуць уключацца ў гэты арэал рэпрэсій, таму што ва ўлады велізарны комплекс непаўнавартасці. Яны не бачаць іншых спосабаў камунікацыі з грамадствам. З іншага боку, сілавікі, якія атрымалі свабоду, будуць працягваць нарошчваць маштабы арыштаў, каб даказваць свой прафесіяналізм і лаяльнасць вышэйшым органам улады.