Карбалевіч: У Беларусі цалкам разбурана прававая сыстэма
Дзяржава і грамадзтва даўно жывуць па-за межамі канстытуцыйных нормаў. Асабліва гэта яскрава выявілася пасьля 2020 году, лічыць палітоляг Валерый Карбалевіч.
15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі, — піша Валерый Карбалевіч у аўтарскай калёнцы на «Св*бодзе».
— Дзіўнае сьвята. Яно бярэ свой пачатак з 1994 году, калі была прынятая
Канстытуцыя незалежнай Беларусі. З таго часу Асноўны закон два разы радыкальна
мяняўся — у 1996 і 2022 гадах. Тым ня менш Днём Канстытуцыі па-ранейшаму
лічыцца 15 сакавіка.
Але справа нават ня ў гэтых фармальных рэчах. Больш важна
тое, што дзяржава і грамадзтва даўно жывуць па-за межамі канстытуцыйных нормаў.
Асабліва яскрава гэта выявілася пасьля 2020 году. Як сказаў Лукашэнка, «часам
не да законаў». Вось якраз у гэтым рэчышчы і працуюць цяпер дзяржаўныя
інстытуты Беларусі. Асабліва гэта тычыцца грамадзянскіх правоў.
Можна канстатаваць, што ў Беларусі цалкам разбурана прававая
сыстэма і інстытуты правасудзьдзя. Фактычна ўлады ўзялі на ўзбраеньне канцэпт,
што грамадзянамі лічацца толькі тыя людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Усіх,
хто супраць рэжыму, аўтаматычна залічваюць у ворагі, заходнія агенты, на іх
вешаюць ярлыкі «экстрэмістаў», «тэрарыстаў» і «нацыстаў». Праціўнікі Лукашэнкі
фактычна аказаліся пазбаўленымі правоў. Законы на іх не распаўсюджваюцца. Гэтых
людзей можна ня толькі арыштоўваць, біць, катаваць, але нават беспакарана
забіваць. Такія выпадкі шырока вядомыя.
У гэтым пляне ўлады раз за разам прабіваюць новае дно. Вось,
напрыклад, суд прыняў рашэньне, што цяпер лічыцца «экстрэмізмам» крытыка
савецкага пэрыяду гісторыі. Такімі абвясьцілі 12 нумароў часопісаў «Нашай
гісторыі» і Arche. Суд
прызнаў, што ў нумарах праводзяцца ідэі, «якія дыскрэдытуюць і ачарняюць
савецкую ўладу і савецкую мінуўшчыну Беларусі». То бок паняцьце «антысаветызм»
вяртаецца ў юрыдычную практыку.
У сувязі з нападам на расейскі самалёт у Мачулішчах
Лукашэнка распарадзіўся «па ўсёй краіне правесьці жэстачайшую зачыстку».
Гледзячы па ўсім, гэты інцыдэнт можа стаць трыгерам для новага вітка
палітычнага тэрору. Прычым у палітыцы рэпрэсій адбываецца якасная зьмена.
Пачалі перасьлед ня толькі палітычных апанэнтаў, людзей, якія хоць неяк
датычныя да пратэставай дзейнасьці. Рэпрэсіі распаўсюджваюцца на ўсё новыя
пласты насельніцтва. Людзей хапаюць паводле сацыяльнага ці прафэсійнага
статусу. То-бок вяртаецца практыка раньняга бальшавізму, калі людзей
перасьледавалі паводле клясавага прынцыпу. Цяпер па ўсёй краіне хапаюць чальцоў
стралковых клубаў, руху ралевікоў, страйкбалістаў, рэканструктараў,
уладальнікаў дронаў. Прайшлі масавыя затрыманьні псыхатэрапэўтаў і псыхіятраў.
Цэлыя вёскі ахоплены суцэльнымі праверкамі і ператрусамі.
Начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка заявіў, што «сыстэмна
адпрацоўваюцца» «сваякі і знаёмыя» людзей, датычных да «экстрэмісцкай
дзейнасьці». Зразумела, перасьлед родзічаў апазыцыянэраў — справа ня новая. СМІ
паведамлялі пра шмат падобных выпадкаў. Але цяпер гэтая практыка фактычна
легітымізуецца. У сталінскія часы ў заканадаўчых актах існавала адмысловая
катэгорыя злачынцаў: «член сям’і ворага народу».
Зьвярнуў бы ўвагу на яшчэ адзін важны момант. Вось стварылі
адмысловую камісію на чале з генпракурорам Андрэем Шведам па вяртаньні
«зьбеглых». Умовай для амністыі зьяўляецца пакаяньне людзей, якія нейкім чынам
датычныя да пратэставай дзейнасьці.
Аднак мы маем шматлікія сьведчаньні, што ніякае пакаяньне не
дапамагае палегчыць лёс людзей, якія трапілі пад колы беларускага, прабачце за
выраз, «правасудзьдзя». Ужо як каяўся Раман Пратасевіч, апавядаў сьледчым, што
было і чаго не было. Але яго цяпер судзяць, і ня думаю, што варта спадзявацца
на літасьць.
Ягоная былая сяброўка Соф’я Сапега атрымала шэсьць гадоў
калёніі, хоць каялася, пісала прашэньні ва ўсе інстанцыі, а ейныя родзічы
заплацілі грашовую кампэнсацыю за нанесеную шкоду, вызначаную судом (167 500
рублёў). За яе нават заступілася Расея, былы міністар замежных спраў Уладзімер
Макей абяцаў, што Сапегу альбо памілуюць, альбо перададуць Расеі. Аднак у
выніку ёй у памілаваньні адмоўлена, а днямі КДБ унёс Соф'ю ў сьпіс тэрарыстаў.
Юры Зянковіч, трапіўшы за краты за нібыта «замах» на
Лукашэнку, пайшоў на супрацоўніцтва зь сьледзтвам. Аднак атрымаў 11 гадоў
пазбаўленьня волі — больш за іншых фігурантаў гэтай справы.
Яшчэ адна калярытная фігура — Юры Васкрасенскі, чалец той
самай камісіі па вяртаньні «зьбеглых». Анэкдатычнасьць сытуацыі ў тым, што
крымінальная справа на яго не закрытая (ва ўсялякім разе, няма пра гэта
паведамленьняў). Хоць ён ужо даўно залужыў памілаваньне адданай працай на
карысьць рэжыму.
Значыць, пакаяньне не ўратоўвае.
Калі вяртацца да Канстытуцыі, то на памяць прыходзіць верш
расейскага і ізраільскага паэта Ігара Губермана:
День Конституции напомнил мне
усопшей бабушки портрет:
портрет висит в парадной комнате,
а бабушки давно уж нет.