Полк Каліноўскага ў выпадку нападу з Беларусі будзе перакінуты на мяжу з РБ — мэр Жытоміра
Беларускі добраахвотніцкі полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ва Украіне ў шэрагах УСУ, у выпадку наступлення з нашай краіны будзе пераведзены на абарону мяжы з Беларуссю. Пра гэта ў эфіры ўкраінскага нацыянальнага тэлемарафону заявіў мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін.
Зыходзячы з яго слоў, гаворка можа ісці аб адной з заходніх абласцей Украіны.
«Літаральна некалькі дзён таму ў мяне была сустрэча з кіраўніком палка Каліноўскага — гэта сапраўдныя патрыёты Беларусі. У выпадку інтэрвенцыі з боку Беларусі гэты полк будзе здымацца з усходу і перамяшчацца менавіта на беларускую мяжу, каб у першых шэрагах абараняць Украіну і потым вызваляць Беларусь ад дыктатара Лукашэнкі», — паведаміў Сухамлін.
Мэр Жытоміра адзначыў, што пакуль не можа сказаць, які менавіта ўчастак мяжы будуць абараняць беларускія добраахвотнікі. Паводле яго слоў, прадстаўнікі палка ўжо наладжваюць сувязі з Ровенскай, Валынскай і Жытомірскай абласцямі Украіны.
Цяпер фарміраванне знаходзіцца на ўсходзе Украіны — у наступную сераду байцы палка атрымаюць з Жытоміра гуманітарную дапамогу, аўтамабілі і квадракоптары.
Сухамлін распавёў, што цяпер мяжа Жытомірскай вобласці з Беларуссю надзейна закрыта і сітуацыя там «больш-менш нармальная»: у прыватнасці, знаходзяцца падраздзяленні УСУ і тэрабароны, узведзена мноства фартыфікацыйных збудаванняў і бетонных агароджаў.