Паўла Вінаградава пачалі судзіць у закрытым судзе

Суд над палітзняволеным актывістам Паўлам Вінаградавым зрабілі закрытым — баяцца за захаванасць прыватнай інфармацыі

pavel_vinahradau_1.jpg

Справу Паўла сёння, 10 сакавіка, пачаў разглядаць Мінскі абласны суд. Пра тое, што суд зрабілі закрытым, паведамляе на сваёй старонцы ў фэйсбуку Святлана Вінаградава.

«Працэс над Паўлам Вінаградавым закрылі (( Баяцца за захаванасць даных. Хоць паколькі ні Паша, ні яго абаронца не былі пад падпіскай, усе даныя матэрыялаў справы ўжо выдадзеныя і, напрыклад, мне вядомыя. Паша бадзёры і прыгожы!» — напісала яна.


Нагадаем, блогера і актывіста Паўла Вінаградава затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Вядома, што Павел стаў фігурантам крымінальнай справы па трох артыкулах — арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на прэзідэнта) і арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).