Выдавец Зміцер Колас верагодна затрыманы КДБ

Выдавецтва «Зміцер Колас» часова прыпыняе сваю дзейнасць. Ёсць звесткі, што сам выдавец знаходзіцца ў КДБ. Пра гэта адначасова паведамілі некалькі незалежных СМІ.

Зміцер Колас (пасярэдзіне) на выставе

Зміцер Колас (пасярэдзіне) на выставе


«Шаноўнае спадарства, выдавецтва прыпыняе сваю дзейнасць да асобнага паведамлення», — паведаміла выдавецтва ў сацыяльных сетках сёння, 5 сакавіка. 
Як паведаміла Reform.by крыніца з кніжных колаў, ёсць звесткі, што Зміцер Колас і яго друкар зараз знаходзяцца ў КДБ.
Першапачаткова меркавалася, што нагодай стала выданне дакументаў з дзяржархіваў пра рэпрэсіі 1937-1939 гадоў «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці». Але як сцвярджаюць крыніцы «Нашай Нівы», падставай для затрымання стала іншая кніга — зборнік «Вызваленыя і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939—1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». Ён з'явіўся ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў 17 студзеня 2023 года па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска.
Кнігу выдалі ў 2021 годзе ў Мінску. У ёй адлюстраваны адносіны насельніцтва Заходняй Беларусі да палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў савецкай улады ў перыяд з верасня 1939 года па чэрвень 1941 года.
Зборнік выйшаў пры дапамозе Цэнтра польска-расійскага дыялогу і ўзаемаразумення.
Выдавецтва «Зміцер Колас» вядомае кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі ў найлепшых беларускіх перакладах. Шырокае прызнанне атрымала кніжная серыя выдавецтва «Паэты планеты». У цыкле выйшла 100 кніжак выбітных аўтараў свету — у прыватнасці, Г. Апалінэра, А. Міцкевіча, А. Э. Адынца, Б. І. Антоныча, Д. Паўлычкі, В. Сасюры, М. К. Сарбеўскага, У. Блэйка, Н. Ленау, Г. Гайнэ, Г. Гайма, А. Поццы ды іншых паэтаў у перакладзе на беларускую мову ад знаных айчынных літаратараў і маладых перакладчыкаў. Толькі 28 лютага ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна прайшла імпрэза з нагоды 100-га выпуску серыі.