«Да перамогі чалавечага над нечалавечым». Андрэй Дзмітрыеў запісаў відэа на выпадак свайго затрымання

Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў перад сваім затрыманнем запісаў відэа, якое было апублікавана ў яго фэйсбуку 14 студзеня. 

fdc23e13a024da8a4806e23fe1434821.jpg

«Што б ні здарылася са мной, я абсалютна ўпэўнены ў кожным з вас. Вы павінны ведаць, што ўсё, што мы робім, што робіце вы кожны дзень, каб гаварыць праўду, каб аб'ядноўвацца з аднадумцамі, каб захоўваць чалавечыя каштоўнасці — гэта не дарма. Гэта важна, гэта патрэбна, і гэта ўсё роўна крокі да перамогі. Ужо не проста да перамогі пераменаў у Беларусі, а да перамогі чалавечага над нечалавечым», — кажа Андрэй Дзмітрыеў у відэа.

Паводле яго слоў, «вельмі важна працягваць». «Вельмі важна, нягледзячы на ўсе падзеі, якія адбываюцца ў нас ці ва Украіне, не забываць, што ёсць палітвязні і іх трэба падтрымліваць, падтрымліваць іх сем'і. Не забываць, што працягваюць дзейнічаць мясцовыя супольнасці, і трэба з імі аб'ядноўвацца і прасоўваць нашы каштоўнасці», — адзначае экс-кандыдат у прэзідэнты.

«Увогуле, я што хачу сказаць... Што б са мной ні здарылася, калі раптам гэты мой выступ будзе апошнім перад... Перад не ведаю калі наступным... Я хачу сказаць, што я ў вас, у нас, у нашу справу па-вар'яцку веру. І верыў усе гэтыя гады. Таму пайшоў у прэзідэнты, таму раблю тое, што раблю. І таму буду працягваць, дзе б я ні знаходзіўся. Трымайцеся», — падкрэсліў палітык.

Андрэя Дзмітрыева затрымалі 11 студзеня. Яго вінавацяць у «датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці».

«Падчас правядзення неадкладных следчых дзеянняў устаноўлена, што экс-палітык Андрэй Дзмітрыеў браў актыўны ўдзел у вулічных беспарадках, якія праходзілі на тэрыторыі сталіцы ў жніўні-верасні 2020 года», — адзначаецца ў паведамленні Следчага камітэта.

У ведамстве падлічылі, што ён «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, з іх 33 — пасля 2020 года».

«Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі яго палітычнай дзейнасці з-за мяжы. Маецца інфармацыя, што затрыманы кантактаваў з Дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста з яго былым кіраўніком Хілары Клінтан», — заявілі ў СК і прыклалі адпаведнае фота.

dmi1_1.jpg

Пакуль Дзмітрыеў знаходзіцца ў статусе падазраванага па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Андрэй Дзмітрыеў быў кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года. ЦВК заявіла, што за яго прагаласавалі 1,21 працэнта выбарцаў. Ён таксама быў сустаршынёй ліквідаванага ўладамі грамадскага аб'яднання «Гавары праўду».