Хто будзе лячыць беларусаў? Замест прафесараў працуюць інтэрны

Спецыялісты масава з'язджаюць працаваць у іншыя краіны. Лекараў становіцца ўсё менш, замест прафесараў працуюць інтэрны. Што адбываецца ў беларускай ахове здароўя? Нічога добрага, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

_covid___kavid___pandemija___masaczny_rezym__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Дактары — адна з галоўных катэгорый бюджэтнікаў. З усіх працаўладкаваных грамадзян Беларусі 7,6% занятыя ў сістэме аховы здароўя. Пры гэтым за ліпень заробак у гэтай галіне склаў ўсяго 1374 рубля — гэта на 16% ніжэй, чым сярэднемесячны заробак па краіне.

Гераічны подзвіг беларускіх медыкаў падчас эпідэміі кавіду, у той час, калі кіраўніцтва краіны рабіла выгляд, што нічога не адбываецца, забылі ўжо праз некалькі месяцаў пасля таго, як колькасць хворых пайшла на спад. Заробкі дактароў таксама пачалі хутка зніжацца.

Лекары маюць універсальную спецыяльнасць, якая запатрабаваная ва ўсім свеце. Натуральна, большасці з іх давядзецца пацвердзіць сваю кваліфікацыю, вывучыць мову, але многія краіны сёння ствараюць цэлыя праграмы, каб адаптацыя такіх рэлакантаў была больш простай.


Атрымаць медыцынскую адукацыю сапраўды складана, наўрад ці можна сабе ўявіць, што ў медыцынскую ВНУ хлопец паступае толькі для таго, каб адкасіць ад войска, а дзяўчаты — толькі таму, што хочуць мець хоць нейкі дыплом, бо ёсць значна прасцейшыя спосабы дамагчыся жаданага.

Большасць топавых чыноўнікаў з узростам усё часцей мусіць сутыкацца з медыцынай: хваробаў з узростам менш не становіцца. Таму ў краіне існуе несвядомы кансэнсус на ўсіх узроўнях: захоўваць гэтую сферу працаздольнай да апошняга. Менавіта таму пытанню навучання медыкаў у нашай краіне яшчэ неяк надаюць увагу.

Што ж кажа статыстыка? Баланс “звольненыя/нанятыя” ў медыцына трымаўся да 2019-га. У 2017 годзе ў галіне было нанята на працу на 2 474 чалавекі больш, чым звольнена, у 2018 — ужо на 842, а ў 2019 — усяго на 12. Пасля гэтага пачаўся адток. У 2020 годзе з медыцыны сышло на 3 422 чалавекі больш, чым прыйшло, у 2021-м «мінус» склаў 2 412 дактароў, а ў 2022-м па стане на ліпень з медыцыны звольнілася на 6 126 чалавек больш, чым прыйшло ў сферу (сітуацыя яшчэ згладзіцца сезонным восеньскім прытокам). Агульны баланс за 2016–2022 год пакуль складае мінус 5 010 чалавек, але відаць, што адмоўная розніца імкліва павялічваецца.

Па рэгіёнах сітуацыя розная. У Мінску, які абслугоўвае інтарэсы большасці чыноўнікаў, баланс прынятых на працу/звольненых медыкаў сыходзіў у «мінус» толькі ў 2021 годзе. Пра вынікі 2022 казаць пакуль рана. Аднак у сталіцы за перыяд з 2016 па ліпень 2022 назіраецца рост на 1 290 чалавек. Усе астатнія вобласці за той жа перыяд паказваюць адмоўны вынік.

photo_2022_09_15_13_21_06.jpg

У адрозненне аб сістэмы адукацыі, з якой многія людзі сыходзяць — і кардынальна змяняюць прафесію, медыцына дэманструе не проста звальнення, а ўстойлівы адток менавіта высокакваліфікаваных кадраў за мяжу. Мы бачым катастрафічную для сферы сітуацыю: вопытныя, спецыялісты з'язджаюць працаваць у іншыя краіны, а замест прафесараў у рэанімацыях працуюць інтэрны.