Трэшачок тыдня. «Нацдэм» Белавус, «амерыканскі шпіён» Дзмітрыеў
З Новым годам — з новым трэшачком. Рэжым Лукашэнкі працягвае ірваць шаблоны ў катэгорыі абсурду, то і хронікі нашы мусяць працягвацца. Сёння — пра сталінскія матывы на «кавалачку зямлі», дзе мясцовыя НКУСнікі ніяк не супакояцца і па-ранейшаму кашмараць людзей.
Што лукашэнкаўскія сілавікі касплэяць методыкі 30-х гадоў мінулага стагоддзя, даўно не сакрэт. Гэта тычыцца і катаванняў у ізалятарах, і стылістыкі затрыманняў і вобшукаў, і бальшавіцкай рыторыкі, пабудаванай на ідэалагемах часоў ГУЛАГу. Напрыканцы 2022-га здавалася, што дно ў гэтым кірунку ў мінулым, але ў студзені знізу раптам пагрукалі. Цень Іосіфа Вісарыёнавіча заварушыла вусамі ў цэнтры Еўропы з новай сілай.
«Распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму»
Пачалося з крымінальнай справы заснавальніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса. Толькі-толькі скончыліся Каляды, як Следчы камітэт «павіншаваў абшчэсцвеннасць» выкрывальніцкім рэлізам аб «цяжкіх злачынствах» бізнесоўца.
Цэлы начальнік упраўлення СК Паско распавёў, што Белавус «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», што ён яшчэ ў 2011 годзе «для пошуку аднадумцаў пачаў трансліраваць патрэбную яму інфармацыю ў масы», што «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі». І нават «у інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да радзімы».
Вораг не дрэмле, чыталася ў словах і бачылася ў вачах таварыша Паско. Але доблесныя чэкісты заўсёды стаяць на варце мірнага стваральнага жыцця законапаслухмяных грамадзян, і аніякі тлятворны ўплыў злавеснага «нацыяналізму» не парушыць іх чарка-скварачны спакой.
Неўзабаве Белавуса будуць судзіць. Адзін з прад’яўленых артыкулаў — «дзяржаўная здрада». Хутчэй за ўсё, так званы суд будзе закрытым, бо «нацыяналізм» да справы нават белымі ніткамі не падшыеш. Аднак прысуд будзе цалкам рэальным, як паказвае рэпрэсіўная практыка апошніх гадоў.
Карацей, Павел Белавус — першы афіцыйны беларускі «нацдэм» пасля 1937 года. Памятаеце слоўца? Менавіта ім, скарочаным варыянтам «нацыянал-дэмакрата», таўравалі сталінскія сатрапы інтэлігенцыю Беларусі. Менавіта за гэта зараджалі свае пісталеты пасярод «Ночы расстраляных паэтаў». «Нацдэмаўшчыну» выкаранялі бязлітасна, як класава чужую, звычайна наўпрост ставячы да сценкі. Так пад Мінскам узніклі Курапаты, якія так люта ненавідзяць сённяшнія духоўныя нашчадкі супрацоўнікаў НКУС. Здаецца, і за імі б не заіржавела, каб была патрэба расстрэльваць новых «ворагаў народа». Аднак часы зараз іншыя — то пакуль абмяжоўваюцца сталінскімі тэрмінамі і сталінская тэрміналогіяй.
«Наяўнасць кантактаў з прадстаўнікамі Захаду і ЗША»
Яшчэ больш сталінскіх алюзій у справе былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева. Пачынаючы з таго, што яго абвінавацілі ў стасунках з замежнымі палітыкамі больш за дзесяць гадоў таму, заканчваючы фактамі перасячэння мяжы як доказамі цяжкай віны.
Давайце ўспомнім тыя чароўныя фармулёўкі Следчага камітэту. «Наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША, можа сведчыць (!) аб каардынацыі яго палітычнай дзейнасці з-за мяжы. Маецца інфармацыя, што затрыманы кантактаваў з Дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста з яго былым кіраўніком Хілары Клінтан».
«Можа сведчыць» — а можа і не сведчыць… «Кантактаваў» — значыць, яго дзейнасць «каардынавалі». З роўным поспехам у Вашынгтоне маглі б затрымаць і Хілары Клінтан, бо, не выключана, што, наадварот, гэта Дзмітрыеў каардынаваў падрыўную дзейнасць былой першай лэдзі ЗША. Па звяржэнні канстытуцыйнага ладу, напрыклад, Абамы ці Трампа.
Дарэчы, кажуць, здымак беларускага палітыка з Хілары датаваны ажно 2011 годам. Глыбока капаюць спадары следчыя. Не паленаваліся і палічыць (нехта ж адмыслова рупіўся), колькі разоў Дзмітрыеў выязджаў за мяжу. Атрымалася, што «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, з іх 33 — пасля 2020 года». Не ўдакладнілі толькі, 599 — гэта за які час? Відаць, з часоў дзіцячых паездак ва ўкраінскі Крым на адпачынак з бацькамі. У любым выпадку «чаўнакі» ў Гродзенскай вобласці, якія штотыдзень ганяюць у Беласток «на закупы», пазайздросцяць.
Як яшчэ не паставілі затрыманаму ў віну дыскрэдытуючы яго факт валодання англійскай мовай. У прэс-рэліз гэта можна было запісаць прыкладна так: «Следствам устаноўлена, што падазраваны ўмее размаўляць на адной мове з англасаксамі. Гэта можа сведчыць аб тым, што Дзмітрыеў адмыслова вывучыў яе з мэтай супрацоўніцтва з ЦРУ». Шкада толькі, што долараў у яго кватэры не знайшлі, як у булгакаўскага домакіраўніка Міканора Басога. Тады б дакладна ўсё сышлося. Ну а пакуль «парочашчых» сувязяў крыху бракуе, таму даводзіцца суцяшацца «народным» артыкулам 342, які інкрымінуюць звычайным пратэстоўцам.
У выпадку з экс-кандыдатам на выбарах 2020-га сталінскія паралелі праводзяцца элементарна. Дзмітрыеў у лукашэнкаўскіх службістаў будзе «амерыканскім шпіёнам». Альбо «англійскім». Ці «японскім». Або, каб не разменьвацца на дробязі, адразу «агентам трох выведак». У 30-х гадах мінулага стагоддзя, як мы ведаем, шпіёны былі ледзьве не на кожным рагу. У выніку нават найбліжэйшага паплечніка бацькі ўсіх народаў таварыша Берыю расстралялі як паршывага сабаку, бо аказаўся брытанскім шпіёнам. Што казаць пра іншых.
Сталінскія практыкі будуць пашырацца
Чаму лукашэнкаўскі рэпрэсіўны апарат так імкліва асвойвае досвед сталінскіх часоў? Ды хто яго ведае — хай мяркуюць палітолагі. Імаверна, каб саджаць апанентаў рэжыму на больш працяглы тэрмін. Мабыць, каб расці над сабой — і раніцай бачыць у люстэрку не барацьбіта супраць мірных пратэстоўцаў, а ваяра з сусветнымі змовамі і масонскай закулісай. Верагодна, таго патрабуе апетыт, які расце падчас яды. Як наркаману паступова патрабуецца ўсё большая доза, так і наркамату ўнутраных спраў сучаснай Беларусі карціць маштабіраваць рэпрэсіі. Не толькі колькасна, але, так бы мовіць, і якасна.
Таму варта чакаць, што сталінскія практыкі пры пераследзе нязгодных будуць пашырацца. Што там яшчэ ў арсенале? «Шкодніцтва», «здраднікі радзімы», «чальцы сем’яў здраднікаў радзімы», «закон аб каласках», «сваякі за мяжой». Адно што трэба памятаць старанным таварышам следчым ды пракурорам: сістэма гэтая так працуе, што з часам пачынае паядаць сама сябе. У адзін цудоўны дзень яна выяўляе шматлікіх «шпіёнаў» і «нацдэмаў» ва ўласных шэрагах.