У краіне дэфіцыт спецыялістаў, а Лукашэнка патрабуе ствараць новыя працоўныя месцы
У Мінску на пачатак сакавіка наймальнікі мелі патрэбу ў 26,8 тыс. работнікаў. Пра гэта паведамляе камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама.
У сталіцы не ўдаецца вырашыць пытанне з дэфіцытам медыкаў. Для рабочых у Мінску на пачатак гэтага месяца было адкрыта 16 тыс. вакансій, або 60% ад усіх прапаноў наймальнікаў.
Сярод працоўных больш за ўсё не хапае кухараў (706 вакансій), кіроўцаў аўтамабіляў (608), прадаўцоў (541), слесараў механазборачных работ (489), электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання (476), слесараў-рамонтнікаў (455), кантралёраў-касіраў (437), токараў (396), рабочых па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў (373), маляроў (268).
Асабліва цяжкая сітуацыя з медыкамі. На 1 сакавіка наймальнікі мелі патрэбу ў 1746 медсёстрах і 1518 лекарах-спецыялістах. Да прыкладу, на 1 верасня мінулага года не хапала 1335 медсясцёр (месяцам раней — 1270) і 1136 лекараў-спецыялістаў (у жніўні — 1098).
Са спецыялістаў таксама запатрабаваныя інжынеры (927 вакансій на пачатак сакавіка), фельчары (378), выхавальнікі (197), памочнікі ўрачоў (102), педагогі дадатковай адукацыі (87), эканамісты (84), інжынеры-праграмісты і менеджары (па 81).
Але ў той жа час Лукашэнка патрабуе ствараць новыя працоўныя месцы. У Беларусі трэба павялічваць колькасць працоўных месцаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні ўрада 10 сакавіка. І гэта ў той час, калі прадпрыемствы не могуць вырашыць кадравае пытанне і закрыць вакантныя пазіцыі.
У 2022 годзе ў цэлым па краіне на зноў створаныя працоўныя месцы адправілі 41 508 чалавек, паведамляе Белстат. Гэта на 22,2% менш, чым годам раней. Размова аб новых прадпрыемствах і вытворчасцях, у тым ліку праз рэканструкцыю, павелічэнне зменнасці.
Да прыкладу, у Мінску летась на новыя працоўныя месцы працаўладкавалі 18 794 чалавек. Гэта на 22,1% менш, чым годам раней. Прыкметней за ўсё па гэтым паказчыку ў 2022 годзе асела Гомельская вобласць — мінус 38,9% да 2021-га.
Тым часам у Беларусі дэфіцыт работнікаў перавысіў 104 тыс. чалавек. Столькі прапаноў ад наймальнікаў размешчана ў агульнарэспубліканскім банку вакансій. Пры гэтым па 61 тыс. вакансій прапануюць заробак да 800 рублёў. Як правіла, наймальнікі паказваюць у аб'явах сумы да выплаты падаткаў, гэта значыць на рукі выйдзе больш сціплая сума.
Сітуацыя пагаршаецца з кожным годам. Напрыклад, у 2021-м годзе кадравы дэфіцыт складаў прыкладна 96 тысяч работнікаў па ўсёй Беларусі. Якія лічбы будуць на канец 2023-га, можна здагадвацца. Асабліва калі ўлічыць, што атток спецыялістаў у розных сферах, асабліва запатрабаваных грамадствам, працягваецца.