Ці хопіць лекараў, каб стрымаць яшчэ адну хвалю пандэміі?

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» канстатуе, што на розныя галіны беларускай эканомікі ўжо не першы месяц распаўсюджваецца такі трэнд, як скарачэнне занятасці. Не абышоў ён і такую важную сацыяльную сферу, як ахова здароўя.

8aad0f771d10b5c0334d0724ae966c597789505a.jpg


Вывучаючы свежую статыстыку па занятасці ў Беларусі, мы ўжо паглядзелі, што адбываецца ў сельскай гаспадарцы і адукацыі. Настаў час зразумець, што адбываецца з медыцынай.

Шмат у чым сітуацыя, якая сёння назіраецца ў сферы аховы здароўя, сугучная з агульнымі трэндамі ў краіне: сыходзяць кадры, усе спробы іх утрымаць або папоўніць адміністрацыйным рэсурсам церпяць няўдачу.

У адрозненне ад сістэмы адукацыі, у ахове здароўя яшчэ ўдавалася папоўніць шэрагі медыкаў за кошт чарговага восеньскага набору аж да 2019 года. Аднак ужо ў 2020-м адбыўся першы адток кадраў, і іх недахоп не ўдалося залатаць чарговым «прыцягненнем» выпускнікоў ВНУ — скарачэнне за год склала каля 3 тысяч чалавек. Гэтая тэндэнцыя ўпэўнена працягнулася і ў 2021 годзе, калі сфера пазбавілася яшчэ 2,5 тыс спецыялістаў. Са жніўня па верасень 2022-га ўдалося набраць 4,7 тысячы чалавек, але гэта два месяцы «высокага сезону» — страты ў кадрах па выніках чарговага гадавога цыкла зноў будуць вылічацца тысячамі.

Усе выдатна памятаюць, як у перыяд пандэміі беларускія медыкі здзейснілі сапраўдны подзвіг. У той час як нам прапаноўвалі лячыцца ад заразы, якую «не відаць, а значыць, няма» лазняй, гарэлкай і катаннем на каньках з клюшкай наперавес, у бальніцах па 25 гадзін у суткі знясільваліся лекары, сярэдні і малодшы медыцынскі персанал. Шмат медыкаў загінула ў спробе спыніць пандэмію. Вымушанае рэагаваць на абурэнне лекараў і беларускага грамадства, Міністэрства аховы здароўя пачало падымаць заробкі ў галіне (прынамсі там, дзе працавалі з COVID), але «каранавірусных» надбавак хапіла ненадоўга. Як толькі схлынула чарговая хваля пандэміі, заробкі медыкаў зноў апусціліся ніжэй за сярэдні паказчык па краіне.

Асобная прычына зніжэння колькасці і якасці спецыялістаў — рэпрэсіі ў дачыненні да лекараў, якія асмеліліся выказаць сваё меркаванне пасля выбараў 2020-га. Абурала медыкаў гульня ў «прыгожую статыстыку» па смяротнасці ад каранавіруса, бо кожны лекар, які працаваў у бальніцы, на свае вочы кожны дзень бачыў пацверджанне таму, якія далёкія ад праўды штодзённыя справаздачы Міністэрства аховы здароўя. Цяпер адбываецца серыя нападаў на прыватныя медыцынскія цэнтры — адзіную магчымасць для медыкаў у краіне працаваць і не саромецца свайго заробку. Усе гэтыя падзеі спляліся ў адзін ланцужок.

Сёння лекар — гэта спецыяліст, якога цэняць на вагу золата. Але толькі не ў нас у краіне. Вельмі многія беларускія медыкі ўжо даўно зразумелі, што рэалізаваць сябе як прафесіянала, а не падхаліма, прыстасаванца і «цярпілу» яны змогуць толькі за мяжой. І медыцына Еўрасаюза і іншых рэгіёнаў гасцінна адкрывае для іх дзверы, усё больш спрашчаючы магчымасць рэлакацыі.

photo_2022_11_14_11_48_40.jpg


Паводле звестак Белстата, усяго ў сферы аховы здароўя і сацыяльных паслуг (іх аб'ядноўваюць) занята 327,5 тысяч чалавек. Можна меркаваць, што толькі ў ахове здароўя занята менш за 300 тысяч. А гэта значыць, штогод галіна губляе не менш за адзін працэнт спецыялістаў. Улічваючы, што медыцына краіны і так перагружаная, а насельніцтва з кожным годам старэе — гэта катастрофа.

Сітуацыя з аховай здароўя будзе вельмі моцна завязана на санкцыях. Так, на пастаўку медыкаментаў забароны няма, але гэта не азначае, што тыя ці іншыя кампаніі захочуць іх прадаваць або выступаць у ролі пасрэднікаў. Тое ж тычыцца розных расходных матэрыялаў, паставак новага і абслугоўвання старога медыцынскага абсталявання.

У краінах, якія цэняць жыццё і здароўе сваіх грамадзян, разумеюць, што зіма блізка. А значыць, можа здарыцца ўсё што заўгодна, аж да чарговай хвалі пандэміі. І імкнуцца быць да гэтага гатовымі. На жаль, Беларусь, як мы бачым, свой медыцынскі патэнцыял губляе са страшнай хуткасцю. Пытанне, хто нас будзе лячыць заўтра, з кожным днём становіцца толькі вастрэйшым.