Па справе аб падрыве расійскага самалёта ў Мачулішчах затрыманы памочнік Мясніковіча?

Дзмітрый Шадко, памочнік старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі і экс-намеснік міністра сувязі знік некалькі дзён таму. Па звестках праваабаронцаў ён, верагодна, быў затрыманы на працы ў Маскве.

Дзмітрый Шадко

Дзмітрый Шадко


Як сцвярджаюць крыніцы праваабаронцаў, мужчына доўгі час быў звязаны з «ралевікамі» і час ад часу, па магчымасці, прымаў удзел у іх мерапрыемствах — ён асабіста ведаў некаторых людзей, што былі затрыманыя па справе дыверсіі ў Мачулішчах.

Нагадаем, пасля атакі на расійскі самалёт у Мачулішчах па ўсёй краіне арыштоўваюць чальцоў стралковых клубаў, страйкбалістаў, рэканструктараў, уладальнікаў дронаў, рэпрэсіі распаўсюджваюцца на новыя пласты насельніцтва. Цэлыя вёскі ахоплены суцэльнымі праверкамі і ператрусамі. Лік арыштаваных ідзе на сотні. Толькі за 10 сакавіка ГУБАЗіК даў справаздачу аб затрыманні 60 чалавек. У гэты дзень сілавікі паказалі каля дзясятка новых відэа жорсткіх затрыманняў людзей або відэа іх допытаў.

У Маскве Дзмітрый Шадко працуе памочнікам старшыні Калегіі ЕЭК Міхаіла Мясніковіча — вядомага беларускага функцыянера, які некалькі гадоў займаў пасаду прэм'ер-міністра краіны, узначальваў верхнюю палату парламента.

Шадко апошнім часам жыў на Серпухаўскім вале. Па словах калег, Дзмітрый быў вельмі пунктуальным і надзейным супрацоўнікам: ён заўсёды папярэджваў аб сваіх перасоўваннях або адгулах. Апошні раз Шадко бачылі 9 сакавіка, а ўжо на наступны дзень ён знік. Супрацоўнік ЕЭК не прыйшоў на важную нараду, а яго тэлефон быў выключаны.

Знаёмыя Шадко ўспомнілі, што апошнім часам мужчына часта скардзіўся на спіну: маўляў, так баліць, што нават не ўстаць, таму выказалі здагадку, што Дзмітрый можа проста ляжаць дома. Кватэру, дзе ён пражываў, выявілі, аднак там нікога не было. Памяшканне агледзелі паліцэйскія, але нічога крымінальнага не знайшлі. Вышукам Шадко займаецца МУС Масквы, куды паступіла заява аб яго знікненні.