«Для мяне вайна скончыцца тады, калі мы з пабрацімамі будзем ісці з нашымі сцягамі па цэнтры Мінска»
Наш сённяшні герой — беларускі добраахвотнік Алег «Альгерд» Аўчыннікаў — мінамётчык палка імя Кастуся Каліноўскага. Жыў у Гомелі, вучыўся ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі. Паралельна з вучобай працаваў юрысконсультам.
— Першы раз мяне арыштавалі ў 2012 годзе — я расклейваў улёткі, мяне схапілі амапаўцы. З універсітэта, загадам рэктара, мяне адлічылі, а з працы — звольнілі. Я ўладкаваўся экспедытарам у райспажыўтаварыства. Праз паўгода аднавіўся ва ўніверсітэце і працягнуў вучобу.
Падзеі на Майдане
У 2014 годзе ўся ўвага Алега была прыкавана да падзей на Майдане ва Украіне:
— Самому патрапіць на Майдан мне ўдалося толькі на Новы год. 31 снежня я прыехаў на Майдан, 2 студзеня вярнуўся дадому. У Гомелі ўбачыў нашыя шэрыя будні, мне здавалася, што нікому не цікава змагацца за свае правы, а тут, побач, ёсць Украіна, дзе людзі гэта робяць, дзе людзі не хочуць атрымаць новую дыктатуру. Мне захацелася вярнуцца. Я ўбачыў у інтэрнэце аб'яву, што 19 студзеня рыхтуецца маштабная акцыя і ўсіх чакаюць на Майдане. І вырашыў, што паеду і прыму ўдзел. Планаваў паехаць на некалькі дзён і вярнуцца.
Раніцай 19 студзеня я ўжо быў у Кіеве. Прыняў удзел у акцыі — схадзілі на вуліцу Банкавую. Я добра памятаю, што дзяўчыны прынеслі тады для ВВшнікаў (Унутраныя войскі МУС Украіны — былое воінскае фармаванне, якое існавала з 26 сакавіка 1991 года па 12 сакавіка 2014 года) мяккія цацкі і кветкі — г. зн. не толькі ў нас такое было. Але ў паветры адчувалася, што гэта не той навагодні, святочны Майдан, людзі былі незадаволеныя — ужо быў прыняты шэраг дыктатарскіх законаў. Тады і адбыліся першыя сутыкненні на Грушэўскага з так званымі праваахоўнымі органамі. Выбухнулі першыя гранаты са слёзатачывым газам, першыя святлашумавыя гранаты, вадамёты.
Раніцай 22 студзеня я даведаўся, што пачаліся забойствы — некалькі чалавек застрэлілі на Грушэўскага. Сярод іх — мой суайчыннік Міхась Жызнеўскі. Я зразумеў, што трэба застацца, бо гэта ўжо наўпрост тычыцца беларусаў. 11 лютага я вярнуўся ў Беларусь, не паехаў бы, але трэба было мяняць пашпарт — у яго скончыўся тэрмін дзеяння. Напісаў заяву ў пашпартным стале, аплаціў паскоранае атрыманне — трэба было чакаць 2 тыдні. Першы тыдзень дома прайшоў спакойна, а вось на другім я даведаўся, што мною цікавіліся праваахоўныя органы — менавіта маім актыўным удзелам на Майдане.
Я зразумеў, што не варта выпрабоўваць лёс, забраў свой новы пашпарт і адразу ж узяў квіток на цягнік да Гомеля, а з Гомеля паехаў аўтобусам да Чарнігава. На мяжы напісаў бацькам смску, накшталт, што я на некалькі дзён ад'еду, сустрэнуся з сябрамі і вярнуся. 1 сакавіка я ўжо быў у Кіеве. Вось так, «дзякуючы» нашым гэбістам, з 2014 года я жыву ва Украіне.
Пачатак вайны
За месяц да пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну Альгерд разам з сябрамі трэніраваўся — праходзілі ваенную падрыхтоўку.
— 24 лютага я даведаўся, што УСУ не пайшлі на тое, каб стварыць нейкія асобныя беларускія фармаванні, нам параілі запісвацца ў тэраабарону. Я, Дзяніс Урбановіч, Ян Дзюрбейка, які ў палоне ў расейцаў зараз, і іншыя мае сябры-беларусы, паехалі на іпадром — там запісвалі ў тэраабарону і выдавалі зброю. Мы прастаялі ў чарзе каля 7 гадзін, заставалася літаральна некалькі чалавек перад намі, і тут аб'явілі, што скончыліся патроны, а без патронаў зброю не выдаюць. Сказалі прыходзіць заўтра.
Мы паехалі ў паб «Торвальд», каб там пераначаваць. Па дарозе нас спыніў патруль. Яны зразумелі, што мы не агенты, і адпусцілі. І так пачаліся нашыя прыгоды з затрыманнямі. Усяго нас затрымлівалі пяць разоў. Самы брутальны — з аўтаматамі, «тварам у зямлю», з дастаўкай у пастарунак, псіхалагічны ціск. Але як толькі высвятлялі, што мы не дыверсанты, не агенты — адпускалі.
Полк Каліноўскага
Хлопцы даведаліся, што на базе тэраабароны пры Азове ствараецца беларуская рота. Было вырашана ехаць туды.
— Нейкі час праслужылі ў тэраабароне, нас рабілася ўсё больш — добраахвотнікі прыязджалі і прыязджалі. Так беларуская рота стала батальёнам імя Кастуся Каліноўскага, 24 сакавіка мы афіцыйна перайшлі ў склад УСУ. Праз некаторы час наш батальён стаў палком.
Пачынаў я радавым байцом, пазней стаў сапёрам. Калі мы паехалі на новыя пазіцыі, вырашыў перакваліфікавацца ў мінамётчыка, кім і з'яўляюся дагэтуль. Наша асноўная зброя — гэта чэшскі 122-мм мінамёт, з якім мы зрабілі шмат працы для вызвалення Украіны, знішчылі шмат ворагаў, варожай тэхнікі.
Мары
Адной з самых галоўных мар Альгерда было вызваленне Херсона.
— Гэта маё асабістае, справа гонару, таму што падзеі ў Херсоне цесна перапляліся з падзеямі ў Беларусі двухгадовай даўніны — калі супраціў быў задушаны. Цяпер Беларусь фактычна знаходзіцца пад падвойнай акупацыяй — рэжыма Лукашэнкі і рэжыма Пуціна. Вызваліць яе мы зможам толькі дзякуючы сілавому сцэнару. Наша галоўная задача — знішчыць пуцінскі рэжым ва Украіне, каб максімальна яго аслабіць, у ідэале — знішчыць поўнасцю, каб нам было нашмат лягчэй вызваляць нашу Беларусь. Таму калі я патрапіў у Херсон, сказаць, што я быў шчаслівы — гэта нічога не сказаць!
Я бачыў, як нас сустракалі людзі, як яны радаваліся вызваленню, асабліва іх рэакцыю, калі яны даведваліся, што мы беларусы. Дзякуючы гэтым падзеям я зразумеў, што ўбачу такую ж карціну і ў Беларусі — нас сустрэне вялікая колькасць людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія яны прыхавалі да лепшага моманту, як і херсонцы — яны захавалі свае сцягі і сустрэлі нас з імі. Цяпер я мару вызваліць усю Украіну. Ну, а мая галоўная мара — патрапіць у Беларусь вызваліцелем.
Талісманы
Талісманы Альгерд заўсёды носіць з сабой.
— Першы талісман — гэта малюнак Пагоні ў сярэднявечным стылі, які мне падарыла Кацярына Ваданосава, гэта было на наступны дзень пасля майго дня нараджэння, 12 лютага.
Другі мой талісман — гэта сцяг, які я пашыў сабе яшчэ ў 2018 годзе. Дарэчы, раней я шыў сцягі, зараз таксама, калі ёсць вольны час — шыю нашы сцягі. А ў 2020-2021 гадах я быў крыніцай нашай сімволікі ва Украіне. Гэты сцяг мне дарагі, таму што яго падпісала Ніна Багінская. Гэта было 22 верасня 2018 года ў Чарнігаве, на з'ездзе руху салідарнасці «Разам», я быў прэс-сакратаром, а Ніна Багінская — ганаровым чальцом дэлегацыі. Для мяне зараз гэты сцяг — вялікая каштоўнасць, ён заўсёды са мной, дзе б я ні быў.
Удзел Беларусі ў вайне
24 лютага Беларусь прадаставіла расійскаму войску сваю тэрыторыю для запуску ракет па пазіцыях ва Украіне.
— Рэжым Лукашэнкі — прамы саўдзельнік вайсковай агрэсіі пуцінскага рэжыму супраць Украіны. Але я думаю, што беларускія войскі не будуць браць удзел у вайне. Лукашэнка не вырашыцца на гэты крок, бо гэта будзе яго апошні дзень, гэта будзе тая падзея, якая прывядзе да вельмі хуткага канца ягонага рэжыму, таму што ён больш не зможа аднеквацца, хлусіць, што не бярэ ўдзел у вайне. Ну і беларускае войска — гэта не тое войска, якое можа весці вайну супраць Украіны — вайскоўцы дэмаралізаваныя, яны бачаць, як праігрываюць рускія. Таксама давайце не забываць, што беларускае войска — зрэз нашага грамадства.
А ў грамадства зараз антырасейскія настроі, Лукашэнка гэта таксама вельмі добра разумее. Таму ўводзіць войскі ён не будзе. Але калі такое здарыцца — палова адразу здасца ў палон — у такім выпадку ўсё будзе з імі добра. Мы, у адрозненне ад расейцаў, выконваем усе нормы міжнароднага права, якія датычацца вайны, ваеннапалонных. Ну а другая частка або разбяжыцца, або проста паверне сваю зброю супраць Лукашэнкі.
Канец вайны
Альгерд упэўнены, што вайна скончыцца безумоўнай перамогай Украіны.
— Ні ў каго няма сумневаў, што вайна скончыцца перамогай Украіны. А менавіта вызваленнем усіх акупаваных тэрыторый. Гэта і Данецкая вобласць, і Луганская, і Марыупаль, і Крым. Асабіста для мяне вайна скончыцца толькі тады, калі я са сваімі пабрацімамі, роднымі, сябрамі будзем ісці з нашымі сцягамі па цэнтры Мінска, святкуючы нашу перамогу над рэжымам Лукашэнкі і Пуціна. Толькі так. Пакуль будзе жывы рэжым Лукашэнкі — вайна будзе працягвацца. Мы абавязкова дажывём да гэтага моманту. Ад сябе асабіста я абяцаю зрабіць усё для таго, каб Беларусь стала зноў свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай краінай. Я толькі дзеля гэтага жыву, толькі дзеля гэтага я змагаюся.