Мінгарсуд ліквідаваў «Радзіславу»
Мінскі гарадскі суд ліквідаваў ГА «Радзіслава», паведамляюць праваабаронцы. Пасяджэнне адбылося ўчора, 9 сакавіка. З учорашняга дня перастала працаваць гарачая лінія «Радзіславы», на якую можна было звярнуцца па падтрымку ў любы час сутак.

Нагадаем, яшчэ ў верасні 2021 года стала вядома, што ДФР КДК накіраваў у Мінгарвыканкам прапанову аб ліквідацыі арганізацыі. 14 студзеня 2022 года ў прадстаўніц праўлення арганізацыі і іх сваякоў прайшлі ператрусы. Былая кіраўніца ГА Вольга Гарбунова знаходзіцца ў СІЗА з 9 лістапада 2021 года, адзначае REFORM.by.

«Радзіслава» працавала з 2002 года. Арганізацыя дапамагала пацярпелым ад гвалту жанчынам, у тым ліку надаючы ім прытулак. Значную частку працы выконвалі актывісты і валанцёры на добраахвотных пачатках.