«Абысці лецішчы па ўсёй краіне». Пасля дыверсіі ў Мачулішчах сілавікі ўзяліся за дачнікаў
Максім (імя зменена) — жыхар Брэста. Недалёка ад горада ў яго сям'і ёсць лецішча. Увечары ў нядзелю, 12 сакавіка, калі мужчына быў там, да яго ў дзверы пагрукаў міліцыянт. Пра яшчэ адно міліцэйскае наступства дыверсіі на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах распавяло «Л*стэрка».
Са слоў Максіма, супрацоўнік перапісаў ягоныя звесткі,
спытаў, ці не бачыў той каго-небудзь падазронага, і паведаміў, што пасля
інцыдэнту ў Мачулішчах яны абыходзяць дамы ў садовых таварыствах.
Лецішча сям'і Максіма знаходзіцца ў садовым таварыстве
прыкладна за паўтара кіламетра ад Брэста. Там «каля сарака» дамоў.
— У нядзелю ўвечары мы з жонкай былі на лецішчы. Сядзім — і
тут стук у дзверы. Глядзім, міліцыянт, — апісвае сітуацыю суразмоўца. — Ён
спытаў: «Бачылі, што адбылося ў Мачулішчах?» — і стаў казаць, што
дыверсанты хаваліся ў садовых хатках, таму паступіла каманда абысці дамы ў
садовых таварыствах па ўсёй краіне.
Максім не ўдакладняў у супрацоўніка, ці шукае міліцыя
кагосьці, ці проста глядзіць абстаноўку.
— Міліцыянт папрасіў прайсці ў дом і прысесці. Запытаў
прозвішча, імя — мае і жонкі, нашы нумары тэлефонаў. Цікавіўся, ці бачылі мы
нешта падазронае, напрыклад, бяздомных або падазроных асоб. Мы адказалі, што не. Пра
суседзяў нам таксама няма чаго было сказаць, бо мы амаль ні з кім не маем
зносін, — успамінае Максім, пра што яго пыталіся. — Акрамя таго, ён цікавіўся,
ці не займаецца хтосьці скупкай металаў, і прапаноўваў паставіць дом пад ахову.
Анкета, працягвае Максім, была кароткая. Пытанняў аб
сітуацыі ў Мачулішчах або, напрыклад «Ці ёсць у вас дрон?» у ёй не
было. Пасля размовы з міліцыянтам Максім патэлефанаваў знаёмаму, у якога
таксама ёсць дом у садовым таварыстве за некалькі кіламетраў ад Брэста. Да яго
прыяцеля міліцыя пакуль не прыходзіла.
Дзяжурны брэсцкага РАУС, куды звярнулася чытачка,
родныя якой жывуць у тым жа садовым таварыстве, але ў нядзелю не знаходзіліся
на лецішчы, адносна абыходу дамоў міліцыянтам сказаў так:
— Такое можа быць. Гэта праводзяцца мерапрыемствы па ахове
грамадскага парадку.
Больш дэталёва на пытанне, з чым могуць быць звязаны такія
візіты, міліцыянт не адказаў. На пытанне, ці мае гэта дачыненне да сітуацыі з
самалётам, рэкамендаваў «не перажываць».
Выданне спытала ў чытачоў-дачнікаў, ці сутыкаліся
яны з чымсьці падобным. Было апытана больш за дзесяць чалавек з розных раёнаў
краіны. Ні да каго з іх міліцыя пасля інцыдэнту ў Мачулішчах пакуль не прыходзіла,
але быў выпадак, што 10 сакавіка міліцыянт тэлефанаваў старшыні таварыства.
— У пятніцу яму патэлефанаваў чалавек, прадставіўся
міліцыянтам і сказаў адправіць яму звесткі тых, хто жыве ў садовым таварыстве,
— распавёў чытач, лецішча якога знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне. — Акрамя таго,
яго цікавілі звесткі пра кіраўніцтва таварыства, колькі ў нас участкаў, іх схема, плошча, звесткі пра вартаўнікоў. Пакуль яму ніхто нічога не высылаў: папрасілі
ад яго афіцыйны ліст.
Яшчэ адна чытачка, лецішча якой знаходзіцца ў Мінскім
раёне, распавяла, што на мінулых выходных у іх садовым таварыстве павінна была
прайсці сустрэча з міліцыяй. Тэмы мерапрыемства жанчына не ведае.
— Але потым у чаце таварыства паведамілі, што ўсё
пераносіцца.
Нагадаем, у выніку дыверсіі ў Мачулішчах 26 лютага быў пашкоджаны і транспартаваны на рамонт у Таганрог звышкаштоўны расійскі самалёт А-50, які дапамагае наводзіць расійскія ракеты на ўкраінскія гарады. Кошт такога самалёта складае каля 330 млн долараў. Адказнасць за дыверсію ўзяла на сябе ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў «B*POL».
Улады некалькі дзён маўчалі з нагоды інцыдэнту, а прапаганда ўвогуле яго адмаўляла, настойваючы, што расійскі А-50 «жывы і здаровы». Потым іх «абверг» асабіста Лукашэнка, які падчас цэрэмоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод зладзіў істэрыку, усклаў адказнасць за здарэнне на СБУ і ЦРУ і некалькі разоў назваў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага «гнідай».
Таксама Лукашэнка даў загад правесці па ўсёй краіне «зачыстку» супраць нязгодных. У тыя дні прапагандысты распавялі пра затрыманне аднаго з меркаваных удзельнікаў дыверсіі — украінца з расійскім пашпартам Мікалая Швеца. Ці сапраўды ён кіраваў дронамі з выбухоўкай, невядома.