Алесь Цыркуноў: «Калі размаўляць на беларускай мове — злачынства, то ў нас адбываецца генацыд»
«Дэградацыя сістэмы пасля прэзідэнцкіх выбараў відавочная. Я лічу, што тут папрацавалі эскадроны адборных галаварэзаў, не беларускіх. Яны паказалі прыклад, як трэба здзекавацца з людзей. Я так думаю, — разважае 73-гадовы мастак. — Скажыце, для чаго мне, звычайнаму "пятнаццацісутачніку", надзяваць на рукі кайданкі? На дзесяць хвілін выводзяць — абавязкова ў жалезках (так было ў Магілёве). Заходзіш у камеру — рукі ў фортку прасоўваеш, тады здымаюць. Стаўленне — як да жорсткага злачынцы».
Сёлетні Дзень Волі запомніцца мастаку Алесю Цыркунову на ўсё жыццё. 25 сакавіка ён сапраўды выйшаў на волю з-за кратаў, куды трапіў з ганка Фрунзенскага суда Мінска. Хацеў падтрымаць на судзе свайго калегу Алеся Пушкіна, а ўрэшце быў асуджаны на 15 сутак сам. Пра акалічнасці затрымання і турэмнага побыту 73-гадовы мастак пагадзіўся расказаць «Народнай Волі».
— Спадар Алесь, вы хіба спецыяльна падгадалі, калі сесці, каб вызваліцца ў Дзень Волі.
— Вызваленне сапраўды адбылося ў гэты дзень у Магілёве, куды мяне перавезлі з ІЧУ на Акрэсціна за некалькі дзён да 25 сакавіка. Відаць, у сталіцы вызваляліся камеры для іншых. Калі хто і падгадаў, то не я, а Алесь Пушкін, судовы працэс над якім пачаўся якраз 10 сакавіка. Разам са мной у Фрунзенскі суд прыйшлі Аляксей Марачкін, Лявон Баршчэўскі, сябры, знаёмыя. На ўваходзе, як водзіцца, — шмон: усе кішэні выверні, усё пакажы. А калі там нічога не знайшлі, то прычапіліся да «тэбээмаўскага» значка з маленькай «Пагонькай». І адразу — «Отойдём!» Кажу: пры чым тут значок, забароны ж няма яго насіць. «Там разберёмся».
— Там — гэта ў Фрунзенскім РАУСе?
— Ну так, дзе мяне дапыталі і затым судзілі — па скайпе. Сведкам (таемным, бо ў масцы і без сапраўднага прозвішча) выступаў міліцыянт, які сцвярджаў, што я «имел при себе бело-красную символику и (увага!) разговаривал на белорусском языке». Я звярнуў увагу суддзі: маўляў, у мяне ў руках сцяга не было, я не лаяўся па-беларуску, а размаўляў, што ж у гэтым кепскага? Калі размаўляць на дзяржаўнай беларускай мове — злачынства, то ў нас адбываецца генацыд. Праўда, суддзя сказала, што гэта ўсяго паказанні сведкі. Запісалі мне «ўдзел у несанкцыянаваных вулічных дзеяннях». А я ж проста хацеў трапіць на суд…
— Вам ідзе 74-ы год. Як вы перанеслі знаходжанне на Акрэсціна, дзе ўмовы ўтрымання многімі былымі сядзельцамі характарызуюцца як катаванне?
— Я жыццём не пеставаны, прывык да ўсяго. І мне было нават цікава. Да таго ж, столькі маіх сяброў і калег перабывала ў тых казематах, а я ні разу не быў. Сорамна нават (смяецца). Камеры, натуральна, перапоўненыя. У шасцімеснай было напхана чалавек 16—20. Ніякіх санітарных апрацовак не робіцца. Спаць даводзіцца на падлозе, ноччу ўся яна закладзена целамі. Пад галаву хто пластыкавую бутэльку падсуне, хто чаравік. Праўда, у магілёўскай турме нам нават чаравікі не давалі трымаць у камеры. Бывала, нам бамжоў падсялялі, а яны ўсе такія мурзатыя, смярдзючыя. Мылі мы іх там, чысцілі — немагчыма ж трываць. Сярод ночы двойчы будзяць, грукаюць у дзверы, мусіш назваць імя-прозвішча, паверка ў іх такая.
— А куды чалавек можа падзецца з каменнага мяшка?
— Ды нікуды. Проста каб яшчэ раз паздзекавацца. Прыбіральня ў камеры нічым не закрытая, вентыляцыя кепская. Усе кашляюць, заражаюцца адзін ад аднаго. Калі да дзвярэй падыходзіць лекарка, уся камера стаіць у чарзе па таблеткі.
— Як ставіліся да пажылога беларускамоўнага чалавека ахоўнікі?
— Па-рознаму было. Хоць мяне не білі. А вось затрыманага разам са мной маладога чалавека ў Фрунзенскім РАУСе на маіх вачах нейкі садыст збіў на горкі яблык. Проста так, пазаймаўся фізкультурай… У ізалятары мяне выклікáлі на допыты, нейкія прымітыўныя пытанні задавалі. Я кажу: пакажыце мне закон, дзе напісана, што значок ТБМ з’яўляецца забароненым. Эмблема на ім — гістарычная, а не палітычная. Значыць, я не за палітыку сяджу, а за гісторыю? А яны толькі рукамі разводзяць і плячыма паціскаюць: маўляў, гэта не наша справа, мы павінны з вамі прафілактычную гутарку правесці.
— А як сакамернікі ставіліся да таго, што сядзяць з мастаком?
— Выдатна ставіліся. Там многія прафесіі былі прадстаўлены — і эканамісты, і медыкі, і рабочыя. Трапляліся і беларускамоўныя, і тыя, хто спрабаваў па-беларуску гаварыць. А хто не размаўляў — з прыемнасцю слухалі. Я сваім сакамернікам чытаў на памяць Янку Купалу! Яго паэму «На Куццю». У адной камеры прачытаў, потым у другую перавялі — там прачытаў, у Магілёў перавезлі — і там прачытаў…
— Дык можа, вас і пераводзілі-перавозілі, каб вы Купалу паўсюль чыталі?
— Можа быць (смяецца). Я некалькі гадоў рабіў цыкл карцін па паэме Купалы, то і вывучыў на памяць. Слухалі, скажу я табе, з вялізнай увагай. Як там ганцы пераказваюць князю жаданні народныя: «За мною ўсцяж і тут і там / іх вусны бледныя шапталі: / "Аддайце песню нашу нам! / Нашто схавалі-расхапалі?"» Альбо: «Не ўмруць, не ўмруць ужо яны, / раз хочуць сонца, славы, песні; / заб’юць ім зычныя званы / прабудным звонам напрадвесні…» Я тлумачыў, што паэма «На Куццю» была пры бальшавіках увесь час забаронена, што Купалу самога цягалі на допыты ў ГПУ, што ён нават рабіў спробу самагубства. Многія пра гэта нічога не ведалі.
— Чым кіруецца рэпрэсіўная машына ў Беларусі? Як вам гэта ўбачылася, што называецца, знутры?
— Кіруецца яна страхам, і гэты самы страх спрабуе навязаць усяму народу. Машыну гэтую ў 2020 годзе ўлада як спіхнула ў каляіну страху, так яна па ёй і едзе. Рухаецца па інерцыі. Праўда, у сістэме нямала фанатаў гвалту. Дэградацыя яе пасля прэзідэнцкіх выбараў відавочная. Чаму так адбылося? Я лічу, што тут папрацавалі эскадроны адборных галаварэзаў, не беларускіх. Сваім беларускім калегам яны паказалі прыклад, як трэба здзекавацца з людзей. Я так думаю. Скажыце, для чаго мне, звычайнаму «пятнаццацісутачніку», надзяваць на рукі кайданкі? На дзесяць хвілін выводзяць — абавязкова ў жалезках (так было ў Магілёве). Заходзіш у камеру, рукі ў фортку прасоўваеш — тады здымаюць. Стаўленне — як да жорсткага злачынцы.
— Алесь Пушкін за кратамі ўжо амаль год. Яму інкрымінуецца «апраўданне нацызму», чаго няма ў аніводным Алесевым творы. Як вы лічыце, за што насамрэч ён трапіў за краты?
— Мне ў гэтым бачыцца хутчэй помста ўлады — за тое, што Пушкін шмат гадоў паслядоўна змагаецца за Беларусь і свабоду творчага самавыяўлення. Прычапіліся да яго партрэта Яўгена Жыхара. А той са зброяй у руках змагаўся і супраць фашызму, і супраць сталінізму. Дарэчы, той партрэт раней выстаўляўся на розных выставах, і не было ніякага парушэння. Так, як мяне асудзілі за значок і напісалі, што браў удзел у недазволенай акцыі, так і Пушкіну напішуць. Тым больш, ён і ў турме паказвае сваю нязломнасць, цвёрдасць і аптымізм. А мы бачым, што рэжым дамагаецца ламаць людзей псіхалагічна, каб яны хадзілі, апусціўшы вочы і не гледзячы на свет божы. А Пушкін не ламаецца! Таму яны і цягаюць яго туды-сюды, валтузяць.
— «Саюз мастакоў Беларусі» налічвае больш за 1000 сяброў. Нешта не прыгадваю, каб мастакі абаранялі Пушкіна нейкімі магчымымі спосабамі, каб СМ як арганізацыя заступіўся. Ды і за вас, калі вы сядзелі, ніхто голасу не падаў. Чаму так?
— Суполка «Пагоня» спрабавала выступіць у абарону Пушкіна, але нам адміністрацыя адразу сказала: «Вы паставіце Саюз мастакоў пад удар. І калі потым будуць прыменены супраць нашай арганізацыі санкцыі, на вас і ляжа адказнасць». Кіраўніцтва саюза стараецца захоўваць нейтралітэт, каб і ваўкі сытыя былі, і авечкі цэлыя. Вельмі баіцца, што СМ могуць закрыць, як закрылі летась «Саюз пісьменнікаў». Я гэты нейтралітэт не прымаю, але, разам з тым, не магу і асуджаць. «Саюз мастакоў» і яго маёмасць мне не належаць. Я адказны за свае творы, і тут мне саромецца няма чаго. А за арганізацыю павінна адказнасць несці кіраўніцтва. Яны хай і прымаюць рашэнні. Мая думка, маё жаданне не зменяць нічога. Таму і асуджаць кагосьці не бачу сэнсу.
— Пра вайну ва Украіне што думаеце? Вязні пра яе з якіх крыніц атрымліваюць новую інфармацыю?
— Ад новых зэкаў. Хто прыходзіць, адразу першае пытанне: што там ва Украіне? Беларускае войска, я лічу, па-ранейшаму можа туды трапіць. Калі гэтага захоча Крэмль. Яму трэба будзе — пашлюць нашых салдат, афіцэраў і генералаў, яны нават не чмыхнуць. Але для Лукашэнкі гэта вельмі небяспечна. Бо хто дасць гарантыю, што генералы, калі іх папруць з Украіны, не павернуцца на 180 градусаў і не скажуць: «Пайшоў прэч, ты нам ужо надакучыў!» І тады не народнае мірнае выступленне будзе, а ўзброенае — вось што для рэжыму стане поўным фіяска. Гэта цяпер генералы свайму галоўнакамандуючаму гатовы боты чысціць. А пасля могуць і морду начысціць. Таму лепш трымаць іх тут, пад сваім крысом. З вайны, як вядома, вяртаюцца ці са шчытом, ці на шчыце, і абодва варыянты рэжыму нічога добрага не абяцаюць.
— Як вы ўспрымаеце папрокі ўкраінцаў, што «Беларусь — агрэсар», што беларусы на баку Расіі і г. д.?
— Я іх разумею — з нашай тэрыторыі ляцяць на іх зямлю ракеты. Але няхай і яны нас зразумеюць — Крэмль фактычна акупаваў нашу тэрыторыю, ён распараджаецца нашымі аэрадромамі, нашай інфраструктурай. Я добра ведаю ўкраінцаў, тры гады пражыў ва Украіне, у Данбасе. Там ГПТВ скончыў у Луганскай вобласці, у Кіраўскім раёне працаваў на Петраданецкім рудніку. У мяне там было шмат сяброў з розных рэгіёнаў Украіны, яны прыязна ставіліся да нас, беларусаў, толькі дзівіліся: «А шо це таке, Сашко, чому вы між собою не балакаетэ на рідный мові?» Я спрабаваў неяк ім тлумачыць… У вучылішчы я быў вызвалены ад вывучэння ўкраінскай мовы, але хадзіў на заняткі як вольны слухач.
— Ваш калега Аляксей Марачкін пасля зняволення напісаў цэлую паэму пад назвай «Акрэсціна». А вы неяк мяркуеце па-мастацку асэнсаваць свае «суткі»?
— У камеры моладзь, даведаўшыся, што я мастак, пыталася: «Дзедушка, а вы нас намалюеце?» «Не дзедушка, а спадар Алесь», — адказваў я ім. Ну і так, паабяцаў намаляваць, стараўся запомніць іх абліччы. Хоць, я гэта добра ўсведамляю, пісаць творы на падобныя тэмы досыць рызыкоўна. Таму што можа адбыцца адваротны эфект, як было з «Лічбамі на сэрцы» Міхаіла Савіцкага. Калі ён у свой час напісаў свой вядомы канцлагерны цыкл, было многа шуму. І ў ГДР, здаецца, у Берліне яму зрабілі выставу. Разлічана яна была на месяц, а згарнулі яе праз два тыдні. Чаму? Спачатку людзі ішлі, а потым перасталі, затое пайшлі брытагаловыя неанацысты. І калі арганізатары пачыталі кнігу водгукаў, то жахнуліся ад запісаў накшталт: «Слава Савіцкаму, слава Гітлеру!», «Дзякуй мастаку Савіцкаму за праўдзівы паказ дзеянняў фюрэра!» Усе былі проста ашаломлены — ухваленне нацызму! Вось як можа быць.
— Нездарма сказана паэтам: «Не дадзена нам адгадаць, як наша слова адгукнецца».
— Не дадзена. Таму з падобнымі тэмамі трэба працаваць абачліва. Бо карціна звычайна выклікае павышаную ўвагу да таго, што на ёй намалявана. І калі зло пісаць рэалістычна, гэта можа ўзбуйніць і пашырыць яго, прыцягнуць увагу.
— Гэта як на змяінае джала праз мікраскоп глядзець.
— Так, а прызначэнне мастацтва адваротнае — быць на баку дабра. Значыць, трэба шукаць рашэнні, вобразы і сімвалы, якія абуджалі б пачуццё справядлівасці. Але і зусім не паказваць зло нельга! Трэба паказваць, але неабходна зарыентаваць чалавечае пачуццё, думку ў патрэбным кірунку.
— Знаходжанне за кратамі нешта змяніла ў вас?
— Што мне ўжо мяняцца, я жыццё пражыў. Для маладых гэта добрая навука. Людзі, якія пабывалі ў беларускіх турмах, думаю, пранікнуцца яшчэ большай злосцю да гэтага рэжыму, які спрабуе прынізіць, зняважыць, растаптаць чалавека. Але мы не маем права ламацца. Сёння само існаванне Беларусі пад пагрозай. Нам застаецца стаяць да апошняга.