Алесь Пушкін на судзе зладзіў своеасаблівы перфоманс

У Мінскім гарадскім судзе 10 сакавіка пачынаецца разгляд крымінальнай справы палітвязня, вядомага беларускага мастака і перфомера Алеся Пушкіна, паведамляюць праваабаронцы.

pushkin_sud_2.jpg

Яго абвінавачваюць у здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).

Справу разглядае суддзя Алена Шылько.

Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка ў доме Пушкіна адбыўся ператрус.

Сутнасць абвінавачання

Затрыманню папярэднічала ўзбуджэнне 26 сакавіка пракуратурай Гродна крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна, а таксама кіраўніка прыватнай установы “Цэнтр гарадскога жыцця” Паўла Мажэйкі і іншых асобаў “за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму”, па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы).

Павел Мажэйка быў затрыманы, але пазней вызвалены без прад’яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў.

Як паведамілі ў пракуратуры, падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы “Цэнтр гарадскога жыцця” 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна. Паводле паведамлення пракуратуры, у ходзе выставы Алесь Пушкін “характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні”.

У канцы лістапада 2020 года стала вядома, што мастака накіравалі на правядзенне псіхіятрычнай экспертызы. У сярэдзіне снежня 2021 Алесь вярнуўся ў СІЗА-1.

Напрыканцы мінулага года было выстаўленае канчатковае абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: паводле ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асобай) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). 12 студзеня 2022 справа была перададзеная ў суд.

У залі прысутнічае шмат супрацоўнікаў міліцыі. На самым пачатку судовага працэсу Пушкін своеасаблівы перформанс — лёг на лаву. А калі суддзя папрасіў падняцца, ён заявіў пра тое, што ў яго кайданкі, і няхай яго падымае канвой. Усіх наведнікаў выдалілі з залі суда.