«Гэта не крызіс, гэта п…ц». Белстат і Мінздароўя неасцярожна адкрылі лічбу дэфіцыту лекараў
Медык Станіслаў Салавей у сваім допісе ў Facebook звярнуў увагу на віншаванні афіцыйных асоб Мінздароўя жанчын-лекараў з 8 сакавіка, і супаставіў словы Міністэрства аховы здароўя з афіцыйнай статыстыкай. Высновы атрымаліся шакавальныя.
«Ведаеце, чаму складана хлусіць? Таму, што табе трэба трымаць хлусню ў галаве, і ўсе наступныя словы ўзгадняць з той хлуснёй. І вельмі добры прыклад — гэта Міністэрства аховы здароўя, у якога “зусім няма” праблем з дэфіцытам кадраў у медыцыне», — напісаў ён.
Дурная саўковая звычка пад прыгожыя даты пісаць клішаваныя віншаванні з прывядзеннем прыгожых лічбаў пра тое, як у нашай краіне палепшылася жыццё ў параўнанні з 1913 годам, часам дае шмат інфармацыі, працягвае доктар.
Так, на Дзень медыцынскага работніка ў 2022 годзе мы даведаліся, што, на думку БелСтата, на 01.01.2022 у краіне было 55,2 тысячы ўрачоў-спецыялістаў (з якіх непасрэдна лечаць пацыента — 42,9 тысячы), з суадносінамі палоў 73,9% жанчын да 26,1% мужчын.
А цяпер чытаем віншаванне да 08.03.2023 ад Мінздароўя РБ, і знаходзім, што ў краіне — 35 433 жанчын-лекараў. Далей, ведаючы суадносіны палоў і школьны курс матэматыкі, атрымліваем сумарную колькасць лекараў на 08.03.2023 роўную — 35 433 падзяліць на 73,9 і памножыць на 100. Усяго — 47 947…
Разам за 14 месяцаў, калі, вядома, БелСтат або Мінздароўя не хлусяць, мы маем мінус 7253 лекараў! Сем тысяч дзвесце пяцьдзясят тры лекары!
Ды гэта выпуск за гады тры з усіх медыцынскіх ВНУ Беларусі!
«Вось і атрымліваецца цікавая дылема: або афіцыйная статыстыка па дакладнасці блізкая да прароцтваў Настрадамуса, або з такім тэмпам у Беларусі за гадоў 5-6 колькасць урачоў зраўняецца з пагалоўем зуброў.
Гэта не крызіс, гэта п…ц!» — дадае Салавей.
«Праблем з лекарамі наогул няма, ну, дакладней, лекараў проста няма», — іранічна прагназуе Салавей «афіцыйны каментар Мінздароўя ў 2025 годзе».