Таццяна Севярынец: на сваім досведзе адчула, што медыцына ў нас на мяжы выжывання

Таццяну Севярынец выпісалі з бальніцы, дзе яна правяла амаль месяц пасля пералому нагі 

1472806798_1471601455_img_6601.jpg


У траўматалогію маці палітвязня Паўла Севярынца трапіла 25 траўня — ехала на ровары і няўдала павалілася.

— Мяне знянацку падрэзалі, і, каб не збіць чалавека, давялося саскочыць, — распавяла Таццяна Яўгенаўна «Народнай Волі». — Нават затармазіць не паспела, а калі ўжо павалілася на зямлю, пачула, як хруснула костка. Карацей, размалаціла калена, амаль уся правая нага — у хлам. Урачы 19 швоў наклалі.

Таццяну Севярынец выпісалі з бальніцы, дзе яна правяла амаль месяц пасля пералому нагиУ бальніцы скакала, наколькі гэта магчыма, на адной назе, затым дачка прывезла хадункі. Калі швы знялі, то ўгаварыла доктара, каб не закоўвалі ў гіпсавы панцыр, а паставілі на нагу артэз — сучаснае прыстасаванне, значна лягчэйшае і больш зручнае.

Але ў выніку пад артэзам развілася флегмона — пайшоў запаленчы працэс скуры, і на назе ўтварыўся пухір, падобны на тыя, што з’яўляюцца пасля апёкаў. Натуральна, дадому з адкрытай ранай мяне ніхто не адпусціў, а таму працягнула лячэнне ў бальніцы. Раблю практыкаванні, якія прапісаў рэабілітолаг, але працэс аднаўлення будзе досыць працяглы. 20 чэрвеня адправілі дадому, буду там працягваць рэабілітацыю.

Таццяна Севярынец кажа: яна на сваім досведзе адчула, што медыцына ў нас на мяжы выжывання:

— Была сведкай розных сітуацый пры нязменна добрым стаўленні дактароў і медсястрычак. А вось з абслугоўваючым персаналам ніжэйшага узроўню амаль паўсюль бяда — хамства і абыякавасць.

Аддзяленне цяжкае, шмат ляжачых, сярод ночы па некалькі разоў прачынаешся ад ляпання лыжкай па жалезе — камусьці дрэнна, і хаця на панэлі над ложкам ёсць кнопка выкліку, але яе «забыліся» злучыць з пастом.

Ложак жалезны, вельмі нязручны: рашотка з нейкімі дзіркамі, накрытая брудным камячаным цюфяком, на ім — увогуле нешта недарэчнае, складзенае з прамакутнікаў з паралону. Дарэчы, я прымусіла адрамантаваць у палаце ўсе разеткі, бо ўсё трымалася на добрым слове.

Таццяна Яўгенаўна адзначае, што тэлефанаваў ёй у бальніцу з калоніі і сын Павел. Натуральна, перажываў і крыху распавядаў пра сябе.

— У мяне таксама сэрца радавалася, калі хаця б дзве хвіліны магла пагаварыць з сынам па відэасувязі, пабачыць яго твар, — кажа Таццяна Севярынец. — На адным тыдні Паша тэлефануе жонцы Вользе, на наступным — мне.

Разлічваў сын на доўгатэрміновае спатканне з Вольгай, але яго, на жаль, адмянілі — зрабілі з Паўла «злоснага парушальніка рэжыму». Да «палітычных» у калоніі, відаць, асаблівае стаўленне.

Але сын захоўвае аптымізм і звычайна кажа так: «Мамулечка, у мяне ўсё ў парадку!» Зрэдку дае мне пэўныя заданні, бо Павел у калоніі піша нататкі пра гісторыю хрысціянства ў розных краінах, таму дасылаю яму тую інфармацыю, што просіць.

А вось ад іншых людзей лісты ён пасля Новага года амаль не атрымлівае. Ліставанне працягваецца толькі з сямейнікамі.

Паша працуе на дрэваапрацоўцы, на пілараме. Пілуе дошкі разам з крымінальнікамі…

Дарэчы, калі ляжала ў палаце, неяк прыйшлі дзве мясцовыя жанчыны. Спыталіся: «Гэта вы — мама Паўла Севярынца?» — «Так». Адна заплакала, а другая падзякавала за сына. Мне было вельмі і вельмі прыемна. Падобнае не першы раз чую. У такія хвіліны разумееш, што жыццё пражытая недарэмна.

 «Народная Воля»