Улады ліквідуюць Беларускую асацыяцыю ахвяраў палітычных рэпрэсій
Пазоў Міністэрства юстыцыі пачне разглядаць Вярхоўны суд 3 лютага.
Пазоў Мінюста збіраецца пачаць разгляд Вярхоўны суд 3 лютага. Прынамсі гэта пазначана ў раскладзе пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда.
Арганізацыя існуе з 1992 года, ставіць сваёй мэтай аказанне прававой, матэрыяльнай, сацыяльна-бытавой і іншай дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсій, займаецца ўвекавечаннем памяці ахвяр рэпрэсій і асветніцкай дзейнасцю, адзначае «Позірк».
Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій — гэта добраахвотнае аб'яднанне грамадзян, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій з 1920 і да 1980 гадоў. Арганізацыя паўстала 8 лютага 1992 года — менавіта тады адбыўся ўстаноўчы з’езд. Першым кіраўніком грамадскага аб’яднання быў славуты гісторык Георгі Штыхаў.
Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій ад пачатку свайго стварэння ставіла за мэту аднавіць парушаныя правы і інтарэсы незаконна рэпрэсіраваных грамадзян, садзейнічаць поўнай і публічнай рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій, аказваць прававую, матэрыяльную ды ўсялякую іншую дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій.
Таксама арганізацыя займалася ўвекавечаннем памяці ахвяр рэпрэсій, пошукам месцаў пахаванняў рэпрэсіраваных і ўстанаўленне помнікаў ахвярам, арганізацыяй выстаў і іншых асветных мерапрыемстваў, прысвечаных памяці ахвяр рэпрэсій.
У якасці мэтаў арганізацыі былі таксама пазначаныя садзеянне дэмакратычным пераўтварэнням ды барацьба супраць актаў беззаконня і дыскрэдытацыі, развіццё прававой і гуманітарнай свядомасці беларусаў.
Са жніўня 2020 года і да канца снежня 2022-га грамадскі сектар Беларусі пазбавіўся не менш за 1173 грамадскіх арганізацый. Большасць з іх закрытыя паводле рашэння ўладаў.